Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Вёска Лугавая

03.07.2013
Пра вёску Лугавая Капыльскага раёна, якая ў час вайны і яшчэ доўга пасля называлася Свінка (ад прозвішча пана Свінарскага, у якога тут быў маёнтак), на наш погляд, мала што вядома: і пра яе гісторыю, і пра яе жыхароў.У меру сіл і здольнасцей сваіх хачу расказаць пра вёсачку маю, калыску сноў і мар маіх дзіцячых, дзе нарадзіліся, жылі і паміралі мае дзяды, прадзеды, прашчуры. Нягледзячы на тое, што вёсачка знаходзілася (ды і цяпер знаходзіцца) у глухім месцы, далёка ад шасейных дарог, яна ўсё ж такі дала нашай Радзіме шмат вучоных у розных галінах навукі, ваенных спецыялістаў, герояў вайны, наогул, інтэлігенцыі ў розных галінах асветы і культуры. Невыпадкова ў час Вялікай Айчыннай вайны тут асталяваўся штаб партызанскіх брыгад пад камандаваннем начальніка штаба Яроменкі. З нашай вёсачкі было нямала партызанаў: усе дарослыя мужчыны, каму было дастаткова гадоў для ваеннай службы (і нават каму крыху не хапала), добраахвотна пайшлі ў партызанскія атрады, каб змагацца з лютым ворагам. Аб гэтым сведчаць баі ў Старыцы, Лавах і іншыя, дзе мужна і па-геройску змагаліся нашы аднавяскоўцы. А таму фашысцкія карнікі разам з паліцаямі рабілі налёты на нашу вёску і, у першую чаргу, катавалі партызанскія сем’і, дапытваючыся, дзе знаходзяцца партызанскія атрады, у якіх змагаліся з фашыстамі іх мужы, сыны, браты, сваякі. У мяне і цяпер стаіць перад вачыма, як білі жанчыну-маці, якая мела сына-партызана, каб даведацца, дзе і ў якім партызанскім атрадзе знаходзіцца гэты надзвычай адважны і смелы воін Багдановіч Кім. У адным з баёў з фашысцкімі вырадкамі ў рукапашнай схватцы ён адабраў у ворагаў ручны кулямёт і тут жа “касіў” з яго фашыстаў. Катавалі гэту жанчыну – Багдановіч Галіну – яшчэ і за тое, што яе муж, Ігнат, быў інтэндантам у партызанскіх брыгадах. Паліцаі хацелі ўзяць яго жывым. А ён, хаваючыся ад іх на мяжы дзвюх сядзіб сялян-аднавяскоўцаў, надзеў на сябе пусты вулей. І ворагі не маглі здагадацца, куды ён падзеўся, а таму збілі яго жонку так, што тая была мокрая ад крыві. Пасля павялі яе на вуліцу, каб сяляне бачылі і разумелі, што будзе так з кожным, хто звязаны з партызанамі. Далей падвялі яе да пустога склепа, кінулі туды і зрабілі некалькі чэргаў з аўтамата, але Бог мілаваў яе: кулі абмінулі жанчыну. Дажыла Галіна да 96 гадоў. І яшчэ адну драматычную гісторыю аб тым, як ненажэрныя звяры здзекаваліся з партызанаў, мне хацелася б расказаць. Сакавіцкай ноччу 1943 года прыйшоў з партызанскага атрада дамоў Бендзь Аляксандр, каб пераапрануцца, узяць з сабой харчоў, разведаць, што робіцца ў вёсцы. Раніцай яго схапілі паліцаі і пачалі катаваць, дапытваючыся, дзе знаходзяцца партызаны. Аднак мужны Аляксандр, прыняўшы нясцерпныя мукі, не сказаў ворагам ніводнага слова. Тады яны гарачым шомпалам выкалалі яму вочы, праткнулі ноздры і вушы. Будучы падлеткам, я доўга стаяў з напоўненымі слязьмі вачыма перад закатаваным партызанам, які адзінока ляжаў пасярод вясковай вуліцы на сялянскай лаве. З вызваленнем Беларусі ад фашызму ў ліпені 1944 года партызаны разам з савецкімі воінамі працягвалі барацьбу супраць фашысцкай акупацыі народаў Еўропы, а разам з імі былі мабілізаваны на ваенную службу ўсе мужчыны прызыўнога ўзросту. Вялікая Айчынная вайна была самай крывавай. Яна забрала 30 мільёнаў чалавек з былога Савецкага Саюза. Беларусь на алтар Перамогі прынесла найбольшую колькасць ахвяраў: загінуў кожны трэці, было спалена 186 вёсак разам з жывымі людзьмі, ужо не кажучы пра тыя вёскі, што былі знішчаны пры бамбёжках ці пры абароне рубяжоў нашай краіны. А колькі засталося абяздоленых – удоў і дзяцей? З нашай вёсачкі не вярнуліся з крывавых  палёў 29 чалавек, што са зброяй у руках на франтах вайны па-геройску змагаліся з ворагам за вызваленне нашай краіны і краін былога Савецкага Саюза, народаў Заходняй Еўропы. І толькі цяпер, у 2009 годзе, у нашай вёсачцы пры дапамозе абласных і раённых улад у прыватным парадку ўдалося зрабіць невялікі мемарыял з помнікам, на якім увекавечаны прозвішчы і імёны загінуўшых на вайне воінаў-аднавяскоўцаў. Вельмі хочацца верыць, што ўсе сумленныя людзі і ніколі не забудуцца пра тых, хто мужна і па-геройску абараняў сваю Айчыну ад фашызму і хто вызваліў нашу зямлю ад лютага ворага, хто вызваліў мільёны ваеннапалонных і мірных жыхароў з фашысцкіх канцлагераў, хто даў свабоду народам Заходняй Еўропы і хто ўстанавіў мір на зямлі. Подзвіг іх – бессмяротны. Антон ГУРСКІ, кандыдат філалагічных навук Фота Дзіяны ТКАЧЭНКА      

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей