Па вытворчасці малака першы квартал 2013 года можна аднесці да ліку няўдалых. У раёне было надоена 22,2 тыс. тон, што на 0,3 тыс. тон (на 1,5%) менш, чым у мінулым годзе. Пра гэта сведчыць статыстыка. Але і другі веснавы месяц не прынёс чаканага росту вытворчасці, паколькі халодная вясна доўга не давала магчымасці вывесці жывёлу на пашу.
Старт летне-пашаваму ўтрыманню жывёлы быў дадзены толькі 26 красавіка, калі на базе ААТ “Душава” адбыўся семінар, удзельнікі якога змаглі яшчэ раз абмеркаваць асноўныя патрабаванні па яго арганізацыі і на свае вочы паглядзець, як гэта робіцца ў сельгаспрадпрыемстве, якое апынулася ў ролі гаспадара
.
Паводле слоў першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталя Ракевіча, умелая арганізацыя работ дазволіла сельгаспрадпрыемству занесці на свой рахунак значны рост вытворчасці прадукцыі. На 17 мая (дзень, калі мы наведаліся ў гаспадарку) тут прыбаўка да пачатку месяца складала 1260 кг. І гэта самы лепшы рэзультат у раёне.
Як расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Інэса Волат, у ААТ “Душава” сфарміравана пяць гуртоў дойнага статка і два — цялушак. Каровы пасвяцца кругласутачна, маладняк — з 7 раніцы да 21 гадзіны. “Пры арганізацыі пасьбы мы імкнёмся строга прытрымлівацца рэгламенту, — адзначыла Інэса Вячаславаўна. — Каровы ходзяць па шматкампанентных пашах, якія закладзены недалёка ад фермаў, каб выключыць далёкія перагоны. У абавязковым парадку выкарыстоўваем франтальную пасьбу, сочым, каб на пашы пастаянна былі вада, соль, фелуцэн. Падабралі надзейных пастухоў, якія асабіста зацікаўлены ў росце прадукцыйнасці статкаў, паколькі ад гэтага залежыць і іх заработная плата.
Каб жывёла прызвычаілася да зялёнага корму, спачатку сумяшчалі выпасванне з зімовым рацыёнам кармлення, кожны дзень на 1-2 гадзіны павялічвалі тэрмін знаходжання кароў у полі, дзе яны мелі магчымасць есці грубыя кармы (сена, салому), патаку. Атрымліваюць нашы рагулі канцэнтраваныя кармы: па 200-250 г камбікорму на 1 л малака (у залежнасці ад фізіялагічнага стану), па 1 кг шроту на кожную галаву”.
Усе дойныя статкі ў гаспадарцы (акрамя аднаго) будуць даіцца ў памяшканнях малочнатаварных фермаў. А вось кароў з МТФ “Кацельнікі” чакае, так бы мовіць, выпрабаванне: ім давядзецца змяніць звыклую абстаноўку на даенне ў перасоўнай даільнай устаноўцы (ПДУ). Прычына гэтаму вельмі важная: на ферме ідзе рэканструкцыя з будаўніцтвам даільна-малочнага блока, дзе будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. І за час летне-пашавага ўтрымання трэба правесці ўсе неабходныя работы па падрыхтоўцы кароўніка: тут будзе арганізавана беспрывязное ўтрыманне жывёлы, мабільная раздача кармоў, бульдозернае гноевыдаленне.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Лапацін і Андрэй Аніфер — жывёлаводы МТФ “Кацельнікі”.
Фота аўтара
Комментарии