У панядзелак адбылося пасяджэнне раённага штаба па недапушчэнні ўзнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Капыльскага раёна.
Яго ўзначаліла першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк. У склад штаба ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу зацікаўленых службаў.
Ірына Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу прысутных на неабходнасці быць вельмі пільнымі і прыкласці ўсе намаганні па недапушчэнні гэтай небяспечнай для хатняй жывёлы хваробы. Былі дадзены адпаведныя даручэнні. Асаблівая ўвага была скіравана на работу лясной гаспадаркі і раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, паколькі небяспека можа ўзнікнуць і па прычыне хваробы на АЧС дзікіх свіней.
Як паведаміў галоўны ветэрынарны ўрач раёна Анатоль Ладыга, усе свінагадоўчыя фермы і свінакомплексы раёна абследаваны на прадмет адпаведнасці іх біялагічнай ахове ад небяспекі распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Выяўленыя недахопы тэрмінова ліквідаваны.
Аднак і жыхары населеных пунктаў, на падвор’ях якіх утрымліваюцца свінні, павінны быць вельмі ўважлівымі: не пускаць старонніх у свае гаспадарчыя пабудовы, трымаць жывёлу толькі ў памяшканнях, пастарацца пазбавіцца ад грызуноў, якія таксама могуць быць пераносчыкамі інфекцыі, ні ў якім разе не набываць камбікорм у заезджых гандляроў. Па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць, лепш за ўсё раіцца са спецыялістамі.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии