Курганны могільнік – месца пахаванняў людзей у старажытнасці, адзін з самых распаўсюджаных і шырока вядомых тыпаў археалагічных помнікаў. На тэрыторыі Капыльскага раёна вядома каля чатырохсот такіх пахаванняў, многія з якіх уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Адзінаццаць такіх могільнікаў знаходзяцца на тэрыторыі грамадзянскіх могілак горада. І, зразумела, як гісторыка-культурная каштоўнасць знаходзяцца пад аховай Закона. Вось тут нельга абысці праблему, якая склалася літаральна за некалькі апошніх гадоў з гэтай групай курганоў. Дакладней — з тэрыторыяй, якая знаходзіцца вакол іх…
Справа ў тым, што ўжо амаль пяць гадоў, як уведзена забарона на пахаванні вакол курганоў на гарадскіх могілках на адлегласці бліжэй за 10 метраў, аб чым сведчыць пункт 2 дадатка №1 да рашэння райвыканкама №1150 ад 3 лістапада 2008 года. Быў таксама распрацаваны план мерапрыемстваў, які прадугледжваў устаноўку агароджаў на могільніках, ахоўнай дошкі. Як адзначылі работнікі КУП «Капыльская ЖКГ», якое з’яўляецца ўладальнікам тэрыторыі гарадскіх могілак, у 2012 годзе праведзены ахоўныя работы на 8 курганах (пастаўлена агароджа), астатнія тры будуць агаро- джаны ў летні перыяд 2013 года. Таксама маецца ахоўная дошка пэўнага ўзору з надпісам “Гісторыка-культурная каштоўнасць. Курганны могільнік. Прычыненне шкоды караецца па закону”. Згодна з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” № 98-З ад 9 студзеня 2006 г. забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якімі і з’яўляюцца насыпы. Адпаведна, самавольнае пахаванне ля падножжа курганоў (а тым больш на курганах) і псаванне помнікаў археалогіі падлягае прыцягненню да адміністрацыйнай ці кры- мінальнай адказнасці па дзеючым заканадаўстве.
Але гэтыя акалічнасці не бяруцца да ўвагі капылянамі. Падчас наведвання гарадскіх могілак супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея сумесна з работнікамі
Капыльскай ЖКГ выяўлены, мякка кажучы, нядобрасумленныя адносіны некаторых нашых грамадзян да помнікаў археалогіі — фактычна магіл далёкіх продкаў. Самае “бяскрыўднае” парушэнне — засмечванне археалагічных помнікаў. І адбываецца гэта, падкрэсліў дырэктар ЖКГ Уладзімір Дзямідчык, пасля “навядзення парадку” на пахаваннях сваіх блізкіх, што знаходзяцца побач. А для смецця на тэрыторыі могілак, адзначыў ён, ёсць пяць спецыяльна абсталяваных пляцовак…
Яшчэ адзін крыўдны факт, які адзначылі і работнікі музея, і камунальнікі, — нашы грамадзяне бессаромна разбіраюць агароджы курганоў, каб зручна паставіць балясіны на магілах сваіх блізкіх ці ўвогуле… выкапаць яму для пахавання нябожчыка(!). Фактычна атрымліваецца — робяць магілы ў магілах. Уладзімір Дзямідчык запэўніў, што дазвол на пахаванне ў ахоўнай зоне камунальнікі на дадзены момант не выдаюць. А калі плошча была зарэзервавана некалькі гадоў таму і людзі заплацілі грошы, якое выйсце з такой сітуацыі бачыць уласнік? Па словах кіраўніка прадпрыемства, гэту праблему можна вырашыць наступным чынам: гаварыць з людзьмі, тлумачыць, што пахаванне ля курганоў забаронена. Магчыма, можна зрабіць пераразлік і вярнуць людзям грошы ці прадаставіць іншы ўчастак для пахавання.
Пытанне безумоўна складанае, але закон ёсць закон. І яго неабходна выконваць як юрыдычным асобам, так і простым грамадзянам.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии