Пра стан спраў у сістэме адукацыі раёна расказаў начальнік РАА Аляксей Абросімаў. “Каб стварыць умовы для развіцця адукацыі, пэўную дынаміку ўзроўню яе якасці, неабходна вызначыць мэту, дзеля якой усё гэта робіцца, — упэўнены Аляксей Леанідавіч. — І ўмовы, і само адукацыйнае асяроддзе — толькі сродкі для фарміравання чалавека фізічна здаровага, духоўна багатага, пісьменнага, успрымальнага да навукова-тэхнічных новаўвядзенняў, ініцыятыўнага, які ўмее браць на сябе адказнасць за далейшае развіццё сваёй малой радзімы — Капыльшчыны, Мінскай вобласці, дзяржавы ў цэлым”. Навучанне сучаснага дзіцяці адбываецца задоўга да таго, як яно прыходзіць у школу. І ў большасці выпадкаў гэта адбываецца ў дашкольнай установе. Лічбы сведчаць, што дашкольнай адукацыяй у раёне ахоплена 79,6 % дзяцей — вынік крыху не дацягвае да сярэднеабласнога (80,2 %). Гэтай справай займаюцца 17 устаноў. Гаворачы аб рабоце дашкольных устаноў раёна, дакладчык узгадаў і пра паспяховае правядзенне (упершыню!) конкурсу даследчых работ сярод выхаванцаў дашкольных устаноў. Дарэчы, яго пераможца Ганна Матусевіч (ДУА “ДЦРД “Сонейка”) прадстаўляла раён на аналагічным абласным конкурсе. Аднак нельга сцвярджаць, што ўсё так добра, як гэтага хацелася б. Існуе праблема перавышэння напаўняльнасці рознаўзроставых груп у Бучацінскім, Душаўскім, Грозаўскім дзіцячых садах. Як выхад, прапаноўвае Аляксей Абросімаў, укараненне новых форм дашкольнай адукацыі. Дарэчы, ужо год у Цімкавічах паспяхова працаваў так званы “дзіцячы сад на даму”. З-за адсутнасці неабходнай колькасці педагогаў-дэфектолагаў не ўсе дзеткі, якія маюць у гэтым патрэбу, атрымліваюць неабходную дапамогу. Найбольш востра стаіць гэта пытанне ў Быстрыцкім, Песачанскім дзіцячых садах, Бабаўнянскім ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа. Гаварыў Аляксей Леанідавіч і пра тое, што не ўсе дашкольныя ўстановы, пераважна сельскія, працуюць над укараненнем платных адукацыйных паслуг. І гэта будзе яшчэ адна задача на бягучы навучальны год. Патрабуюць вырашэння і такія праблемы, як недастатковы ўзровень аналітыка-прагнастычнай і кантралюючай дзейнасці кіраўнікоў дашкольных устаноў, адсутнасць належнага кантролю і сістэмы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў; недастатковае кадравае забеспячэнне (недахоп спецыялістаў-выхавальнікаў, музычных кіраўнікоў, педагогаў-псіхолагаў. У новым навучальным годзе перад дашкольным выхаваннем стаяць задачы аптымізацыі сеткі дашкольных устаноў, далейшага фарміравання здароўезберагальнай сістэмы, павышэння сацыяльнага статусу работнікаў. У раёне вядзецца вялікая работа па выяўленні і падтрымцы адораных і таленавітых дзяцей, адзначыў начальнік аддзела адукацыі, па падрыхтоўцы іх да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах творчых работ, алімпіядах. Менавіта развіццё адоранай асобы непасрэдна звязана з якасцю адукацыі. Вельмі важна даць дзецям не толькі магчымасць развівацца, але і дэманстраваць рэзультаты сваёй вучэбнай работы. “Вынікі прадметных алімпіяд мы разглядаем як адзін з асноўных крытэрыяў эфектыўнасці адукацыйнай дзейнасці па развіцці інтэлектуальных здольнасцей вучняў, — адзначыў Аляксей Абросімаў. — Рэзультатыўнасць сістэмы работы з адоранымі дзецьмі пацвярджаецца выступленнем каманды Капыльскага раёна на абласных прадметных алімпіядах”. У 2010 го-дзе на заключным этапе алімпіяды капыльскія школьнікі паспяхова абаранялі гонар Мінскай вобласці. Удзельнічалі 5 чалавек, сярод якіх былі і пераможцы. Так, вучань Грозаўскай СШ Мікалай Барысюк атрымаў Дыплом І ступені сярод дзевяцікласнікаў па тэхнічнай працы, а Дзмітрый Цвірко з гэтай жа школы ўзнагароджаны спецыяльным прызам старшыні Мінаблвыканкама (абодвух юнакоў рыхтаваў настаўнік Ігар Дубіна). Інтэлектуальная эліта нашага раёна — гэта медалісты. Сёлета іх было 17. Усе яны паспяхова паступілі ў ВНУ. Пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў былі ўзнагароджаны 32 выпускнікі, 19 дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанні з адзнакай аб агульнай базавай адукацыі. Сярэдні бал паспяховасці па раёне за 2009 — 2010 навучальны год — 7,0. Аляксей Леанідавіч выказаў удзячнасць у адрас калектываў Грозаўскай, Доктаравіцкай, Цімкавіцкай СШ, СШ № 2 г. Капыля і засяродзіў увагу прысутных на асноўных задачах, выкананне якіх дазволіць павысіць рэзультатыўнасць навучальнай дзейнасці. У прыватнасці, неабходна адкарэкціраваць арганізацыю работы міжшкольнага факультатыву, забяспечыць абавязковы ўдзел усіх устаноў адукацыі ў інтэрнет-алімпіядах, прадметных турнірах, фарміраваць матывацыю вучняў на дасягненне поспехаў на алімпіядах праз высокі ўзровень матывацыі настаўнікаў (маецца на ўвазе сістэма заахвочвання, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, стварэннне аптымальных умоў), больш разнастайнымі павінны быць формы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій настаўнікамі-прадметнікамі ў адукацыйным працэсе. Стварэнне спрыяльных умоў для развіцця здольнасцей адоранай асобы немагчыма без удзелу раённага вучэбна-метадычнага кабінета сумесна з установамі адукацыі і метадыстамі абласных устаноў. Паводле слоў Аляксея Абросімава, ва ўстановах адукацыі раёна штогод ствараюцца новыя інавацыйныя праекты, у якія ўкладзены творчыя ідэі, сучасныя падыходы да выканання задач навучання і выхавання школьнікаў. Адным з важных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі раёна з’яўляецца забеспячэнне ўстаноў сучаснай тэхнікай, укараненне інфармацыйных адукацыйных працэсаў і электронных сродкаў навучання. Дарэчы, да гэтага навучальнага года набыты тры новыя камп’ютэрныя класы: для СШ №3 г. Капыля, Цімкавіцкай СШ і Грозаўскай школы-інтэрната. Акрамя таго, плануецца да канца бягучага года, а дакладней, да 1 снежня, закончыць работу па аб’яднанні ўстаноў адукацыі Капыльскага раёна ў рэгіянальную сетку. І надалей вялікая ўвага будзе надавацца стварэнню неабходных умоў для прафесійнага росту педагогаў з улікам іх запатрабаванняў. Ва ўстановах адукацыі Капыльшчыны працуюць над фарміраваннем цэласнай сістэмы выхавання і аховы дзяцінства. У 2009 — 2010 навучальным годзе члены дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў бралі ўдзел у шэрагу рэспубліканскіх мерапрыемстваў для дзяцей і навучэн-скай моладзі: акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, фестывалі маладзёжных ініцыятыў “Адкрыты праект — маладзёжнае супрацоўніцтва”, конкурсе “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”, фестывалі дзіцячых СМІ “Свежы вецер” і інш. Разам з тым, лічыць начальнік аддзела адукацыі, у новым навучальным годзе неабходна надаць яшчэ большую ўвагу стварэнню і арганізацыі работы валанцёрскіх аб’яднанняў, шэфству над культурнымі аб’ектамі, абароне прыроды, эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень. У сваім выступленні Аляксей Абросімаў не прамінуў закрануць і такую актуальную тэму, як выхаванне законапаслухмянага грамадзяніна. Адзначыўшы, што за 7 месяцаў бягучага года колькасць злачынстваў і правапарушэнняў ва ўстановах адукацыі раёна значна скарацілася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года (1 злачынства супраць 9 у 2009-м), і гэта было дасягнута дзякуючы вялікай прафілактычнай рабоце сярод непаўналетніх, Аляксей Леанідавіч выказаўся за неабходнасць больш маштабнай работы па прававой асвеце, маральным выхаванні, духоўна-культурным развіцці асобы, якая павінна ажыццяўляцца сумеснымі намаганнямі дзяржаўных і грамадскіх структур. Гаварылася дакладчыкам і пра дасягненні і праблемы ў сістэме спецыяльнай адукацыі, абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, стварэнні і ўмацаванні матэрыяльна тэхнічнай базы ўстаноў. Дарэчы, у 2009 — 2010 навучальным годзе на падтрымку адукацыі было накіравана каля 52 % раённага бюджэту. Тым не менш, з рахунку не скідваецца і развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў. Была станоўча адзначана работа ў гэтым напрамку Доктаравіцкай СШ, якая па выніках раённага этапу спаборніцтва набрала найбольшую колькасць балаў у адпаведнай намінацыі. Напрыканцы свайго выступлення Аляксей Абросімоў адзначыў: “Для забеспячэння дынамічнага развіцця сістэмы адукацыі раёна неабходны прафесіянальны і адказны падыход да справы, выканання сваіх абавязкаў усімі работнікамі, ад начальніка аддзела да тэхработніка. Неабходна правесці так званую “работу над памылкамі”, якая патрэбна, каб атрымаць урок і наладзіць дзейнасць сферы адукацыі больш якасна і эфектыўна. У арганізацыі дзейнасці неабходна кіравацца словамі Прэзідэнта нашай краіны: “Высокіх рэзультатаў дабіваюцца толькі там, дзе ёсць прадпрымальнасць, ініцыятыва, дысцыпліна і адказнасць”. Няхай гэтыя словы і стануць нашай формулай поспеху!” З прывітаннямі да ўдзельнікаў жнівеньскай педагагічнай нарады звярнуліся выконваючы абавязкі старшыні Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, рэктар ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”, старшыня абласнога Савета жанчын Святлана Сітнікава, вучні пачатковых класаў. Меркаванні па да-кладзе выказалі прадстаўнікі педагагічных калектываў раёна, якія падзяліліся дасягненнямі сваіх устаноў адукацыі ў пэўных напрамках дзейнасці, прааналізавалі праблемы і шляхі выхаду з іх. Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя і тых сваіх калег, якія былі ўдастоены ўзнагарод Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Капыльскага райвыканкама, раённага аддзела адукацыі. Вялікай увагай былі ахутаны маладыя спецыялісты, якім арганізатары свята прысвяцілі цэлы блок праграмы. Шчырыя словы прывітання, наказ у дарогу, што прагучалі з вуснаў іх старэйшых калег, думаецца, запомняцца ім назаўсёды, як і першы школьны ўрок у якасці настаўніка, які ў хуткім часе давядзецца даваць кожнаму з іх. У прысутнасці ўсіх удзельнікаў педагагічнага форуму маладыя педагогі далі клятву вернасці абранай прафесіі. Святочны настрой, які традыцыйна пануе на мерапрыемстве такога кшталту, яшчэ больш умацоўвалі іскрамётныя выступленні юных артыстаў. Сваёй творчасцю радавалі выхаванцы раённага Цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнікі Святлана Паклонская і Віктар Масквічоў) і СШ №2 г. Капыля імя Ц. Гартнага (Таццяна Ермаловіч) — неаднаразовыя ўдзельнікі, а многія — прызёры і пераможцы самых прэстыжных творчых конкурсаў. Нельга не ўзгадаць і пра тую феерыю фарбаў, якая радавала вока на падыходзе да раённага Цэнтра культуры і ў яго фае, дзе былі прадстаўлены лепшыя работы гурткоўцаў, цудоўныя букеты з кветак адыходзячага лета. Педагогі мелі магчымасць па-знаёміцца з выставай метадычнай літаратуры і нават набыць некаторыя дапаможнікі. Маргарыта САКОВІЧ Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і аўтара
Комментарии