Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Па старых вуліцах Капыля (CMigrator copy 1)

21.05.2013
Разам з супрацоўнікамі Капыльскага раённага краязнаўчага музея мы працягваем падарожнічаць па старых вуліцах Капыля. Сёння запрашаем вас, паважаныя чытачы, на цэнтральную плошчу нашага горада. Пачнём з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, а потым перанясёмся ажно ў 60-70-я гады ХХ. Прывітанне з даўніны На жаль, фотаздымкаў, на якіх мы змаглі б убачыць вуліцы нашага горада пазамінулага стагоддзя, не захавалася. Аднак дзякуючы супрацоўніцтву з музеем, маем магчымасць убачыць карту цэнтральнай плошчы мястэчка, на якой месціліся рымска-каталіцкі касцёл, карчма, крамы, крыху далей – праваслаўная царква. Дарэчы, у будынку самой карчмы і знаходзіцца зараз музей.  У кнізе “Капыль і Магдэбургскае права: нарысы гісторыі горада XIV–XIX cтагоддзяў” вось як апісана гэтая пабудова: “Паўкруглыя вокны, мабыць у галоўным памяшканні карчмы – у шынку, вялікія падвойныя вокны ў іншых памяшканнях, дашчатая падлога, вымашчаныя дошкамі ганкі перад уваходамі”. Сама цэнтральная плошча мела назву Рынак. Цікава, што пажар, які адбыўся 28 красавіка 1878 г., знішчыў значную частку забудовы ў цэнтры Капыля. Размяшчэнне карчмы з магелем (прыстасаваннем для тэкстыльнай вытворчасці) на рынку, на аддаленні ад забудовы, дапамагло ім ацалець у час пажараў, якія знішчалі цэнтр Капыля ў 1833, 1845, 1865, 1878 гг. Крыху з успамінаў А зараз мы ўбачым Капыль такім, якім ён застаўся ва ўспамінах былой супрацоўніцы газеты Длугашэўскай Е., якая пакінула горад у 1933 г. і вярнулася праз 33 гады. На календары 1966 г.: “Капыль! Ён стаў непазнавальным. Не было тут ні Дома культуры, ні ўнівермага, ні двухпавярховых жылых дамоў, ні прыгожых сквераў і многага іншага. Мястэчка ў пачатку 30-х гадоў насіла адбітак дарэвалюцыйных мяшчанскіх паселішч з безліччу малых прыватных лавак, цэнтральнай базарнай плошчай, дзе наладжваўся бойкі гандаль. У дажджлівае надвор’е паміж падводамі тут нельга было прайсці”. (“СП” №68/1966). Рысы сучаснага Капыля 1 верасня 1964 г. святкавалі наваселле вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 2 г. Капыля: менш чым за год яна вырасла ў цэнтры горада. І ўжо раніцай першага дня новага навучальнага года двор школы запоўнілі па-святочнаму апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі. А вось сапраўдныя рысы сучаснага горада Капыль пачаў набываць толькі ў 1965 г., “калі Капыльскі “Міжкалгасбуд” распачаў у цэнтры тады яшчэ гарадскога пасёлка побач с сярэдняй школай №2 будаўніцтва 50-ці (?) кватэрнага пяціпавярховага жылога дома з убудаванай у першым паверсе гандлёвай залай мэблевых і гаспадарчых тавараў…(зараз – магазін “Зімняя вішня” — Рэд.) Па-суседску размешчаны яшчэ дзве новабудоўлі: адміністрацыйнае збудаванне раённага Савета і інтэрнат на 216 месц з бібліятэкай” ( “СП” №6/1974). Фотаздымкі мінулага Я прапаную вам зазірнуць у мінулае. На здымках, якія прынесла да нас у рэдакцыю капылянка Тамара Лук’янчык, адлюстраваны старонкі гісторыі нашага горада. На здымку 2 вы бачыце аднапавярховы будынак, у якім з аднаго боку знаходзіўся магазін гаспадарчых тавараў, а з другога - кулінарыя. Потым яго знеслі, і на гэтым месцы пачалі будаваць райвыканкам. Калі ўважліва прыглядзецца, то за гэтым будынкам можна ўбачыць фрагмент арнаменту магазіна “Юность”. Жыхары Капыля памятаюць, што вельмі часта фасад “Юности” ўпрыгожваў вялікі партрэт Уладзіміра Ільіча Леніна, а на першым паверсе знаходзіўся  аддзел галантарэі. Сцяжынкі ў будучыню Вельмі цікавы будынак дома Клейнбарта, дарэчы, першая ў Капылі цагляная пабудова, узведзеная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Што толькі не размяшчалася ў гэтым аднапавярховым будынку! У 60-я гады тут знаходзіўся райвыканкам. Над уваходам лозунг: “Да здравствуют Советы депутатов трудящихся – подлинно народные органы власти!” Потым у гэтым доме дзеці атрымоўвалі музычную адукацыю: тут знаходзілася музычная школа. Калі ўважліва прыглядзецца, можна ўбачыць, што і дарогі яшчэ не асфальтаваныя. Толькі ў 1966 г. пачала “апранацца” ў асфальт плошча Калгасніка. Ля тратуараў былі разбіты клумбы, пасаджаны кветкі. Старонку падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей