Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

49

Як мы Вялікдзень святкавалі

06.05.2013
На вёсцы самым галоўным святам быў Вялікдзень. Да яго рыхтаваліся раней, з першых пробліскаў вясны. Маці і бабуля рабілі сякі-такі рамонт у хаце, прыбіралі на падворку. Мы дапамагалі дарослым, але хацелася і пагуляць. Запомнілася мама, якая ўсміхалася, бо на Вялікдзень будзе чыста і прыгожа. Так вядзецца спакон вякоў, што ёсць дні ў годзе, калі чалавек павінен ачысціць сваю душу. Яна мела на ўвазе Вялікі пост. Надыходзіла Чырвоная субота, гаспадыні замешвалі цеста і пяклі пірагі, варылі яйкі ў цыбульным адвары. Якія ж яны былі прыгожыя! З самага ранку спакуслівы пах разносіўся па хаце, а з печы – водар пірагоў і яшчэ нешта таямнічае. Прачнешся ранкам у нядзелю, ды не проста прачнешся, а маці з замілаваным тварам, схіліўшыся над намі, пяшчотна, нібыта лёгкім крылом, прыцісне да сябе і паведаміць дзівосную навіну: “Дзеці, уставайце! Хрыстос Уваскрэсе!” Аднак на памяць прыходзіць і іншае. Аднойчы мы, як звычайна, прыйшлі на заняткі ў сваю маленькую пачатковую школу. Раптоўна, пасля другога ўрока, наш настаўнік Карл Іосіфавіч усіх школьнікаў вывеў на двор, пастроіў у адну шарэнгу, а насупраць другакласнікаў – Вову і Сашу, якія трымалі ў руках па чырвонаму яйку. Яны стаялі вінаватыя, спужаныя, з чырвонымі тварамі, нібыта тыя яйкі. Карл Іосіфавіч быў вельмі злосны. У хромавых ботах і салдацкім галіфэ тупаў уздоўж шарэнгі, вёў з парушальнікамі размову. Тыя штосьці мармыталі сабе пад нос. Ды і мы ўсе стаялі, вінавата апусціўшы галовы. Кожны перажываў учынак сябрукоў па-рознаму. Здарылася так: нехта шапнуў настаўніку, што ў школьнікаў ёсць чырвоныя яйкі. За гэта хлопчыкаў пазбавілі самаробных чырвоных акцябрацкіх зорак. Вялікдзень – гэта рэлігійнае свята, таму акцябронку нельга было мець сімвал свята. Так з нас рабілі атэістаў... Міхаіл ТАРАСЕВІЧ, Слуцкі раён  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей