Больш за пяцьдзесят гадоў Сяргей Міхайлавіч Вайтовіч з в. Рачкевічы быў нязменным брыгадзірам у сваёй роднай гаспадарцы. І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, займае гэту пасаду.
Яго вазок, запрэжаны сівым конікам, ледзь ні з узыходам сонца можна было бачыць то на хлебнай ніве, то побач з жанчынамі, занятымі праполкай цукровых буракоў, то на зернескладзе… І так кожны дзень. “Раней праца на зямлі была вельмі цяжкай, — успамінае Сяргей Міхайлавіч. — Было вельмі многа ручной работы. Галоўныя памочнікі — коні. І прыстасаванні былі адпаведныя — конная касілка, конныя граблі, валакушы. Гэта цяпер усё робяць машыны. А раней уся надзея была на свае рукі. Я і сам нярэдка станавіўся побач з касцамі на нарыхтоўцы кармоў. А як цяжка было ўпарадкаваць салому пасля абмалоту зерня! Аднак працавалі з прыўзнятым настроем, заўсёды з жартамі, песнямі. Людзі былі дружныя. Магчыма таму, што сумесная праца на агульную карысць з’ядноўвае”.
Сяргей нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго выхоўвалася яшчэ сямёра дзяцей. Жылі бедна, і таму, відаць, у юнака ўмацавалася трывалае імкненне дабіцца лепшай долі. Скончыўшы спачатку пачатковую школу ў Рачкевічах, а затым васьмігодку ў Цімкавічах, хлопец да службы ў арміі працаваў у калгасе імя Калініна, куды вярнуўся і пасля звальнення ў запас. З таго часу (у канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя) і пачаўся адлік яго брыгадзірства. Набываў не толькі практычны вопыт, але і павышаў сваю адукацыю: скончыў сярэднюю вячэрнюю школу, затым завочна — Смілавіцкі сельгастэхнікум, дзе і атрымаў дыплом агранома.
Але яго інтарэсы не былі скіраваны толькі на працоўную дзейнасць. Цікава тое, што Сяргей Міхайлавіч ужо ў дарослым узросце засвоіў нотную грамату і навучыўся іграць на кларнеце. “Верхам на кані, пасля работы я ездзіў у Цімкавічы на рэпетыцыі, — расказвае наш герой. — Там у нас быў духавы аркестр. Інструменты купіў калгас. Мы часта выступалі на розных канцэртах, ігралі на вяселлях, даводзілася і праводзіць у апошні шлях аднавяскоўцаў”.
З асаблівым хваляваннем, нават нейкім замілаваннем узгадваў Сяргей Міхайлавіч тыя часы, калі ён дабіваўся ўзаемнасці ад дзяўчыны, якая не проста вельмі падабалася, а была, здавалася, сэнсам яго жыцця. Зіна — так звалі выбранніцу — жыла на той жа вуліцы, што і Сяргей. Аднак настойлівасць юнака, а таксама тыя пачуцці, якіх ён не хаваў, растапілі дзявочае сэрца, і Зінаіда дала згоду на шлюб.
У дружнай сям’і Вайтовічаў адно за адным нарадзіліся двое дзетак. Зінаіда Фёдараўна, як і муж, скончыўшы завочна тэхнікум, стала дыпламаваным заатэхнікам. І гэта ёй, бясспрэчна, дапамагала быць пісьменным і ўдумлівым спецыялістам – 25 гадоў яна ўзначальвала калектыў малочнатаварнай фермы ў Рачкевічах, які заўсёды дабіваўся высокіх паказчыкаў.
З вялікай любоўю і гонарам расказваў Сяргей Міхайлавіч і пра сваіх дзяцей: дачка Наташа і сын Сяргей выраслі вельмі прыстойнымі людзьмі, добрымі спецыялістамі, клапатлівымі і любячымі ў адносінах да бацькоў. Такімі ж яны стараюцца выхоўваць і сваіх дзяцей. “У нас трое ўнукаў, — ахвотна распавядае ветэран працы. — Сярожка (сын Наталлі) сёлета заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт, ён будучы работнік лясной гаспадаркі. У Сяргея дзве дачкі — Надзя (студэнтка) і Наташа, якая яшчэ вучыцца ў гімназіі. Мы заўсёды рады іх прыезду. Ды і дапамога ўжо адчувальная, асабліва ад унука. Ён у нас хлопец вясковы, усё, што трэба па гаспадарцы, умее рабіць”.
Раней, як расказаў Сяргей Міхайлавіч, у іх была немалая гаспадарка: трымалі па дзве каровы, бычкоў, свіней. Цяпер, безумоўна, ужо сілы не тыя, ды і здароўе таксама падводзіць. Хаця ў свае 80 гадоў Вайтовіч кожную раніцу спяшаецца на працу. “Усяго паўмесяца вытрымаў на пенсіі, — успамінае ён. — А пасля прыехаў тагачасны кіраўнік саўгаса “Цімкавіцкі” Яўген Трафімавіч Ляшчына і па- прасіў вярнуцца на працу. І я зноў стаў брыгадзірам. Хачу сказаць, што нягледзячы намой узрост, я адчуваю сябе паўнацэнным членам калектыву. Вельмі цаню тую павагу і шчырыя адносіны, якія пастаянна адчуваю з боку дырэктара гаспадаркі (цяпер гэта ўжо ААТ “Капыльскае”. –
Аўт.) Анатоля Вячаслававіча Кіулы і іншых спецыялістаў”.
Днямі Сяргей Міхайлавіч прымаў віншаванні з юбілеем ад родных, блізкіх, калег. І галоўным, вядома ж, было пажаданне моцнага здароўя. Гэта сапраўды вельмі важна ў любым узросце. А вось бадзёрасцю, сілай духу і аптымізмам, якія ўласцівы нашаму герою, ён можа шчыра падзяліцца з іншымі.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии