Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

Вясна Перамогi

16.05.2013
Капыльшчына разам з усім светам адзначыла Дзень Перамогі над фашызмам. Святочныя мерапрыемствы адбыліся як у райцэнтры, так і ва ўсіх цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў. Ужо а 9 гадзіне раніцы пад гукі духавога аркестра пачалі збірацца на цэнтральнай плошчы Капыля гараджане. Святочная калона застыла ў чаканні пачатку ўрачыстасці. А адкрыў святочныя мерапрыемствы мітынг з нагоды Дня Дзяржаўнага флага і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд нагадала пра гісторыю ўзнікнення сімволікі і тое вялікае значэнне, якое яна мае як для дзяржавы, так і для кожнага яе грамадзяніна. Пачэснае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Нікановічу, інжынеру-сістэматэхніку тэлекамунікацыйных сетак Капыльскага раённага вузла электрасувязі Мікалаю Мялешку і вучню 11 класа гімназіі № 1 г. Капыля, пераможцу ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па прадметах Андрэю Фурыку. Старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд усклалі кветкі да помнікаў воінам-інтэрнацыяналістам і У. І. Леніну, і святочная калона, на чале са знамённай групай, праз “жывы калідор”, створаны вучнямі гімназіі і сярэдніх школ горада, накіравалася да помніка воінам-вызваліцелям Капыля. На вялікі жаль у яе радах было толькі два ветэраны, якія змаглі самастойна прайсці гэты шлях па крутых вуліцах Капыля (яшчэ чацвёра ехалі ў аўтобусе). І таму зразумела цікаўнасць хлопчыкаў і дзяўчынак, з якой яны дапытваліся ў сваіх настаўнікаў: “А дзе ветэраны?” Сапраўды, усё далей ад нас суровыя гады ваеннага ліхалецця, і ўсё менш застаецца сведкаў той страшнай вайны... Мітынг адкрывае кіраўнік спраў райвыканкама Віктар Плашкевіч. Затым слова бярэ старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Ён нагадвае факты ўсенароднай барацьбы, гаворыць аб уроках вайны. Анатоль Іосіфавіч шчыра віншуе ветэранаў вайны, усіх жыхароў Капыльшчыны з 68-й гадавінай Вялікай Перамогі. Усхваляванымі былі выступленні члена прэзідыума раённага Савета ветэранаў Чаславы Грыгаровіч, ваеннага камісара Капыльскага раёна Сяргея Барташэвіча. Ад імя моладзі Капыльшчыны з віншаваннямі да ветэранаў вайны і працы звярнулася вучаніца 10 класа СШ № 3 г. Капыля Дар’я Кухарчык. Мінута маўчання. Урачысты салют у гонар усіх загінуўшых. Да помніка вызваленцам Капыля ўскладваюць вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў, як даніна павагі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады такой страшнай вайны. А потым святочнае дзейства перайшло ў зону адпачынку, дзе адбыўся святочны канцэрт “Памятаем пра Подзвіг, ганарымся Перамогаю”. Самыя лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваныя работнікамі культуры і супрацоўнікамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, а таксама іх выхаванцамі, даставілі асалоду і стварылі па-сапраўднаму святочны настрой. Былі арганізаваны мерапрыемствы і для аматараў спорту, якія праходзілі на фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Працавалі гандлёвыя павільёны, дзе можна было набыць розныя смачнасці. А ўвечары моладзь чакалі святочныя дыскатэкі. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ: моманты свята. Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей