Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

Свята Будслаўскай iконы

08.07.2013
У гэтыя дні Рыма-каталіцкая Царква (Касцёл) на Беларусі святкуе 400-годдзе з таго часу, як у мястэчка Будслаў, што на Мядзельшчыне, была прывезена ікона Багародзіцы з дзіцяткам Езусам. У хуткім часе вернікамі яна была прызнана цудадзейнай, а ў навейшай гісторыі Беларусі Маці Божая Будслаўская (афіцыйная назва іконы) была аб’яўлена галоўнай апякункай Мінска-Магілёўскай архіепархіі (архідыяцэзіі), а велічная будслаўская святыня (храм, касцёл), дзе знаходзіцца ікона – нацыянальным (фактычна, галоўным для католікаў лацінскага абраду на Беларусі) санктуарыюмам (з лацінскай мовы – святыня, месца для захоўвання святых рэчаў). У сувязі з такім пачэсным юбілеем выдаецца неабходным распавесці ўсю доўгую гісторыю гэтай іконы. Пажадана было б даведацца і пра з’яўленне касцёла, які з-за сваіх вялікіх памераў і асаблівасцей архітэктуры ўжо сам па-сабе з’яўляецца беларускай святыняй, духоўнай і культурнай каштоўнасцю. Вельмі многіх моцна зацікавілі б падрабязнасці пра прызнаваныя гэтай выяве Багародзіцы і Дзіцятка Езуса цуды, асабліва фізічнага аздараўлення. Усё гэта ў большасці выпадкаў і было б зроблена. Але справа ў тым, што самыя вялікія Божыя цуды, якія былі ў гісторыі існавання Іконы Маці Божай Будслаўскай, адбываюцца ЗАРАЗ!  Ніколі гэты абраз не цешыўся такой любоўю і павагай каталіцкай супольнасці на Беларусі, пачынаючы ад вышэйшага духавенства і заканчваючы звычайнымі вернікамі, як у апошнія 20 год лучна з сённяшнім днём. Але і гэта яшчэ не самае важнае. І на пачатку – пытанне. Што такое цуд? Калі казаць аб звычайным людскім разуменні – самым “цудоўным” цудам ёсць аздараўленне чалавека ад нявылечнай хваробы ці калецтва, і, дарэчы, “гэтым аршынам” мераюць моц цудатворных рэчаў, месцаў і, вядома, асобаў. Аднак, ці карэктна называць цудам тое, што ўсё больш і больш становіцца даступным чалавеку ў звычайным парадку: медыцына ў галіне аздараўлення з дня на дзень становіцца ўсё больш дасканалым цудатворцам. Дык што такое цуд? Сапраўдны цуд, у рэлігійным сэнсе, гэта нешта, што можа быць дадзена нікім іншым, як толькі самім Богам. Ці ёсць у свеце лекі ад нянавісці, падазронасці, зайздрасці, абыякавасці, дурноты і іншыя? Ці ёсць сродкі, прыняўшы якія, можна атрымаць здольнасць любіць, верыць, прабачаць, спачуваць?.. Хрысціяне вераць, што рэчы такой прыроды падпарадкаваны непасрэдна Богу і без Яго ўдзелу атрымаць цноты і пазбавіцца заганаў немагчыма. Але як гэта звязана з Буд-слаўскай іконай? З году ў год усё больш і больш людзей ідуць, едуць і нават плывуць (ёсць і такая магчымасць) у Будслаў. Асаблівай з’явай лічацца шматкіламетровыя (ад 40 да 440 км) пешыя пілігрымкі, ад якіх асабліва “вар’яцеюць” дзеці і моладзь, з якіх складаецца мінімум 70 адсоткаў кожнай пілігрымковай групы. Колькі людзей засведчыла, што сапраўдную глыбокую веру яны знайшлі дзякуючы Будславу: ідучы багамольскай дарогаю або перажыўшы навяртанне падчас свята. На пачатку 90-х у Будславе збіралася некалькі соцень людзей, апошнія гады – больш чым 20 тысяч, у гэтым годзе, напэўна, яшчэ больш. Ці ж не гэта і ёсць сапраўдны Цуд Божы, калі многія і многія людзі ў звычайным мястэчку (бо такіх шмат), у звычайным храме (нават у Беларусі ёсць і большыя, і прыгажэйшыя), перад звычайнай іконай (ёсць на нашай зямлі не менш цудоўныя і знакамітыя) атрымоўваюць такія рэчы (па-хрысціянску – дары), якіх ніхто, акрамя Бога, даць не можа? Віншую ўсіх з 400-годдзем з’яўлення на беларускай зямлі іконы Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам, названай Будслаўскай, якая (як мы, хрысціяне, верым) праз неспасцігальны чалавечаму разуменню Божы провід, чамусьці абрала нашае пакаленне, каб напоўніць яго безліччу дароў нябесных. “Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з табою, благаслаўлёная ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння твайго, Езус!” Аляксандр ТАРАСЕВІЧ,    

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей