Даўно скончылася Вялікая Айчынная вайна, але яшчэ жывуць людзі, у чый лёс яна, праклятая, увайшла назаўжды. Таццяна Аляксандраўна Бурак, капылянка, 1931 г.н., у дзявоцтве Куліковіч. У яе вайна адабрала дзяцінства, адабрала і трох братоў. Гэты аповед, выціраючы раз-пораз непаслухмяныя слёзы, вядзе Таццяна Аляксандраўна.
Пачатак
“У чэрвеньскія дні 1941 года тата наведваў сваякоў тут жа, у Капылі. Вярнуўся і кажа маме: “Каця, пачалася вайна”. У нашай сям’і было шмат фотаздымкаў братоў, якія служылі ў Чырвонай Арміі, кніг, савецкіх газет. Тата выкапаў яму каля склепа, туды ўсё і схаваў. На жаль, нічога не захавалася…
[caption id="attachment_28227" align="aligncenter" width="443" caption="Сямейная фотахроніка"]

[/caption]
У той дзень, калі прыйшлі немцы, я была ў сяброўкі Земы, якая жыла на ву- ліцы Цімкавіцкай, гулялі з цацкамі. Як вярнулася дамоў, маці насварылася на мяне. Бачу, на нашай вуліцы стаяць вялікія нямецкія машыны. Фашысты забралі ў нас кабана, раскідалі плот, знішчылі сад. За нашым домам быў поплаў (цяпер дзіцячы сад №6). Там ворагі паставілі палявую кухню. Здаровыя такія. Прымусілі маці гатаваць ім ежу. Але надоўга не затрымаліся: гэта былі перадавыя часці. Акупацыйныя з’явіліся пазней.
Аднойчы, калі я з сяброўкамі Тамарай і Земай вярталася праз лес, убачыла параненага салдата, у якога была забінтавана галава. Ён сядзеў на зямлі. Я аддала яму свой кавалак сала і хлеб.
Памятаю, як у раёне Кунтараўкі (недалёка ад цяперашняга гаргазу), мы (а з намі яшчэ тры сям’і) хаваліся ў кустах ад самалётаў, якія бамбілі Капыль. Яны наляцелі ноччу, асвятлялі тэрыторыю, гулі жудасна і скідвалі бомбы. Было вельмі страшна.
А назаўтра пачалося сапраўднае ваеннае жыццё. Прыйшлі цяпер ужо акупацыйныя войскі. Немцы пераварочвалі куфры: шукалі каштоўныя рэчы.
Адзін з тых ваякаў паказваў нам фотаздымак сваёй сям’і, плакаў, казаў, што не хацеў ваяваць. Вельмі баяўся, што з вайны не вернецца, таму і шкадаваў сваіх дзетак”.
Акупацыя
“Мяне выгналі на работы: на тэрыторыі масласырзавода адгружалі машыны з бульбай, якія ішлі на фронт. Я была такая малая, што мне вельмі цяжка было махаць вялікім шуфлем.
Аднойчы да нас прыйшоў сын знаёмага, які (дарэчы, як і яго бацька) служыў у паліцыі, толькі ў Мінску, - вялікая шапка, чорны кіцель, высокія боты - і кажа:
- Дзядзька Алесь, ідзіце на работу!
- Я ўжо адну адправіў, колькі можна, - спрабаваў бацька супраціўляцца.
- Так што, я за цябе пайду? Зараз я табе пакажу! – гаркнуў вылюдак.
Прыйшлося ісці і бацьку. Усе суседзі хадзілі да немцаў на работы. Але тата казаў: “Усё адно фашыстаў прагоняць. Шмат людзей загіне, але прагоняць”.
У час вайны, як я памятаю, працаваў адзін магазін, які знаходзіўся “на абрыве” (так называлі месца, дзе цяпер працуе магазін “Волшебница”). Там прадавалі каралі, хлеб, гаршчкі, нямецкія брошкі. За прадаўца быў Дзяшкоў Яша.
[caption id="attachment_28229" align="aligncenter" width="295" caption="Т. Бурак (Куліковіч)"]

[/caption]
Да вайны я вучылася ў сярэдняй школе №1. Гэта быў двухпавярховы драўляны будынак. Аднойчы ноччу прачнуліся, бацька кажа: “Глянь, Каця, якое на небе зарава: мусіць школа гарыць”. Так, гэта школа і гарэла: у ёй жылі немцы, каб выратавацца ад холаду, яны палілі печкі саломай. Ды і не даглядзелі”.
Забойствы
“Памятаю, як знішчалі яўрэяў, іх на нашай вуліцы жыло многа. Некаторыя спрабавалі адстрэльвацца з паддашаку дамоў, куды ворагі лезці баяліся. Сталі падпальваць хаты і страляць у тых, хто спрабаваў выратавацца. У сакавіку, калі пачаў раставаць снег, замест талай вады ў нашу рэчку цякла сапраўдная кроў.
З адной яўрэйскай дзяўчынкай мы сябравалі. Але і яе забралі ў гета. Тады я папрасіла маму, каб яна наліла масла ў дзве бутэлькі, і разам з Грыннікавай Машай панесла туды. Падышлі да агароджы і ціха так паклікалі. Яна пачула і падышла, забрала тое, што мы прынеслі, а мне падаравала партрэт з пунсовай ружай на шкле. На жаль, ён згінуў — як і яго ўладальніца.
Недалёка ад нашай хаты жыла яўрэйская сям’я, у якой было два сыны і дзве дачкі. Адна з іх, вельмі прыгожая, была замужам за ваенным, мела дачушку. Якраз перад самай вайной прыехала з Мінска да бацькоў. Перад тым, як іх усіх забралі ў гета, стары Міхаль прыйшоў да бацькі ды просіць:
- Алесь, забяры ўнучку Розачку. Дам табе золата – на ўсё жыццё хопіць.
Але тата, плачучы, не змог схаваць дзяўчынку: навокал адны паліцаі, ды і я ж малая была. Так і загінула сям’я Ехале- вічаў: Міня, Лея, Гедаль, Мейша, маленькая Розачка.
Стралялі яўрэяў і на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца магазін “Бульбачка”. Выкапалі яму, куды кідалі загінуўшых. Калі не хапала месца - вывозілі ў лес. Дзіцячая цікаўнасць прымусіла нас пайсці туды і паглядзець. Вялікая яма, у якой ляжалі ўжо пасінелыя целы дарослых і дзяцей. Пясок паспеў уесціся ў ногі забітых, ад чаго яны зрабіліся тоўстымі. Жудасна.
Мой бацька меў чорныя валасы. Немцы двойчы прыходзілі да нас: “Юд! Юд!” Але мама кідалася ў ногі, плакала: “Мы рускія! Паглядзіце, у нас абразы вісяць”. Неяк выпрасіла.
Аднойчы я ішла да царквы. Бачу, бягуць людзі. Да шыбеніцы вялі нейкага мужчыну ў шэрым плашчы. Зацягнулі на памост. У таго чалавека валасы аж дыбам усталі, але ён не крычаў. Далей я не змагла глядзець, пабегла”.
Сястра
“Пры немцах на кожным доме вісеў спіс усіх жыльцоў, хто і з якога года нараджэння. Прыйшлі паліцаі, пачалі шукаць сястру Аляксандру. Недзе ў 1943-м гэта здарылася. Ёй споўнілася 17. Забралі. Так яна трапіла спачатку на востраў Макендам на рацэ Эльбе. На работу вазілі на параходзе: разбіралі рэйкі на чыгунцы. Рабілі па 12 гадзін у дзень. Потым перавезлі на работу ў Гамбург, на фабрыку, дзе выраблялі фанеру. У Гамбургу таксама жылі ў бараку. Заўсёды былі галодныя-халодныя. Да вязняў звярталіся па нумарах. Нумар Аляксандры – 644. Вызвалілі іх англійскія войскі 3 мая 1945 года”.
Браты
“Брат Міхаіл меў дрэнныя слых і зрок пасля перанесенай у дзяцінстве залатухі, таму і не трапіў на фронт у пачатку вайны. Неяк ішоў ён па Капылі ў бок царквы. Каля канторы КБА, дзе месцілася жандармерыя, стаялі шыбеніцы, на якіх акрамя дарослых віселі і малыя дзеткі. Не вытрымаў Міхаіл, звярнуўся да паліцаяў, што стаялі побач: “А малых за што павесілі? Што яны зрабілі?” Адзін з тых гадаў не разгубіўся і тут жа пабег у жандармерыю: “Вунь партызан пайшоў!” Мішу схапілі, збілі так, што нават твару не было бачна, пасадзілі ў турму. Ды спецыяльна для яго пачалі будаваць новую шыбеніцу, бо ўсе былі “занятыя”.
Да бацькі прыбегла нейкая жанчына і папярэдзіла: “Мішу вашага вешаць будуць скора!” Бацька вырашыў: трэба вызваляць сына. Пабег да знаёмага, які служыў у паліцыі, аддаў яму золата. Так Мішу і адпусцілі. Але ён не паспеў забраць свой пінжак, у якім былі дакументы, у прыватнасці, тая даведка, якая сведчыла аб дзіцячым захворванні. Таму і трапіў на фронт у 1944 годзе. Ён памёр ад ран у далёкай Грузіі ў снежні таго ж года. Калі яго паранілі (аб гэтым ён паспеў напісаць жонцы Зінаідзе са шпіталю), Міхаіл праляжаў на полі амаль тры дні, пакуль яго ўбачылі нейкія людзі. Прывезлі ў шпіталь. Каб выратаваць, трэба было зрабіць аперацыю на назе, пасля якой яна б зменшылася на 4 см. Вельмі перажываў з-за гэтага. Аднак пасля аперацыі ён памёр.
Загінулі ўсе браты: Фёдар – у 1941 го- дзе ў Запарожжы, Васіль – у 1944 годзе на Львоўшчыне. Дарэчы, Фёдар быў старшым сяржантам, вучыў навабранцаў. На фронт ён трапіў з тэрміновнай службы, куды пайшоў у 1938 годзе. Да гэтага часу, як і Васіль, змагаўся ў Фінляндыі”.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з сямейнага архіву
Комментарии