Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

24

Качество должно быть во всем

25.08.2010
Сустрэчы з журналістамі трывала ўвайшлі ў практыку работы кіраўніцтва Мінскай вобласці, што дае магчымасць, як кажуць, з першых вуснаў атрымаць кампетэнтныя адказы на ўсе ўзнікшыя пытанні. Вось і ў мінулы чацвер падчас прэс-канферэнцыі са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Барысам Батурам, у якой прынялі ўдзел 59 прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны, а таксама шэрагу рэспубліканскіх газет, каналаў, інфармацыйных агенцтваў, спектр пытанняў аказаўся даволі вялікім.

Інвестыцыйная праграма

Адказваючы на пытанне аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці ў бягучым годзе і за пяцігодку ў цэлым, губернатар выказаў упэўненасць, што Міншчына справіцца з пастаўленымі задачамі. Аднак ён адзначыў, што цяперашняя сітуацыя яго, як кіраўніка, не зусім задавальняе. “Удзельная вага Мінскай вобласці ў агульным аб’ёме вялікая, і тут нам трэба плюсаваць больш важка, — сказаў Б. Батура. – І асабліва па прыцягненні інвестыцый”. Для паспяховага рашэння гэтай задачы пры старшыні Мінаблвыканкама створаны Савет па развіцці прадпрымальніцтва. У бліжэйшы час адбудзецца ўжо другая сустрэча губернатара з бізнесменамі, падчас якой будуць абмеркаваны на-дзённыя пытанні і падведзены папярэднія вынікі супрацоўніцтва. Каля 5 млрд рублёў прадугледжана ў бюджэце вобласці на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, і ўсе яны ўжо выкарыстаны. Сёння Мінаблвыканкам заключыў 75 інвестыцыйных дагавораў на рэалізацыю перспектыўных праектаў. Вобласць выходзіць у 2010-м годзе на рост аб’ёмаў інвестыцый у 125%, але Барыс Батура лічыць, што неабходна ісці на 150%. “Пакуль не хапае галоўнага: у рэгіёнах адсутнічае матывацыя да прыцягнення інвестыцый, — адзначыў ён. —  Неабходна зрабіць больш цеснай звязку бюджэтаў раёнаў з узроўнем развіцця іх эканомікі. І спадзяёмся, што ўрад улічыць гэты момант”. Адным з найбольш значных праектаў губернатар назваў будаўніцтва ў Дзяржынскім раёне ветрапарку сумесна з нямецкай фірмай. Агульны аб’ём інвестыцый тут складзе каля 400 млн еўра, рэалізацыя праекта разлічана на перыяд да 2014 года.  “Пасля выхаду на праектную магутнасць ветрапарк унясе пэўны ўклад у развіццё ў сталічным рэгіёне альтэрнатыўнай энергетыкі. Аб’ём  электраэнергіі, што будуць выпрацоўваць яго ўстаноўкі, — 150 млн кВт у гадзіну — дазволіць закрыць 3% агульнай патрэбы вобласці ў ёй. І гэта ўжо пэўны поспех”, — падкрэсліў Барыс Батура. Будуць таксама рэалізаваны сумесна з фінскімі кампаніямі праекты міні-ТЭЦ у чатырох раёнах з аб’ёмам фінансавых укладанняў  200-250  млн  еўра. Ёсць сур’ёзныя інвестпраекты па развіцці прамысловай вытворчасці, у прыватнасці, у Стаўбцоўскім раёне завода ацынкаваных труб, у Лагойску – па выпуску лекавых прэпаратаў, па будаўніцтве ў вобласці пяці свінагадоўчых комплексаў.

Развіццё рэгіёнаў

Больш за ўсё інвестыцый прыцягваецца ў Мінскім раёне. Аднак, на думку старшыні аблвыканкама, гэты рэгіён не трэба перагружаць прамысловымі прадпрыемствамі. Тут ёсць усе перспектывы стаць не прамысловай, а рэкрэацыйнай зонай. Прынята рашэнне аб пад-пісанні з нямецкай кампаніяй інвестыцыйнага дагавора аб будаўніцтве аўтадрома па навучанні ва-дзіцеляў бяспечнаму ваджэнню, таксама плануецца будаўніцтва забаўляльных цэнтраў, аквапарку. Гаворачы аб далейшым развіцці Мінскага раёна, Барыс Батура адзначыў, што тут ёсць значнае адставанне па колькасці сацыяльных аб’ектаў (асабліва гэта тычыцца школ і дзіцячых садоў) пры інтэнсіўным жыллёвым будаўніцтве. У наступнай пяцігодцы гэтую праблему пастараемся вырашыць, паабяцаў губернатар. Па словах кіраўніка вобласці, значныя змены чакаюць і горад Маладзечна, які ў 2011 годзе будзе прымаць рэспубліканскія “Дажынкі”. У прыватнасці, ішла размова пра будаўніцтва Лядовага палаца, які, на думку Барыса Васільевіча, павінен быць арыгінальным і па сваім архітэктурным рашэнні, і па функцыянальным прымяненні. Барыс Батура паведаміў, што распрацавана і будзе зацверджана рэспубліканская праграма абустройства Нарачанскага краю, як галоўнага беларускага курорта. Але і мясцовыя жыхары павінны ўнесці свой уклад, у першую чаргу, больш беражліва ставячыся да прыроднага багацця. У бліжэйшай перспектыве ў Мядзельскім раёне плануецца пабудаваць завод па перапрацоўцы бытавых адходаў, пасля чаго палігоны ЦБА будуць ліквідаваны. Зняты ўсе абмежаванні і па выкарыстанні Вілейскага вадасховішча, тут таксама плануецца развіццё аграэкатурыстычнай зоны.

Кадравае забеспячэнне

“Я не сказаў бы, што вобласць адчувае востры кадравы голад, асабліва гэта тычыцца спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй”, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама.  Выключэнне складаюць хіба што медыцынскія работнікі. Іх у рэгіёне сур’ёзны недабор. Але ўтрымаць спецыялістаў на месцы не заўсёды могуць. І тут сур’ёзна недапрацоўвае мясцовая ўлада. У нашай дзяржаве прыняты шэраг актаў па стымуляванні працы маладых спецыялістаў, забеспячэнні іх жыллём. Аднак усё гэта застаецца фармальнасцю да таго часу, пакуль не будзе прамой зацікаўленасці ў захаванні канкрэтнага спецыяліста, пачынаючы ад кіраўніка раёна да кіраўніка гаспадаркі, лічыць Барыс Батура. Калі гэта будзе, калі людзі адчуюць да сябе ўвагу, у сельскай гаспадарцы не будзе ніякіх праблем з кадрамі. Дзяржавай выкананы ўсе ўмовы па праграме адраджэння і развіцця вёскі, адзначыў губернатар, аднак не ўсюды на месцах зроблена ўсё як трэба. Ёсць паўгода на тое, каб выправіць недахопы, што былі дапушчаны пры будаўніцтве аграгарадкоў, у прыватнасці, для стварэння ўмоў для жыцця і адпачынку моладзі. Таксама Барыс Батура лічыць, што трэба больш мэтанакіравана працаваць са школьнікамі, выхоўваць у іх матывацыю да працы.

Хлеб сённяшні і будучы

На жаль, вобласць не атрымала таго ўраджаю, на які разлічвала, адзначыў Барыс Батура. Па выніках сёлетняга жніва Міншчына збярэ 1 млн 720 тыс. тон збожжавых. Падчас уборкі кукурузы на зерне на 20-30 тысячах гектараў яшчэ будзе прыбаўка. Гэтага збожжа хопіць для патрэб вобласці. Дзяржзаказ будзе выкананы па ўсіх культурах, за выключэннем рапсу. Сёння аграрыі працуюць ужо на будучы ўраджай. Перад імі пастаўлена задача дабіцца ўраджайнасці не ніжэй за 45 ц/га, атрымаць 2,5 млн тон збожжа. Гэта рэальныя планы пры ўмове строгага захавання ўсіх агратэхнічных тэхналогій сяўбы, догляду і ўборкі збожжавых, лічыць кіраўнік вобласці. Для гэтага будзе весціся больш цеснае супрацоўніцтва з вучонымі, распрацаваны меры па забеспячэнні гаспадарак якасным насеннем, пасяўной і ўборачнай тэхнікай. Для вывазкі арганічных угнаенняў створаны спецыяльныя мехатрады. На асобым кантролі па паляпшэнні ўрадлівасці глебы будуць 12 раёнаў, дзе пакуль у гэтым напрамку  працуюць ніжэй за сярэднеабласны ўзровень. Ход азімай сяўбы па ініцыятыве Мінаблвыканкама будуць кантраляваць супрацоўнікі    Камітэта дзяржкантролю. “Каб не біць пасля за тое, што дрэнна пасеялі, а своечасова выпраўляць памылкі, — падкрэсліў Барыс Батура. — Думаю, гэта таксама павінна даць істотны рэзультат”.

Таццяна РАІЦКАЯ


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей