Вёска Мажа (слова ўтворана ад балтыйскай асновы “мажас” – “малы”) у мінулым мела назву Шастакі (“шосты сын”). Першае апісанне маёнтка з такой назвай датавана 1846 годам. У яго ўваходзіла дзве вёскі: Вялікія Шастакі і Малыя Шастакі, дзе пражывалі 284 прыгонныя селяніны (149 мужчын і 135 жанчын) і 16 дваровых людзей. У 1862-1863 гады барацьба паміж сялянствам з аднаго боку, памешчыкамі і царскімі ўладамі з другога разгортвалася вакол пытання аб прыняцці ўстаўных грамат. Каб падпісаць устаўную грамату, Шастакоўскае сельскае таварыства выбрала шэсць упаўнаважаных. Усе яны ў данясенні называюцца пайменна: Сымон Казіміраў Чаркас, Пракоп Іванаў Гняцько, Мікалай Данілаў Борыс, Іван Сцяпанаў Чаркас, Сымон Герасімаў Чаркас, Іван Крыстафораў Сапешка. Аднак упаўнаважаныя катэгарычна адмовіліся падпісваць дакументы, якія па сутнасці ў законным парадку замацоўвалі новую кабалу. Галоўнымі падбухторшчыкамі выступілі Вікенцій Антонаў Чаркас, Сымон Казіміраў Чаркас і Костак Сцяпанаў Новік. Яны заяўлялі, што рабіць гэта ні ў якім выпадку нельга, таму што ўстаўныя граматы нічога добрага не дадуць. Сяляне не спалохаліся нават тады, калі на падпісанне грамат прыехалі памешчыкі Канстанцін і Іосіф Вайніловічы, Гурскі і Шаблоўскі (відаць, з суседніх маёнткаў). Тут жа знаходзіўся валасны старшыня і цэлае вясковае Шастакоўскае таварыства. Убачыўшы, што справа прымае нежаданы паварот, улады паклапаціліся, каб усё арганізаваць “законным” чынам. Прысутнічалі тры так званыя “пабочныя сведкі”. Вядома ж, узятыя не з шастакоўскіх сялян, бо ніхто на гэта не пайшоў бы, а прывезеныя з Капыля - Бенедык Лушчынскі, Сцяпан Канончык, Якуб Крайнік. Галоўныя зачыншчыкі хваляванняў, В. Чаркас і С. Чаркас, былі аддадзены пад суд і прыгавораны да турэмнага зняволення. Судзілі і К. Новіка. Перад гэтым яго пакаралі ў валасным упраўленні 20 розгамі, а потым узялі з яго на карысць Шастакоўскага сельскага таварыства штраф 5 рублёў серабром. Калгас у вёсцы Шастакі арганізаваўся ў 1935 годзе. А вось вайна 1941-1945 гг. прынесла шастакоўцам шмат гора і пакут. Амаль у кожную хату прынеслі пахавальны ліст, а ў некаторыя сем’і і па некалькі. Многа людзей было вывезена ў Германію як дарэмная рабочая сіла. 9 мая 1942 года непадалёку ад вёскі Шастакі, ва ўрочышчы Гнілуха, адбыўся першы значны бой з фашысцкімі захопнікамі. Аб’яднаныя атрады імя Катоўскага, Чапаева і Будзённага знішчылі звыш 70 гітлераўцаў. У нашай вёсцы жывуць старажылы, якія добра памятаюць усе жахі вайны. Мне давялося сустрэцца з Г. Р. Нікалаеняй. Яна расказала аб сваім лёсе, які склаўся няпроста, але быў напоўнены радаснымі падзеямі. Цёплым вясеннім днём 1934 года ў сям’і Маліноўскіх нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі, як і бабулю, Ганнай. Яна была восьмай у сям’і. Сёння ёй ужо споўнілася 76 гадоў. Гэтага чалавека кожны жыхар нашай вёскі з павагай назаве старажылам: менавіта з біяграфіі такіх людзей складаецца гісторыя кожнай вёскі і ўсяго народа ў цэлым. Перабіраючы фотаздымкі, Ганна Рыгораўна расказвае пра сваё нялёгкае жыццё. Сям’я жыла бедна, бацька і маці працавалі ў калгасе, за працу атрымлівалі збожжа, а дзяцей трэба было апрануць, абуць, пракарміць, таму Ганна з шасці гадоў пачала пасвіць сваю карову і тры каровы аднавяскоўцаў. За кожную карову ёй плацілі пуд збожжа. Ганна правучылася ў школе толькі два гады, а потым пачалася вайна. Колькі паламаных лёсаў і горкіх слёз пакінула яна пасля сябе! Ганна хоць і была ў гады вайны маленькай дзяўчынкай, але ўсё ж такі ў яе памяці засталося шмат жахлівага, пра што не хочацца ўспамінаць. Калі наступалі немцы, жыхары вёскі хаваліся ў лесе, капалі зямлянкі, два тыдні харчаваліся толькі ягадамі і вадой. Добра, што ў Маліноўскіх карова засталася, ім выпадала па кубку малака. Помніць Ганна Рыгораўна, як лютавалі немцы, як забіралі моладзь на працу ў Германію. У 1946 годзе яна разам з сястрою трапляе ва Усходнюю Прусію. Прабыўшы там роўна адзін год, вяртаецца дамоў. У 1951 годзе паехала на працу ў шахты ў Чалябінск, дзе і сустрэла свайго мужа. А ў 1956 годзе вярнулася ў родную вёску. Пасляваенныя гады ўспамінаюцца з цеплынёй: хоць голадна жылі, але дружна. Адзін аднаму дапамагалі. Моладзь збіралася на вячоркі. У кожнай хаце па чарзе танцавалі пад гармонік. У Ганны Рыгораўны вялікая дружная сям’я: два сыны і дачка, ёсць унукі і праўнукі. Праўда не ўсё ў яе жыцці гладка, як хацелася б: пахавала ўнука і нявестку, падкралася хвароба, але ў вачах жанчыны заўсёды свеціцца павага і любоў да людзей. 25 год Ганна Рыгораўна аддала жывёлагадоўлі, за сваю працу атрымала 10 грамат і 25 падзяк, шмат каштоўных падарункаў. Сёння Мажа змянілася да непазнавальнасці. З’явіліся новыя заасфальтаваныя вуліцы з прыгожымі дамамі, ёсць пачатковая школа-дзіцячы сад, магазін, Дом культуры, нават сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Усяго ў вёсцы налічваецца 249 двароў, у якіх жывуць 648 чалавек. Яўгенія ЛЯХ, вучаніца 10 “Б” класа гімназіі №1 г. Капыля
Комментарии