1965 г. Святкаваць Дзень Перамогі пачалі вечарам 8 мая ў Доме культуры, дзе адбыўся ўрачысты сход працоўных райцэнтра. У прэзідыуме – члены бюро РК КПБ, райвыканкама, ветэраны вайны і партызанскага руху. Пасля ўрачыстай часткі адбыўся вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці. А ля брацкай магілы - мнагалюдны мітынг, куды са сцягамі, транспарантамі, кветкамі прыйшлі работнікі партыйных і дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі савецкіх арганізацый, вучні школ райцэнтра.
У гэты дзень цёплае і сонечнае над- вор’е дазволіла правесці мітынг і на месцы гераічнага Лаўскага бою, куды накіраваліся аўтамашыны, упрыгожаныя чырвонымі сцягамі. “Святкаванне 20-годдзя Вялікай Перамогі вылілася ў яркую дэманстрацыю маналітнай згуртаванасці працоўных вакол роднай Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада”. (“СП” № 56/1965 г.)
У Лавах жа праходзіў мітынг і ў
1966 г. “Суцэльнае людское мора. Каб ушанаваць памяць партызан–герояў Лаўскага бою, якія аддалі сваё жыццё за светлае шчасце, сабраліся жыхары нашага раёна, – піша раёнка за 12 мая 1966 года. – У гэты дзень свята працягвалася да самага вечара. І моладзь, і людзі старэйшага пакалення танцавалі пад гукі духавога аркестра. Сотні людзей мелі магчымасць наведаць зямлянкі. Усюды ліліся песні, весялосць”.
У
1970 г. Капыль наведалі сваякі салдатаў, якія загінулі пры яго абароне: сястра і пляменніца малодшага лейтэнанта Лагуса С. Ф. – Лагус О. Ф. і Валянціна Ботнер.
Да нас на класную гадзіну недзе ў сярэдзіне 80-х таксама прыходзіла адна з дочак старшага лейтэнанта Краснабаева, якая прыехала ў Капыль на ўрачыстасці. Дарэчы, сувязь з сям’ёй Краснабаевых была наладжана дзякуючы Багдановічу Барысу Канстанцінавічу, тагачаснаму дырэктару СШ № 2 г. Капыля.
У
1984 годзе па праграме камсамольскага паходу па месцах баявой славы адбыўся мітынг ля брацкай магілы герояў-партызан Лаўскага бою.
Адметнай падзеяй святкавання ў
1988 годзе стаў камсамольскі мотапрабег “Капыль–Смалічы–Пясочнае–Капыль”, удзельнікі якога за два перадсвяточныя дні правялі мітынгі ў розных населеных пунктах раёна і ўжо 9 мая ўсклалі кветкавую гірлянду ля брацкай магілы ў Капылі. Такія мотаагітпрабегі ў 1989 г. сталі ўжо добрай традыцыяй: у гэтым годзе ён пралёг праз 20 населеных пунктаў. Ля брацкіх магіл былі ўскладзены гірлянды і букеты жывых кветак.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Сустрэліся ветэраны. 9 мая 1968 года
Комментарии