Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

54

І ад тэхналогіі не адступаюць, і пра людзей не забываюць

10.06.2013
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Прагрэс 2010” на дзень нашага наведвання гаспадаркі (у мінулы аўторак) ужо закладвалі другую сянажную траншэю. Першая, на 1100 тон, за тры дні была закрыта на МТФ “Пацейкі”, другая размясцілася на тэрыторыі аналагічнага жывёлагадоўчага аб’екта ў Кудзінавічах. Менавіта туды перамясціліся два “Амкадоры”, якія пазменна трамбуюць зялёную масу. “Мы імкнёмся не адступаць ад тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Мікалай Краўчанка. — На кашэнні траў, якія ў асноўным бабова-злакавыя (у тым ліку 130 га люцэрны), задзейнічаны дзве касілкі “Krone”. На іх працуюць Аляксандр Маргалік і Павел Тароцька. Механізатары за дзень кладуць у пракосы каля 30 га. Трава нейкі час правяльваецца, а затым за справу бярэцца Уладзімір Кузьміцкі. Яго задача — сабраць пракосы ў валкі граблямі ГВБ-6 і павярнуць іх. Наступная аперацыя — падбор і здрабненне зялёнай масы — за Аляксандрам Гірко і Уладзімірам Калядой. Адвозяць яе шасцю адзінкамі тэхнікі (трактарамі і аўтамабілямі)”. Дарэчы, менавіта сустрэча з Аляксандрам Міхайлавічам Гірко была мэтай наведвання гаспадаркі старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Татарыцкім і вядучым спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццянай Віяленцій. У прысутнасці дырэктара ААТ “Прагрэс 2010” Валерыя Тароцькі, галоўнага агранома Мікалая Краўчанкі, галоўнага эканаміста Ірыны Мацюхінай і старшыні прафкама гаспадаркі Алы Тароцькі перадавіку “зялёнага жніва” былі ўручаны маланка-падзяка і вымпел ад райвыканкама, а таксама каштоўны падарунак ад райкама галіновага прафсаюза. Увогуле, як расказала Ала Яўгеньеўна, рабоце з людзьмі ў гаспадарцы надаецца вялікае значэнне. Напрыклад, згодна з распрацаванымі ўмовамі спаборніцтва на корманарыхтоўцы ў мінулую нядзелю былі адзначаны прэміямі ўдзельнікі “зялёнага жніва”, якія, з захаваннем усіх патрабаванняў тэхналогіі і перавыканаўшы пры гэтым планавыя заданні, прымалі ўдзел у закладцы першай сянажнай траншэі. Штодня падводзяцца вынікі работы, прычым — з нарастаючым рэзультатам, на агульны экран работ заносіцца і памер заработнай платы, якая налічваецца таксама за кожны дзень. Абавязкова вызначаецца пераможца спаборніцтваў, у гонар якога выпускаецца “маланка” і падымаецца чырвоны сцяг. Клопат пра тое, каб усе ўдзельнікі корманарыхтоўкі своечасова атрымлівалі смачныя гарачыя абеды і падвячоркі, таксама кладзецца на плечы прафсаюзнага лідара. Дарэчы, гатуе іх разам са сваімі памочнікамі сапраўдны майстар сваёй справы Ніна Кульбіцкая. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКУ:  дырэктар ААТ “Прагрэс 2010”  В. Тароцька (справа) з механізатарам   А. Гірко. Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей