Гаспадаркі раёна пачынаюць пераходзіць на летне-пашавае ўтрыманне жывёлы. У ліку тых, хто ўжо выганяе кароў на пашу, і адкрытае акцыянернае таварыства “Скабін”.
“Запаскі”, як звычайна называюць гэты дзень на Капыльшчыне, адбыліся 30 красавіка. На тэрыторыі малочнатаварнай фермы “Скабін” сабраліся практычна ўсе яе працаўнікі. Падзея сапраўды важная, паколькі позняя вясна не толькі змясціла пачатак палявых работ, але і не дазволіла своечасова вывесці жывёлу ў поле. А гэта ў першую чаргу — зніжэнне прадукцыйнасці статкаў.
Аднак проста выгнаць жывёлу ў поле — гэтага мала. Неабходна стварыць умовы, каб яна як мага хутчэй прызвычаілася да новых умоў утрымання. Паводле слоў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Уладзіміра Шэўчыка, першы дзень каровы пабудуць у полі не больш за паўтары гадзіны. Затым паступова гэты тэрмін будзе павялічвацца, і толькі праз пяць дзён жывёла будзе гатова ўвесь час знаходзіцца на пашы. На поле абавязкова будуць завозіцца грубыя кармы, патака, пастаўлены бочкі з вадой. Загадзя выгарадзілі прагоны для жывёлы, вызначыліся з умовамі працы пастухоў (іх на кожнай ферме будзе па чатыры).
“Мы плануем, што з 15 мая выйдзем на кругласутачнае выпашванне, — расказвае Уладзімір Паўлавіч. — Даіцца жывёла будзе ў кароўніках, паколькі пашы ў нас размешчаны блізка. Дарэчы, усе яны ў нас добрай якасці, шматкампанент-ныя. Сёлета ля Скабіна будзе пасеяна яшчэ 150 га люцэрны, а ля МТФ “Перац” – адналетка. Спадзяёмся, што ўсё гэта дазволіць нашай гаспадарцы вярнуць свае лідарскія пазіцыі”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии