У Клецку адбыўся конкурс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве сярод дзяцей. Свята праходзіла ў рамках ІІ рэгіянальнага конкурсу дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”, які быў арганізаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Традыцыйная культура і дзеці”. Паказаць сябе і свае здольнасці змаглі 135 удзельнікаў з 16 раёнаў Міншчыны.
У раённым Палацы культуры размяшчаліся выставы юных умельцаў. Тут можна было пабачыць творы, выкананыя ў розных тэхніках: ткацтва, вышыўка, саломка і лозапляценне, разьба па дрэве, жывапіс, кераміка, бісерапляценне, лепка з салёнага цеста (дарэчы, была прадстаўлена толькі нашым раёнам), пляценне паясоў і многае іншае. Творы, якія нясуць цяпло душы і рук маленькіх творцаў, прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў, і ўсе жадаючыя змаглі набыць сувеніры.
Калі пачалася галоўная частка свята – конкурс – ажылі кросны, замільгалі іголкі, а саломка, лаза, дрэва і гліна станавіліся пластычнымі ва ўмелых руках. Работа кіпела на працягу трох гадзін. Пакуль удзельнікі былі засяроджаны на працы, журы ацэньвала конкурсную работу і асабістую выставу ўдзельнікаў. І ўсё ж самы хвалюючы момант свята – падвядзенне вынікаў. Рэната Калпак, Вольга Нікановіч і Любоў Ждановіч, удзельніцы гуртка “Аплікацыя тэкстылем” (Песачанскі ЦКіВЧ, кіраўнік Ганна Віктараўна Стасевіч), сталі дыпламантамі ў намінацыі “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый работы з тэкстыльнымі матэрыяламі”. Аліну Кулеш, выхаванку Ірыны Аляксееўны Шваюк (педагог дадатковай адукацыі ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна)”, узнагародзілі Дыпломам “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый бісерапляцення”. Навучэнку гуртка “Умелыя рукі” Марыю Ганчар (Пацейкаўскі СДК) – Дыпломам “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый вышыўкі”, а таксама каштоўным падарункам. Аляксей Бірук і Кацярына Бубніковіч, навучэнцы “Школы ткачоў” (раённы Цэнтр ткацтва), адзначаны Дыпломамі “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый ткацтва”, а Яне Шчэрбе ў той жа намінацыі быў уручаны Дыплом лаўрэата і каштоўны падарунак. Настассю Лянько, удзельніцу гуртка “Чароўнае цеста”, узнагародзілі Дыпломам лаўрэата “За беражлівае стаўленне да мясцовых традыцый і адраджэнне рэгіянальных тэхнік вырабу твораў” і каштоўным падарункам. Дыпломам лаўрэата “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый бісерапляцення” была адзначана і Настасся Хартановіч. Вельмі прыемна, што гурток “Чароўная бусінка” (РЦТ) быў узнагароджаны Дыпломам рэгіянальнага свята-конкурсу дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” за зберажэнне і творчае развіццё традыцый бісерапляцення. Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва /strong
Комментарии