Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

25

Дзед Веця — майстар і музыка з Роспаў

02.06.2013
У канцы красавіка 2013 года Капыльшчына адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Пратасевіча Вячаслава Сцяпанавіча (землякі помняць яго як дзеда Вецю). Гэты дзіўны чалавек увасобіў у сабе выключную працаздольнасць, жыццялюбства і майстэрства, патрыятызм і высокую культурную спадчыну. Галоўная справа яго жыцця — выраб традыцыйных музычных інструментаў. Нарадзіўся Вячаслаў Сцяпанавіч (здымак 1) 30 красавіка 1913 года ў вёсцы Роспы Капыльскага раёна ў сям’і беззямельнага селяніна. Яго дзед Іван праслужыў капельмайстарам у царскай арміі 25 гадоў, таму аднавяскоўцы называлі Пратасевічаў “Салдатавы”. Хоць і ажаніўся той пад 50 гадоў, але займеў сем сыноў і дзвюх дачок. У канцы ХІХ стагоддзя з невялічкай хаткі з вузкімі вокнамі ў вёсцы Роспы часта гучалі душэўныя мелодыі: спявала скрыпка, бухаў бубен, залівалася балалайка. Людзі ведалі пра сямейны ансамбль Пратасевічаў. Ігралі ўсе, але асабліва вызначаліся сыны Алесь, Сцяпан (бацька Вячаслава), Тодар і Хведар. З часам сыны і дочкі абзавяліся сваімі сем’ямі, сталі жыць у розных хатах, але часта збіраліся ў бацькоў на вячоркі. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі да сямейнага ансамбля Пратасевічаў далучыліся многія аднавяскоўцы. Музыкі з Роспаў часта выступалі пасля сялянскіх сходаў, на вясковых вечарынах, у першых вясковых клубах. Рэпертуар рознабаковы. Ігралі “Грабелькі”, “Крыжачок”, “На рэчаньку”, вальсы “Галубкі”, “Майскі сон”, маршы “Развітанне славянкі”, “Дні нашага жыцця”, “Казачок”, полькі “Бульба”, “Паўлінка”, “Смех”. Праз некаторы час у ансамблі, спачатку з бубнам, а пасля з маленькай скрыпачкай у руках, з’явіўся васьмігадовы хлопчык Веця. Ён тры зімы наведваў пачатковую школу, якая знаходзілася ў панскім доме ва ўрочышчы Гарбахі. Улетку пасвіў кароў у заможных сялян. Гэта быў незвычайны хлопчык. Ён па-свойму ўспрымаў гоман птушак, шапаценне чароту, журчанне вады ў рацэ (жылі побач з ракой Лоша). Прырода стала для яго музычнай школай. Ад бацькі Сцяпана Веця пераняў сталярную і бондарскую справу. Спачатку выразаў з дрэва лыжкі і апалонікі, розныя кухонныя прылады, выгінаў з дроту дзівосныя фігуркі-цацкі. А пазней з клёпкі бочкі зрабіў штосьці падобнае на скрыпку, замест струн нацягнуў валасы з конскага хваста. І зайграў… З таго часу і пачаў развівацца яго музычны талент. Здольнасці пляменніка першым заўважыў родны дзяцька Веці Хведар, які яшчэ ў галодным 1920 годзе, прадаўшы апошнюю карову, выпісаў з Лейпцыга скрыпку і падарыў таленавітаму родзічу. Малады музыкант хутка асвоіў новы інструмент. Але трэба было зарабляць на хлеб. Цяжкія гэта былі гады. Таму ў 15-гадовым узросце Вячаслаў вучыцца кавальскай справе ў яўрэя Лейбы Хацкеля з вёскі Харытонаўка, якому вельмі спадабаўся дапытлівы і спрытны да працы вясковы хлопец. У той час каваля на вёсцы паважалі. Хутка яго “залатыя рукі” сталі вядомы па ўсёй акрузе. Сякеры, косы і сярпы карысталіся попытам у Капыльскім і Уздзенскім раёнах. Спачатку з бацькам і дзедам Вячаслаў працаваў у камуне вёскі Мрочкі. Калі пачалі стварацца калгасы, яго першага накіравалі ў Капыльскую МТС на курсы трактарыстаў. І ён хутка асвоіў знатную на той час, амаль “лётчыцкую” справу. Працуючы ў калгасе “Чырвоныя Роспы”, юнак займаўся не толькі кавальскай справай, але і рамантаваў гадзіннікі і швейныя машыны, вырабляў розныя рэчы з дрэва і металу. Менавіта ён атрымаў першы веласіпед у вёсцы, які быў куплены па разнарадцы праўлення калгаса. У вольную хвіліну браў у рукі скрыпку і радаваў музыкай і песнямі людзей. А яшчэ да вайны змайстраваў драўляны гадзіннік, які працаваў на вадзе. З пасу-дзіны капала вада на паплавок, які быў злучаны ніткай з валікам і стрэлкамі. І калі ўзровень вады паніжаўся, стрэлкі рухаліся па цыферблаце. У 1939 годзе Вячаслаў ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Аленай Рудакоўскай. Склалася шчаслівае сямейнае жыццё, нарадзіўся сын, пабудавалі хату. Але ўсё было азмрочана чэрвеньскім ранкам 1941 года — пачалася вайна. Як каштоўны работнік каваль Пратасевіч атрымаў “бронь” ад ваенкамата. Вёска Роспы апынулася ў партызанскай зоне. У хаце Пратасевічаў камандаванне брыгады імя Чапаева размясціла радыёапаратуру і друкарскі станок для лістовак. Майстар на ўсе рукі выклёпваў, выточваў і паяў дэталі, суткамі не адходзіў ад горна: рамантаваў вінтоўкі і кулямёты, падкоўваў партызанскіх коней. Не аднойчы смерць стукала ў дзверы. Карнікі расправіліся з партызанскімі сем’ямі ў лютым 1943 года. А вясной 1944-га нямецкія самалёты спалілі вёску. Уцалела некалькі хат. Сярод іх — хата Пратасевічаў. У час бамбёжкі там знаходзілася жонка Алена з  нованароджанай дачушкай. Бог адвёў бяду. Згарэлі гаспадарчыя пабудовы і першы веласіпед. Пасля вызвалення Беларусі пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Многія жылі ў зямлянках. Працавала кузня Пратасевіча. Майстар сам намываў рачны пясок для лепшай плаўкі і зваркі металу. З шчыта станкавага кулямёта “Максіма” нарэзваў палоскі і наварваў іх на сярпы, кавалкі шчыта гарматы ішлі на кляпанне сякер. З дроту вырабляў цвікі. Усім гэтым дапамагаў аднавяскоўцам будавацца. Адзін каваль на тры калгасы — ладзіў плугі, бароны. Людзі прыходзілі да яго кожны дзень: каму чугунок ці патэльню зрабіць, каму рыдлёўку падрабіць. Знайшлі на пажарышчы швейную машынку. І тую адрамантаваў пагарэльцам. Адначасова з асноўнай працай Вячаслаў Сцяпанавіч займаўся вырабам традыцыйных беларускіх музычных інструментаў: жалейкі басавыя, дудкі-рагаткі і дудкі са свістковым прыстасаваннем, сурмы, валынкі, скрыпкі, альты, цымбалы, ліры выходзілі з-пад яго умелых рук. У першы пасляваенны год на калгасных палях вырасла стройнае жыта, якое ва-біла сваімі моцнымі каласамі. Перабраўшы мноства кулёў саломы, ён змайстраваў першую дудачку, на якой тады і выканаў папулярную і любімую людзьмі “Кацюшу”. Толькі ён ведаў, колькі трэба зрабіць адтулін і на якой адлегласці, пад якім вуглом зрабіць зрэз саломінкі. У 1950 годзе вясковы музыкант становіцца лаўрэатам раённага конкурсу самабытных артыстаў. У 1961 годзе Пратасевічы пераязджаюць у пасёлак Узда. Там гаспадар уладкоўваецца майстрам па рамонце гадзіннікаў і бытавым абслугоўванні насельніцтва. Разам з сынам Анатолем займаецца пошукам неабходных матэрыялаў для музычных інструментаў. Спачатку матэрыялы знаходзілі ў наваколлі роднай вёскі Роспы. На палетках калгаса нарыхтоўвалі сцёблы саломы жыта і аўса (урочышча Крыжыкі), па берагах ракі Лошы зразалі чарот вышынёй да двух метраў. Ва ўрочышчы Нарты (канал выкапаны да рэвалюцыі) на самых урадлівых глебах рос кмен — самы лепшы для вырабу дудак. На Уздзеншчыне (вёска Сямёнавічы) у парку былога маёнтка князя Радзівіла ад ветру звалілася высокае і рэдкае для Беларусі дрэва — ільма. Выбралі і выразалі некалькі кавалкаў валакністай драўніны, якая па зрэзах спачатку была амаль чорная і з пахам воцату. Праз нейкі час яна святлела. Драўніна ільмы падобная да дуба: шчыльная, але апрацоўцы паддаецца лягчэй, добра акумуліруе гукі і мае прывабны колер. Дудкі і жалейкі, зробленыя з ільмы, вызначаюцца мяккім і роўным, меладычным гучаннем. Недалёка ад Смалявіч знайшлі адмысловыя нарыхтоўкі з клёну, грушы, грабу, ясеню. Там адбыўся смешны выпадак. Побач з цыстэрнай, напоўненай аміячкай, знашлі зараснік баршчавіку. Не ведалі, што расліна ядавітая, апяклі скуру на руках. З яго былі выраблены трамбіты з выдатным гучаннем. Наведалі бацька і сын Белавежскую і Налібоцкую пушчы. Дазвол на гэта даў сам міністр культуры. Ляснікі здзіўляліся, як Вячаслаў Сцяпанавіч выбіраў неабходныя сухія яліны. Да аднаго дрэва падыходзіў, прыкладваў вуха, стукаў і чуў толькі аднаму яму вядомы чароўны звон. А на другое адразу паказваў, што з яго будзе добры інструмент. Што скажаш — талент ад Бога! У 1973 годзе па стане здароўя майстар Пратасевіч перабіраецца да дачкі ў Калодзішчы, што пад Мінскам. Там дзеду Вецю вылучылі два пакоі для абсталявання майстэрні. У неабходным парадку размяшчаліся электрычны наждак, металічныя ціскі, кувалды і малаткі, электрычныя паяльнікі. Тут частымі гасцямі былі навучэнцы школ, педагогі, навуковыя супрацоўнікі. У доме дзеці не толькі майстравалі, але і спазнавалі азы музычных ведаў. Гэта і быў сапраўдны музей. У пакоях уздоўж сцен стаялі дудкі з саломінак, кмену, чароту, жалейкі і трубы. На падлозе размясціліся бубны, цымбалы, гуслі, ліры, віяланчэлі. Тут былі і першыя скрыпачкі дзеда Веці. Успамінае сын Анатоль: “Дом Пратасевічаў быў заўсёды адчынены для гасцей, якіх сустракалі і праважалі маршам. Бацька іграў на скрыпцы, а маці Алена Мікалаеўна брала бубен. Шчырыя і ад-крытыя былі яны для людзей”. Вячаслаў Сцяпанавіч знайшоў сваё прызванне: сем гадоў працаваў майстрам па рамонце і настройцы ўнікальных народных музычных інструментаў у Бел-дзяржфілармоніі, выступаў перад слухачамі ў школах, клубах, на святах. Яго мелодыі запісваліся на Беларускім і Усесаюзным тэлебачанні. Заслужаная артыстка БССР Валянціна Карэлікава, артысты Васіль Купрыяненка, Іосіф Несцяровіч у складзе фальклорнага ансамбля “Харошкі” ў час гастрольных паездак ігралі на яго інструментах перад слухачамі ў Англіі, Італіі, Польшчы, Японіі, многіх іншых краінах. На Кіпры шырокая аўдыторыя параўноўвала гучанне дудак з Беларусі з голасам скрыпак Страдывары. Пражыў Вячаслаў Сцяпанавіч Пратасевіч 80 гадоў і пакінуў нам багатую культурную спадчыну. Яго музычныя інструменты прывабліваюць наведвальнікаў у Нацыяльным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, краязнаўчых музеях Капыля і Узды. Разышліся яны па блізкім (Расія, Украіна, Прыбалтыка) і далёкім замежжы (Англія, Індыя, Японія, ЗША) разам з беларускімі дыяспарамі. Ён стаў лаўрэатам 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных, узнагароджаны залатым медалём, шматлікімі дыпломамі ўсіх узроўняў. Імя яго назаўсёды ўнесена ў Энцы-клапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі. Як удзельнік партызанскага руху ўзнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і інш. Дзеці народнага творцы знайшлі сваё месца ў жыцці. Сын Анатоль стаў спецыялістам па рамонце швейнага абсталявання. У час адпачынку ў санаторыі “Лясныя азёры”  вырабляў з карчоў дрэў фігуры жывёл. Дзве дачкі Ганна і Зоя вывучыліся на фельчараў. Сярод пяці ўнукаў ёсць інжынер-эканаміст (добра іграе на баяне), майстар-наладчык аўтамабільнага абсталявання, будаўнік. А ўнучка ў Расіі — мастак-мадэльер. Усе яны пакрышку ўзялі цудоўнае і прыгожае ад дзеда. Сёння на месцы былога дома ў вёсцы Роспы ўстаноўлены помнік з прозвішчамі загінуўшых землякоў. Большасць з іх родныя для яго. Згубіла паўнаводнасць і рака Лоша, на берагах якой марыў будучы майстар і музыкант. “У мяне столькі задум, што не хопіць майго жыцця!” — гэта былі апошнія словы для нашчадкаў Вячаслава Сцяпанавіча. Захоўваюць памяць і паважаюць народнага майстра на Капыльшчыне за добрае сэрца і шчырую душу. А мы ў сваю чаргу ганарымся тым, што творчая спадчына нашага земляка знаходзіцца ў скарбонках роднай беларускай культуры. Ёсць вера, што наша капыльская зямля будзе поўніцца маладымі талентамі. На Капыльшчыне развівае дзейнасць рэгіянальны цэнтр вуснагістарычных даследаванняў. 30 красавіка 2013 г. на базе ДУА “Слабадакучынская сярэдняя школа” пры падтрымцы Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutsсher Volksсhoch schul-Verband e.V.” (ФРГ) і ДУА ”Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” ў межах праекта “Культура Капыльшчыны: мінулае і сучаснасць” прайшло мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Пратасевіча Вячаслава Сцяпанавіча — народнага майстра і музыканта. Для гасцей і ўдзельнікаў была адчынена краязнаўчая гасцёўня. Валянціна Барташэвіч (загадчык Слабада-Кучынскай сельскай бібліятэкі) падрыхтавала экспазіцыю фотаздымкаў і прэзентацыю “Майстар музычных інструментаў”. З цікавасцю прысутныя азнаёміліся з выставай “Рукі майстра дзіва дзіўнае твораць”. Экскурсію ў свет народных музычных інструментаў правяла Таццяна Варанцова — старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея. Яна расказала і пра дудку, і пра жалейку, і пра скрыпку і іншыя музычныя інструменты знакамітага майстра. Затым слова ўзяла Валянціна Шуракова — дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея: — Ураджэнцы Капыльшчыны ўнеслі значны ўклад не толькі ў развіццё айчыннай культуры, але і сусветнай. Сёння мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі і дарослымі — гэта інтэрактыўная дзейнасць з выкарыстаннем інтэрактыўных прыёмаў. Таму і адкрываем новыя імёны славутых землякоў. Прачытала свае вершы самабытная паэтэса Ядвіга Малевіч з вёскі Дусаеўшчына. А затым сваё музычнае майстэрства на флейтах прадэманстравалі  навучэнцы школы мастацтваў Алёна Міхайлоўская і Данііл Кандыбовіч (здымак 2) Барыс ДЗЕНІСЮК, намеснік дырэктара ДУА “Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей