Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

73

Пачатак Вялікай Айчыннай: забыць не маем права!

23.06.2013
Паводле ўспамінаў былога камісара атрада імя Будзённага, а пазней камандзіра партызанскай брыгады “У імя Радзімы” Янкоўскага М., да Вялікай Айчыннай вайны Капыльскі раён быў адным з перадавых у Беларусі. Нават з’яўляўся ўдзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. (“СП” №139/1967). Пра тое, што пачалася вайна, жыхары Капыля даведаліся ў першы ж дзень з выступлення па радыё ў 12 гадзін наркама замежных спраў Молатава. З боку Слуцка даносіліся выбухі, чулася кананада, а пазней неба завалаклі хмары чорнага дыму. Гэта фашысцкія самалёты скідалі свой смяротны груз на нашы мірныя гарады і вёскі. Пачалася эвакуацыя дзяржаўнай маёмасці. 27 чэрвеня 1941 г. у Капылі з’явіліся першыя падраздзяленні захопнікаў. Неў- забаве пасля гэтага паўсюдна пачалі ўтварацца падпольныя групы і партызанскія атрады: імі былі спалены склады паліва, знішчана неэвакуіраваная маёмасць. Успамінае Аляксандра Іванаўна Астрэйка, у гады вайны вывезеная фашысцкімі акупантамі ў Нямеччыну, якой у 1941 годзе споўнілася 14 гадоў: “Усё было спакойна. Мы радаваліся жыццю, марылі. Але раптам неба завыла, заныла і загуло. Я спыталася ў бацькі:  “Што здарылася?!” Ён адказаў: “Вайна”. Варанко Марыя Васільеўна, 1930 г. н., так расказвала пра пачатак вайны 10 лютага 2005 г. навучэнцам 5 А класа гімназіі № 1 г. Капыля: “Мірным жыццём жылі жыхары вёскі Пацейкі. Але 22 чэрвеня 1941 года і ў наш мірны дом уварвалася вайна. У гэты дзень у вёсцы было вяселле, і з раніцы я з сяброўкамі пайшла гуляць. Калі да абеду я вярнулася дадому, у нас было шмат жанчын. На вачах сваёй мамы я ўбачыла слёзы, плакалі і іншыя жанчыны. І ў сваім доме я ўпершыню пачула слова “вайна”. Пра тое, што нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на краіну, жыхары нашай вёскі даведаліся ў першы дзень з выступлення па радыё ў 12 гадзін народнага камісара Молатава. Назаўжды застаўся ў маёй памяці дзень мабілізацыі жыхароў нашай вёскі ў рады Чырвонай Арміі. Каля школы сабралася шмат народу. Калі пачалася адпраўка ў Капыль, стаяў вялікі шум. Усе плакалі, дзеткі крычалі: “Татачка!”, жанчыны: “Да пабачэння, сынок!»,  сыходзяць мужчыны: “Бывайце!” Для многіх з іх гэта былі апошнія словы сваім блізкім. Большасці з іх не наканавана было вярнуцца. 30 жыхароў нашай вёскі не вярнуліся з вайны. Іх імёны назаўсёды запісаны ў кнізе “Памяць”. 27 чэрвеня  фашысты з’явіліся ў вёсцы Пацейкі. Але першыя, хто ступіў на нашу зямлю, былі знішчаны адступаючымі чырвонаармейцамі з двара Катла Язэпа”. (Успаміны ўзяты з навукова-даследчай работы, падрыхтаванай цяпер ужо выпускніцай гімназіі №1 г. Капыля Надзеяй Вайтовіч пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі С. М. Кубрак). У першыя дні вайны, як пісаў тады яшчэ выкладчык гісторыі капыльскай школы №1 Багдановіч Барыс Канстанцінавіч (“СП” №30/1965 г.), фашысты дашчэнту спалілі вёску Старыца. Карнікі аблівалі бензінам і падпальвалі параненых чырвонаармейцаў. Было знішчана шмат камуністаў і іх сем’яў. Жывой закапалі ў зямлю Чарнушэвіч Марыю Ягораўну, а яе сям’ю расстралялі. Не крануў дзіцячы плач чатырохгадовай дачушкі Краўцова К. Е. з Душава, якую нямецкія вылюдкі заставілі распрануцца і загадалі лезці на плот. Яна прасіла літасці. Але дзяўчынку і яе маленькага браціка расстралялі. На вачах тых, хто працаваў у той безлітасны час у Капыльскім радзільным доме, разарвалі на кавалкі і кінулі ў памыйную яму двухдзённае дзіця Шчурскай Марыі Васільеўны з вёскі Руднае, а затым павесілі і яе. Блукаючы па пажаўцелых ад часу старонках раёнкі, я з цікавасцю даведалася з невялічкага допісу зноў-такі Багдановіча Б. К., што ў той час, калі ў 1944 годзе праз Капыль рухаліся нашы войскі, падчас нечаканай бамбёжкі на вуліцы Савецкай было забіта трое байцоў. Але жыхары Шпакоўская В., Машына П., Ліннік Ц., Курыльчык А. не засталіся ўбаку: яны пахавалі воінаў на гэтай жа вуліцы насупраць дома №66. Брацкую магілу доўгі час даглядалі жанчыны, а потым – вучні капыльскай школы №1. (“СП” №49/1965 г.). (Пазней рэшткі савецкіх байцоў былі перазахаваны ў брацкую магілу, якая знаходзіцца па вуліцы Цімкавіцкай. – Рэд.). На адным са здымкаў, змешчаных у “СП” №11/1968 г., бачна, як фашысцкія каты вешаюць маладую дзяўчыну. Сваю дачку Марыю пазнаў Васіль Удавеня: “Маню арыштавалі тады, калі яе дзіцяці было чатыры дні. Я сам быў у Капылі, калі яе вешалі, бачыў павешаных”. Уся віна маладой жанчыны заключалася ў тым, што яна была жонкай афіцэра Чырвонай Арміі. У тым жа 1942 годзе павесілі 16-гадовага хлапчука Занко Івана з вёскі Руднае. Акупацыя працягвалася крыху больш за тры гады. 1 ліпеня 1944 г. Капыль быў вызвалены. У памяць пра воінаў-вызваліцеляў на скрыжаванні вуліц Цімкавіцкай і Партызанскай быў устаноўлены помнік. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота з архіва краязнаўчага музея Капыль. 1942 г.  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей