Практычна закончылася нарыхтоўка кармоў з траў першым укосам у ААТ “Скабін”. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Іван Грыбок, ужо пакладзена ў траншэі 3200 тон сенажу, назапашана 4250 тон сена.

Сярод тых, хто сумленна шчыраваў на скабінскіх палетках, і маладыя механізатары. Ушанаваць лепшых з іх прыехалі вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццяна Віяленцій і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў.
Словы шчырай удзячнасці за добрасумленную і плённую працу гучалі ў адрас Андрэя Кучаравага, які на сваім МТЗ-82 з граблямі-варашылкай ГВР-6,2 варочаў, зграбаў шматгадовыя травы, рыхтуючы іх як на сена, так і для назапашвання сянажнай масы. Практычна ўсё сена на прэсе-падборшчыку ПРФ-180 падабраў і скруціў у рулоны Анатоль Карпук. Яму, як і Андрэю, былі ўручаны маланка-падзяка і вымпел ад раённага выканаўчага камітэта і каштоўны падарунак ад грамадскай мала- дзёжнай арганізацыі.
У ліку пераможцаў спаборніцтва сярод маладых удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі ў гэтай гаспадарцы Дзмітрый Князюк, які займаецца кашэннем траў, і Ігар Рай, у распараджэнні якога корманарыхтоўчы камбайн КГ-6 “Палессе”.
Вялікае задавальненне атрымалі героі дня, а таксама іншыя механізатары, якія сталі сведкамі ўшаноўвання іх калег, і ад міні-канцэрта, што для іх падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Скабінскага сель- скага Дома культуры. Гучныя апладысменты пасля кожнага нумара і ўздох расчаравання — “Чаму так мала?” — сталі лепшай узнагародай артыстам.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: выншаванні з перамогай ад удзельнкіаў Скабінскага СДК прымаюць Анатоль Карпук і Андрэй Кучаравы.
Фота аўтара
Комментарии