Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

20

Эпоха праваднога радыё завяршаецца

20.05.2013
Правадное радыё ў Беларусі заканчвае сваю эпоху. Многія прыхільнікі адчуваюць занепакоенасць яго адключэннем, якое павінна адбыцца да канца 2014 года. Што ж нас чакае ў далейшым? Чым абумоўлена адмаўленне ад праваднога радыёвяшчання? Адказы на гэтыя і іншыя  пытанні  падчас  наведвання Капыльскага раёна даў міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай ПАНЦЯЛЕЙ: — Правадное радыё на сёння — састарэлая тэхналогія, якая выкарыстоўваецца мала ў якіх краінах. Па-першае, яно вельмі энергаёмістае і спажывае шмат электраэнергіі. Вядома, што пры тых тарыфах, якія існуюць на гэту паслугу, затраты не пакрываюцца. Па-другое, гэта тэхналогія вельмі траўманебяспечная ў абслугоўванні, бо часцей за ўсё выкарыстоўваюцца сумесныя падвескі з лініямі электраперадач, з-за чаго ўзнікае магчымасць паражэння электратокам. Ды і работа на вышыні таксама патрабуе адпаведных навыкаў. Па-трэцяе, уласныя апоры, па якіх ідуць фідары радыёвяшчання, свой рэсурс вычарпалі і з’яўляюцца небяспечнымі для тых, хто іх абслугоўвае, і навакольных. Да таго ж, зараз на палях працуе зусім іншая тэхніка, і наяўнасць перашкод стварае нязручнасці для сельгасвытворцаў. Сёння ў эфіры шмат радыёканалаў, якія можна слухаць. У тым ліку пакрыццё Першым нацыянальным каналам беларускага радыё —100%. Мяркую, што затрачваць двайныя сродкі і на падтрымку эфірнага вяшчання, і на правадное – эканамічна немэтазгодна. Таму рэканструкцыя правадной сеткі праводзіцца не будзе. — Мікалай Пятровіч, а што будзе прапанавана ўзамен? — Зразумела, на змену правадному прыйдзе эфірнае вяшчанне. Для тых, хто менш “сябруе” з тэхнікай, будзем прапаноўваць радыёпрыёмнікі FM-дыяпазону з фіксаванай частатой для прыёму Першага канала беларускага радыё. А тыя, хто маюць свабодныя “зносіны”, змогуць набыць шматпраграмныя і шматфункцыянальныя прыстасаванні. — А які лёс чакае рэгіянальнае правадное радыё? — Пастаўлена задача па ўключэнні рэгіянальных радыёпраграм, як і раней, у эфір Першага канала Беларускага радыё. Вырашаецца пытанне па часе выхаду ў эфір. Радыёпраграмы раённага радыё будуць выходзіць у FM-дыяпазоне. Напрыклад, жыхары раёнаў, якія прымаюць сігнал з Капыльскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі, змогуць слухаць вашы навіны і наадварот, але з-за гэтага некалькі змяншаецца эфірны час. Магчыма, пасля ўзгаднення з Белтэлерадыёкампаніяй яго рамкі будуць пашыраны. Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей