Штогод да Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне абаронным таварыствам праводзяцца рэспубліканскія фестывалі патрыятычнай песні ДТСААФ. У гэтым годзе адбыўся трэці, дэвізам якога сталі словы “Жыву ў любові да Беларусі”. Гэты фестываль прайшоў у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ слаўнае імя – мацней справамі сваімі!”, прысвечанай ХІV з’езда ДТСААФ.

Канкурсанты з Капыльскага раёна прымалі ўдзел у намінацыях: песні героіка-патрыятычнай тэматыкі, песні пра Беларусь “Вечна жыві і квітней, Беларусь!”, песні грамадзянскай і лірычнай тэматыкі “Нам песня будаваць і жыць дапамагае”. У другім адборачным туры сярод раённых арганізацыйных структур ДТСААФ Капыльшчыну прадстаўлялі Марыя Брылеўская (СШ № 2 г. Капыля, мастацкі кіраўнік Таццяна Ермаловіч), Настасся Карповіч (гімназія № 1 г. Капыля), Вячаслаў Курчык (РАС ДТСААФ). Нашы канкурсанты выступілі ўдала.
У намінацыі “Вечна жыві і квітней Беларусь” Настасся Карповіч адзначана спецыяльным прызам “Музычнае адкрыццё ДТСААФ” за высокае выканальніцкае майстэрства і стварэнне сучаснага песеннага вобразу ДТСААФ. У намінацыі “Песні грамадзянскай і лірычнай тэматыкі” Марыя Брылеўская ўдастоена Гран-пры. Вячаслаў Курчык адзначаны прызам глядацкіх сімпатый.
На заключны тур фестывалю з шасці канкурсантаў, якія прадстаўлялі Мінскую вобласць, трапілі двое прадстаўнікоў Капыльскай РАС ДТСААФ – Марыя Брылеўская і Вячаслаў Курчык. І зноў перамога. Марыя Брылеўская стала лаўрэатам першай прэміі, а Вячаслаў Курчык – лаўрэатам трэцяй прэміі. Марыя Брылеўская разам з аркестрам Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь таксама прымала ўдзел у канцэрце, які праходзіў у Цэнтральным Доме афіцэраў для дэлегатаў ХІV з’езда ДТСААФ.
8 мая ў Рэспубліканскім Доме ДТСААФ адбудзецца сход і святочны канцэрт, прысвечаны Дню Вялікай Перамогі. На ім выступяць лаўрэаты ІІІ Рэспубліканскага фестывалю патрыятычнай песні ДТСААФ “Жыву ў любові да Беларусі!” Марыя Брылеўская і Вячаслаў Курчык.
Аляксандр КАСІНСКІ,
старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ
Фота Маргарыты САКОВІЧ
Комментарии