Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў рэдакцыю зайшла невысокага росту жанчына. Яна акуратненька пачала даставаць з папкі мноства друкаваных лістоў і сказала, што ўсё гэта работы Міколы Цімошака, яе дваюраднага брата.
Пазнаёміліся. Аказваецца жанчыну завуць Клара Дзмітрыеўна Дунай. Нарадзілася яна ў Аргелаўшчыне ў 1932 годзе, вучылася ў Вошкатаўскай сямігодцы, пасля – тры гады ў Капылі. Закончыла тэхналагічны інстытут і працавала інжынерам-тэхнолагам на Мінскім трактарным заводзе. І да творчасці свайго брата яна звярнулася невыпадкова, за што мы ёй вельмі ўдзячны, бо перад намі адкрываецца яшчэ адна невядомая старонка з жыцця нашых землякоў.
Хто ж такі Мікола Цімошак? Паводле слоў Клары Дунай, нарадзіўся ён 3 верасня 1923 года ў мястэчку Грозава Слуцкага павета Мінскай губерніі ў простай сялянскай сям’і. Закончыў 9 класаў Грозаўскай школы. І тут пачалася Вялікая Айчынная вайна. Старэйшая сястра Соня была эвакуіравана з Грозава. Шура пайшла ў армію.
У 1942 годзе памёр бацька. Мікола папрасіў прабачэння ў маці за тое, што пакідае яе адну, і адправіўся ў партызаны. Хлопец з юнацтва пазнаў цяжкасці ваеннага ліхалецця. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікола Цімошак працаваў у Капылі загадчыкам РДСК, а на наступны год паступіў ва ўніверсітэт на факультэт журналістыкі, які закончыў у 1950 годзе.
Усё жыццё наш зямляк працаваў у друку, спачатку – старшым рэдактарам рэдакцыі мемуарнай і ваенна-палітычнай літаратуры, 22 гады — у выдавецтве “Беларусь”. Шырока вядомы яго інтэрв’ю з маршалам авіяцыі Рудэнка С. І., расказ пра маршала Красоўскага С. А. Цімошак нават пачаў пісаць раман пра апошняга, але не змог яго закончыць. 28 жніўня 1987 года наш зямляк загінуў у аўтамабільнай аварыі. “Аб гэтым цяжка, вельмі цяжка ўспамінаць, – адзначае Клара Дунай. – Брат быў пры выдатным здароўі, напоўнены радасцю жыцця. Яму было ўсяго 64 гады”.
Марыя ШЭІНА
Комментарии