У адкрытым акцыянерным таварыстве “Старыца-Агра” нарыхтоўка кармоў першым укосам ідзе хуткімі тэмпамі. Нават пераменлівае над- вор’е не перашкаджае аграрыям. Прычым, высокую прадукцыйнасць працы паказваюць не толькі вопытныя механізатары і вадзіцелі, але і іх больш маладыя калегі.
Днямі з намерам узнагародзіць лідараў раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў сярод маладых удзельнікаў “зялёнага жніва” сюды завіталі вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццяна Віяленцій, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў, галоўны спецыяліст райкама маладзёжнай арганізацыі Настасся Гірко.
Вадзіцелі Вадзім Мысліцкі і Аляксандр Кнышэвіч уваходзяць у склад звяна з дзевяці МАЗаў, якія заняты на адвозцы здробненай зялёнай масы ад “Джон Дзіра” і КЗРа. Мы сустрэліся з юнакамі ля сянажнай траншэі на МТФ “Андросаўшчына”. Шчырыя віншаванні з паспяховай працай гучалі ў іх адрас, а для больш важкага пацвярджэння лідарства ў хлопцаў застануцца на памяць маланка-падзяка, падпісаная старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем, і каштоўныя падарункі ад маладзёжнай арганізацыі.
Тут жа, ля сянажнай траншэі, мы сустрэліся з галоўным аграномам ААТ “Старыца-Агра” Аляксандрам Логішам. Аляксандр Леанідавіч расказаў пра ход корманарыхтоўчай кампаніі. Паводле яго слоў, усяго на падборцы і адвозцы зялёнай масы ў гаспадарцы задзейнічана 22 адзінкі тэхнікі. Акрамя вышэй памянёнага звяна, яшчэ адно, якое складаецца з двух КЗРаў і дзевяці трактароў з прычэпамі, рыхтуе зялёную масу для траншэі, размешчанай на тэрыторыі комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы “Чарнічнае”. Чатыры касілкі кладуць травы ў пракосы, а тры трактары з граблямі-варашылкамі даводзяць іх да ладу.
“Дажджы, якія ідуць амаль штодня, перашкаджаюць нам нарыхтоўваць сена, — расказвае Аляксандр Логіш. — На нашым рахунку ёсць крыху больш за 200 тон, але гэтага мала. Спадзяёмся, што новая касілка, якую мы сёлета набылі, дапаможа нам у гэтым. Гэта не проста касілка, а, хутчэй, касілка-плюшчылка французскай фірмы “Кун”. Спецыяльнымі вальцамі сцябліны раслін (у асноўным бабовыя — канюшына і люцэрна) сплюшчваюцца, а лісточкі застаюцца некранутымі. Тым самым скарачаецца час высыхання травы: з двух сутак да 10-12 гадзін. Корм не перасыхае, і ў ім застаецца больш пажыўных рэчываў”.
Дарэчы, механізатар, які працуе на такой цікавай касілцы, таксама аказаўся ў ліку лідараў. А сустрэліся мы з ім ля вёскі Баркаўцы. Сяргей Апанасчык у ААТ “Старыца-Агра” працуе толькі тры месяцы (перайшоў сюды з ААТ “Скабін”). Маладога механізатара сустрэлі вельмі гасцінна: ён атрымаў сучасную тэхніку — “Беларус-1523”, новую касілку. Да таго ж маладой сям’і Апанасчыкаў выдзелілі новы добраўпарадкаваны дом. Так што ёсць усе ўмовы для плённай высокапрадукцыйнай працы. Магчыма і гэта акалічнасць стала адным са складальнікаў яго лідарства ў маладзёжным спаборніцтве.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
А. Загорцаў, Т. Віяленцій, А. Кнышэвіч, В. Мысліцкі, А. Логіш, С. Апанасчык
Комментарии