Асноўнай задачай Капыльскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца далейшае павышэнне статусу педагагічнага работніка, развіццё сацыяльнага партнёрства, стварэнне эфектыўнай прававой і эканамічнай абароны правоў і прафесійных інтарэсаў сваіх членаў. Менавіта пра гэта гаварылася на V пленуме райкама падчас абмеркавання пытання аб удасканаленні работы па выкананні працоўнага заканадаўства ва ўстановах адукацыі ў ходзе рэалізацыі раённага Пагаднення паміж аддзелам адукацыі Капыльскага райвыканкама і раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на 2010-2013 гг.
[caption id="attachment_26622" align="aligncenter" width="443" caption="Л. Камёнка і А. Міхайлоўская падчас падпісання Пагаднення"]
[/caption]
Як адзначыла старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Людміла Камёнка, вырашэнне асноўнай задачы неабходна для прыцягнення ў галіну высокакваліфікаваных, таленавітых і творчых работнікаў, пошуку матываў застацца ў прафесіі для тых, хто ўжо стаў педагогам. Дасягненне гэтых мэт напрамую залежыць ад статусу педработніка, яго заработнай платы, адносін з боку грамадства да прафесіі, ад таго, наколькі свабодна можна рэалізаваць свой творчы патэнцыял і наколькі педагог абаронены ў прававым плане. Галіновы прафсаюз праяўляў і праяўляе прынцыповасць і настойлівасць ва ўсім, што звязана з абаронай правоў і законных інтарэсаў работнікаў устаноў адукацыі.
Каля 11 пазіцый раённага Пагаднення паляпшаюць становішча работніка ў параўнанні з працоўным заканадаўствам. Гэта нормы аб аплаце экзаменацыйных сесій у рамках вучэбных праграм студэнтам-завочнікам; заключэнне кантрактаў з работнікамі пенсійнага ўзросту пры наяўнасці дзяцей-студэнтаў – на перыяд навучання; раздзяленне працоўнага водпуска на дзве і больш частак; тэрміны заключэння кантрактаў з рознымі катэгорыямі работнікаў; магчымасць пераводу на бестэрміновы працоўны дагавор пры добрасумленнай працы больш за пяць гадоў па кантракце; тэрміны і першачарговае права прадастаўлення працоўных водпускаў і многае іншае. Гэтыя пазіцыі знаходзяць сваё адлюстраванне і ў калектыўных дагаворах устаноў адукацыі.
Для таго, каб не толькі крочыць у нагу з часам, але і ліквідаваць некаторыя перагібы заканадаўства ў адносінах да розных катэгорый педработнікаў, штогод уносяцца змены і дапаўненні ў раённае Пагадненне.
На актуальных пытаннях сістэмы адукацыі спыніліся ў сваіх выступленнях судакладчык, в. а. начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Міхайлоўская, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко.
У абмеркаванні даклада таксама прынялі ўдзел дырэктар Быстрыцкай СШ Мікалай Трус, старшыня прафкама Бучацінскай СШ Ганна Страленя, загадчык санаторнага ясляў-сада г. Капыля Наталля Дзямідчык.
Згодна з пастановай пленума будзе прадоўжана супрацоўніцтва выбарных прафсаюзных органаў з выканаўчым камітэтам, Саветамі дэпутатаў усіх узроўняў па ўдасканаленні калектыўна-дагаворных адносін і г. д.
На пленуме заключана Пагадненне паміж аддзелам адукацыі Капыльскага райвыканкама і Капыльскай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на 2013-2016 гг., якое падпісалі Людміла Камёнка і Алена Міхайлоўская. Пры падпісанні Пагаднення на новы перыяд было адзначана, што ўзровень сацыяльнага партнёрства паміж аддзелам адукацыі і райкамам прафсаюза атрымае далейшае развіццё і ўмацаванне, а сацыяльны статус работнікаў галіны значна ўзрасце.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии