(урывак)
Прапануем урывак з расказу Міколы Цімошака пра маршала авіяцыі С. А. Красоўскага, які нарадзіўся ў канцы ХІХ стагоддзя на маляўнічай быхаўскай зямлі. Марыў стаць лясніком, аднак усё сваё жыццё прысвяціў авіяцыі.
Ні людзям, ні подзвігам, якія здзейснілі лётчыкі Другой і Сямнаццатай паветраных армій у час камандавання імі генералам Красоўскім, няма ліку. Каб уявіць сабе складанасць такой задачы, варта прыгадаць некаторыя лічбы. Вярхоўны Галоўнакамандуючы 51 раз аб’яўляў падзяку Другой паветранай арміі за паспяховыя баявыя дзеянні. Пераважная колькасць злучэнняў і часцей сталі гвардзейскімі, атрымалі ганаровыя назвы і ордэны СССР. 228 авіятараў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Самыя храбрыя, выдатнейшыя з выдатнейшых майстры паветранага бою, бомбавых удараў і штурмоўкі, сталі двойчы Героямі Савецкага Саюза – іх 17 чалавек. Пачынаў лік збітым фашысцкім самалётам у баях на Курскай дузе ў арміі Красоўскага Іван Кажадуб, які пасля стаў тройчы Героем Савецкага Саюза. Тут ён збіў 10 варожых самалётаў. Другі тройчы Герой Савецкага Саюза Аляксандр Пакрышкін знахо- дзіўся ў 2-й паветранай арміі да завяршэння вайны. На парадзе Перамогі ў Маскве ён пранёс авеяны славай Сцяг 2-й паветранай арміі.
Імя камандарма Красоўскага ў ваеннай літаратуры ўспамінаецца часта. З гэтых, часам сціплых радкоў, са слоў тых, хто з ім дзяліў франтавы ваенны хлеб, можна скласці ўяўленне аб яго характары, адносінах да справы, да людзей.
Вось як гаворыць пра Красоўскага камандуючы Першым Украінскім фронтам маршал Конеў: “Мне хочацца сказаць некалькі слоў аб авіятарах, якія дзейнічалі на нашым фронце ў складзе 2-й паветранай арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Сцяпана Акімавіча Красоўскага. Сам генерал Красоўскі – стары салдат, выпрабаваны баявы камандзір, які выдатна ведае не толькі авіяцыйную справу, але і наземныя войскі, іх службу і патрэбы. У яго распараджэнні была адна з самых буйных авіяцыйных армій – да трох тысяч самалётаў. Падтрымліваючы наступленне наземных войск, яму даводзілася праводзіць аперацыі вялікага размаху… У мяне аб генерале Красоўскім склалася думка, як аб вельмі здольным авіяцыйным начальніку”.
М. Цімошак
Комментарии