Аб рэгіянальных асаблівасцях Міншчыны, традыцыйных прыярытэтах, сучасных каштоўнасцях ішла гаворка на творчым семінары, які днямі адбыўся на базе нашага раёна, дакладней, у аграгарадку Семежава.
Аб тым, што развіццё ўстаноў культуры ў Капыльскім раёне знаходзіцца на высокім узроўні, нагадваць не прыходзіцца: аб гэтым ужо шмат сказана і напісана. Таму і наведвалі ўдзельнікі абласнога мерапрыемства прыгожы наш край.
Імі сталі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Алена Талпека, дырэктар ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Раіса Вайцяховіч, дырэктары раённых дамоў рамёстваў, Цэнтраў культуры, метадычных цэнтраў, спецыялісты Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Сустракаць гасцей на мяжы раёна ўжо стала добрай традыцыяй: менавіта там прыгожыя капылянкі ў нацыянальных касцюмах урачыста віталі гасцей хлебам-соллю. Словы прывітання прагучалі і ад кіраўніка аддзела культуры Капыльскага райвыканкама Наталлі Царковай.
Далей гасцей чакалі ў своеасаблівым культурным цэнтры нашага раёна – аг. Семежава: там ужо сабраўся абрадавы калектыў “Цары”, які і правёў наведвальнікаў па вуліцах вёскі , усхваляючы пры гэтым прыгажосць родных мясцін.
Затым завіталі ў раённы Цэнтр ткацтва, дзе адбылося знаёмства са знакамітымі майстрыхамі, у ліку якіх і Валянціна Кіеня. Вучні ДУА “Семежаўскі ВПК д/сад-сярэдняя школа” пад-рыхтавалі і правялі цікавую экскурсію па экспазіцыйных залах. Аб тым, як жа працуе школа ткачоў, расказалі Наталля Царкова і дырэктар Цэнтра Таццяна Волкава
.
А вось цудоўным падарункам, якім стаў ручнік, створаны рукамі мясцовых майстроў, цяпер можа пахваліцца дырэктар Гомельскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня. Адметна, што гэты ручнік выкананы з выкарыстаннем тэхнікі закладнога ткацтва. А ўсе ўдзельнікі атрымалі прыгожыя сувеніры, якія зрабілі майстры народнага клуба “Скарбонка”.
Калі наведваешся ў Семежава, абавязкова трапіш і ў дом-музей заснавальніка беларускага грузавога аўтамабілебудавання Высоцкага Міхаіла Сцяпанавіча. Менавіта там адбыўся наступны прыпынак семінара. Аб тым, які адметны жыццёвы шлях прайшоў наш зямляк, расказала дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць беларускага дзеяча.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии