Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

58

Ад пасяўной — да “зялёнага жніва”

25.05.2013
У сераду, 22 мая, на базе ААТ “Капыльскае” адбылося выязное пасяджэнне райвыканкама з удзелам старшынь, дырэктараў сельгаспрад-прыемстваў на чале з кіраўніком раёна Анатолем Жданенем. Асаблівая ўвага надавалася перыяду нарыхтоўкі кармоў, паколькі аб’ёмы сёлетняга “зялёнага жніва” вельмі ўнушальныя: неабходна скасіць 28 982 га шматгадовых траў. Да таго  ж,  павялічаны план аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў, згодна з якім патрэбна назапасіць 19 800 т сена, 212 400 т сенажу, 266 000 т сіласу. Ля Цімкавіцкага сельвыканкама, дзе распачалося пасяджэнне, была арганізавана міні-выстава траў, з якой стала відавочна, што рост культур адбываецца неаднолькава. Напрыклад, на дадзеным этапе ўжо неабходна касіць такія раннія травы, як купкоўка, чаротніца (па-руску, адпаведна, — ежа сборная, двукисточник тростниковый), райграс пашавы, люцэрна. Але, як адзначыла першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, такія пашы ёсць далёка не ў кожнай гаспадарцы. У асноўным для нарыхтоўкі сена і сіласу культывуюцца толькі больш познія: цімафееўка і канюшына. Гэта акалічнасць значна стрымлівае тэмпы нарыхтоўкі. Ужо сёння неабходна актыўна весці закладку кармоў, а большасць сельгаспрадпрыемстваў нават і не варушыцца, падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. Да ўборкі траў на момант правядзення пасяджэння прыступілі толькі чатыры — ААТ “Піянер-Агра”, “Старыца-Агра”, “Капыльскае” і РСУП “Бабоўня”. Тое, што поўным ходам можна весці кашэнне траў, прысутныя ўпэўніліся, пабываўшы на шматгектарным полі ля малочнатаварнага комплексу “Цімкавічы”, дзе ішло кашэнне люцэрны на сянаж. Захаванне тэрмінаў уборкі гэтай культуры дазваляе зрабіць да трох, а то і чатырох укосаў за сезон, і, як вынік, — добры запас пажыўнага корму! Мінулая зіма не двухсэнсоўна “намякнула”, што праблемы з запасам кармоў у сельгасвытворцаў раёна ёсць! У некаторых гаспадарках  працэс кармлення буйной рагатай жывёлы ў сакавіку-красавіку інакш як выжываннем і не назавеш. А дзе ж тады паўтарагадовы запас кармоў, на які нацэльваюць ужо не першы год? Што ж яшчэ перашкаджае аграрыям актыўна ўключыцца ў “зялёнае жніво” — аснову поспеху жывёлагадоўлі ў зімова-стойлавы перыяд? Адказ на гэта пытанне доўга шукаць не прыйшлося — кульгае гатоўнасць тэхнікі… З наяўнай да важнай кампаніі падрыхтаваны толькі 83%. Такія праблемы назіраюцца ў ААТ “Праснакі”, “Суворава-Агра”, “Капыльскі райаграсэрвіс”, “Малінава”, філіяле “Вялікая Раёўка”, РСУП “Бабоўня”, “С “Прамень”, КСУП “Доктаравічы”. Вось тут і праяўляюцца “недаробленыя” звёны аднаго ланцужка… Выбачайце, а чым займаліся ў гаспадарках узімку? У гэтым годзе “белы сезон” даў фору сельгасвытворцам — амаль два дадатковыя месяцы для завяршэння рамонту тэхнікі, у тым ліку і для ўборкі траў… Па плане на “зялёным жніве” павінны працаваць 62 здрабняльнікі, 87 касілак, што да-зволіць скончыць важную сельскагаспадарчую кампанію прыкладна за 20-25 дзён. Аблегчыць задачу нарыхтоўкі кармоў павінна новая тэхніка — пяць комплексаў высокавытворчых кормаўборачных (КВК) і тры “Джон Дзіры”, якія днямі паступяць у раён. Сітуацыю ўсё ж такі выправіць можна, калі па-гаспадарску (маюцца на ўвазе захаванне тэхналогіі і адказны падыход) правесці і касьбу, і закладку кармоў. Тое, што менавіта з апошнім працэсам ёсць праблемы, — таксама відавочны факт. Зялёная маса, закладзеная летась у траншэі, вясной у асобных гаспадарках нагадвала больш гной, чым пажыўны і сакавіты корм. Таму і Анатоль Жданеня, і Ірына Кісляк неаднаразова скіроўвалі ўвагу на падрыхтоўку траў пасля скошвання для закладкі, падрыхтоўку сянажных ям. На пасяджэнні закраналіся іншыя, не менш важныя пытанні, дзе таксама існуюць праблемы. У прыватнасці, старшыня райвыканкама звярнуў увагу на вытворчасць малака, якая пакідае не самыя лепшыя ўражанні. Практычна месяц дойныя статкі знаходзяцца на пашах, а рэальнай і, галоўнае, значнай прыбаўкі не назіраецца не толькі ў “слабых”, але нават і ў “моцных” гаспадарках, адзначыў кіраўнік раёна. І тут асноўнай прычынай недабору малака ў многіх сельгаспрадпрыемствах з’яўляецца неналежнае ўтрыманне пашаў, прасцей кажучы — яны нясвоечасова падкошваюцца, не перазалужваюцца. Па-ранейшаму на кантролі знаходзіцца і рэканструкцыя фермаў. Для завяршэння  гэтага працэсу на аб’ектах будаўніцтва днямі выдзелены значныя сродкі. Гэта дазволіць павысіць тэмпы работ і выйсці на фінальную стадыю. Таксама разглядаліся пытанні выплаты заработнай платы і шэраг іншых. Па выніках выязнога пасяджэння кіраўнікам гаспадаркі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі, вызначаны тэрмін выканання пастаўленых задач. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКУ:  падчас выязнога пасяджэння ў ААТ “Капыльскае”. Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей