Якаснае навучанне замежнай мове – адзін з найважнейшых накірункаў сучаснай моўнай палітыкі. Актуальнасць абумоўлена тым, што ўжо сёлета вучні 11-х класаў павінны будуць прадэманстраваць свае веды ў рамках правядзення абавязковага вуснага экзамена па замежнай мове.
Дзеля гэтага, а таксама дзеля пашырэння кругагляду кожнага вучня ў ДУА “Гімназія №1 г. Капыля” напрыканцы навучальнага года прайшоў тыдзень замежных моў. Уся гімназія размаўляла на замежных мовах: англійскай і нямецкай. Здзіўляўся кожны, хто наведваў установу ў гэты час. Усе вучні з першых да адзінаццатых класаў дружна пераўтварыліся ў англічан і немцаў. І на працягу цэлага тыдня настаўнікі замежных моў умела арганізоўвалі разнастайныя мерапрыемствы, разлічваючы і на інтэлект, і на творчасць сваіх вучняў.
У рамках тыдня праходзілі інтэлектуальныя мерапрыемствы: акцыя “Learn English”, віктарына “Хачу ўсё ведаць”, гульня “Чароўныя жамчужыны”, пазакласнае мерапрыемства “Fashion week”. А таксама аматары замежнай мовы прымалі ўдзел у міжнародным конкурсе “Лінгвісцяня-2013”.
У чэрвене на базе гімназіі будзе працаваць аздараўленчы лагер “Эрудыт”, дзе па запытах вучняў і іх бацькоў мерапрыемствы на замежнай мове будуць мець свой працяг. У дзяцей з’явіцца магчымасць паглыбіць веды па прадметах і ў той жа час адпачыць. І калі на пытанне “Які твой любімы прадмет?” навучэнцы адказваюць: “Замежная мова”, то дзеля гэтага хочацца жыць, тварыць і быць настаўнікам!
Аксана БУРАК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУА “Гімназія №1 г. Капыля”
Комментарии