Тэма навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў з’яўляецца заўсёды актуальнай для раённай улады. Вынікі гэтай работы падводзяцца кожны тыдзень, месяц, сезон. Наша суразмоўца – старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд.
— Марыя Леанідаўна, што зроблена сельсаветамі па добраўпарадкаванні за вясенні перыяд?
— Шмат намаганняў сельсаветы надавалі зносу пустуючых дамоў, старых сядзіб. Адзначу, што ўсе папрацавалі добра, але асабліва паспяхова Бучацінскі, Грозаўскі, Капыльскі, Слабада-Кучынскі сельсаветы. Увогуле за гэты час у раёне разабрана 35 збудаванняў і захавана 8 фундаментаў, знята больш за 3 км агароджаў. Для таго, каб населеныя пункты мелі належны выгляд, работы прадаўжаюцца.
— Немалаважнае месца займае і добраўпарадкаванне могілак. Некалькі слоў пра гэта.
— Работы актыўна вяліся за кошт суботнікаў, прыцягнення сродкаў і сіл насельніцтва, дзякуючы дапамозе актывістаў сельсаветаў, валанцёраў маладзёжных атрадаў. Хацелася б адзначыць атрад пад кіраўніцтвам першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Аляксея Загорцава, а таксама атрады, створаныя пры школах раёна. Вядуцца капітальныя работы па навядзенні парадку на могілках вв. Калодзезнае, Кацельнікі, аг. Старыца, ва ўрочышчы Скіп’ёва, у г. Капылі.
— Што акрамя названага выканана яшчэ?
— На тэрыторыі раёна заарана і прыцягнута ў севазварот больш за 100 га земляў, пераразмеркавана ў населеных пунктах больш за 11 га ўчасткаў. Напрыклад, у Бучацінскім, Доктаравіцкім, Капыльскім сельсаветах такія работы праведзены на 20-30 га.
Па раёне пасаджана больш за 3 тыс. дрэў і кустарнікаў. Найбольш – у Бучацінскім, Грозаўскім, Пацейкаўскім сельсаветах. У сваю чаргу спілавана звыш 300 аварыйна-небяспечных дрэў. Адзначу Блеўчыцкі, Капыльскі, Пацейкаўскі сельсаветы.
— А якія населеныя пункты можна назваць самымі добраўпарадкаванымі на Капыльшчыне?
— Не магу не сказаць пра в. Душава, якая заўсёды вызначаецца сваёй акуратнасцю, належным утрыманнем вуліц, сядзіб. У гэтым заслуга не толькі мясцовых жыхароў, але і тых, хто пражывае тут летам, так званых дачнікаў.
Вылучаюцца сваёй чысцінёй і парадкам аграгарадкі Ванелевічы, Быстрыца, Старыца, Грозава, Цімкавічы, Семежава, а асабліва іх цэнтральныя вуліцы.
— Вядома ж, вырашэнню праблем па добраўпарадкаванні нямала сіл аддаюць прадстаўнікі мясцовай улады.
— Сярод неабыякавых хачу адзначыць дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў Наталлю Гарбацэвіч, Генадзя Лопуха, Алену Острыкаву, Мікалая Варвашэню, Барыса Дзенісюка, Аляксандра Макарчука, Уладзіміра Рудакоўскага, Уладзіміра Сахара, Віктара Станкевіча, Сяргея Ульдзіновіча, якія заўсёды падтрымліваюць ініцыятыву грамадзян і мясцовай улады. Сярод дэпутатаў сельскіх Саветаў — Міхаіла Спадарца, Валянціну Кандыбовіч, Георгія Ціунчыка і іншых.
Яшчэ раз адзначу, што работы па добраўпарадкаванні ідуць амаль круглагадова. Таму зараз на парадку дня — абкошванне тэрыторый, для выканання якога таксама, спадзяюся, не будзе абыякавых.
— Дзякуй за размову.
Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии