У кожнай гаспадыні свае сакрэты. Аднак чамусьці адна і тая ж страва, прыгатаваная адной і той жа гаспадыняй, кожны раз мае крыху іншы смак. Чаму так? Адказ на гэтае пытанне, як і на многія іншыя, ужо знайшлі ў Лоцвінах. Менавіта там жывуць і працуюць члены аматарскага творчага калектыву “Лоцвінскія ўдалухі”. Сёння Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская дапамогуць нам прыгатаваць стравы народнай беларускай кухні.
[caption id="attachment_26617" align="aligncenter" width="443" caption="Галіна ДРОЖЖА і Валянціна ШЫМАНСКАЯ"]
[/caption]
Гатаваць трэба з душой
Першае, без чаго не атрымаецца смачная ежа, з якіх цікавых кампанентаў яна не складалася б, – гэта добры настрой. Як лічыць Галіна Віктараўна: “Без Бога не да парога. Няма добрага настрою – лепш не падыходзь да печы”. Вядома ж, трэба любіць людзей, адносіцца да ўсіх аднолькава добра.
“Не трэба гордасці ў адносінах да людзей. Як толькі пачнеш думаць пра сябе лепш, чым пра іншых, – тут жа табе жыццё па цемені цюк: не ганарыся! Бачыш таго ж п’яніцу, пашкадуй яго, падумай: лёс табе гэта для павучання паказаў”, – лічыць Галіна Віктараўна.
“У манастырах любая ежа чаму смачнейшая? – удакладняе Валянціна Антонаўна. – Бо энергетыка там асаблівая. Таму, каб атрымалася сапраўдная смачная страва, гатаваць яе трэба з душой”.
Гаспадыні і гаспадары
Лоцвіны славяцца як сваімі гаспадынямі, так і па-сапраўднаму цікавымі стравамі. Многія з рэцэптаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Такімі захавальнікамі з’яўляюцца Соф’я Шыманская, Валянціна Серая, Ганна Паўлюшчык. Жанчыны памятаюць старадаўнія рэцэпты і дзеляцца імі са сваімі нашчадкамі. А Віктар Рымашэўскі сам пячэ хлеб, ды такі смачны, што і не знойдзеш больш такога. Валянцін жа Кляпко не толькі сам пячэ хлеб, а яшчэ і меле зерне, каб атрымаць муку, затым і сам прасейвае.
На хуткую руку
Самай “лоцвінскай” стравай лічыцца яечня. А гатуецца яна вельмі проста. Патрэбны яйкі, якія трэба разбіць адразу на патэльню або падрыхтаваць раней у асобным посудзе, і тады магчыма да іх дадаць прыправаў ці малака (каб была больш вадкай). У такім выпадку звычайна яйкі размешваюць. Прыправы (соль, перац і г. д.) дадаюць на яйкі, што знаходзяцца на патэльні, або ўвогуле пасля смажання. Дома я прыгатавала гэтую страву. Яе смак і прастата
тэхнікі прыгатавання дазволіла і маёй дачцэ частавацца атрыманай смакатой у любы час. Нават без удзелу дарослых.
З гісторыі лоцвінскай кухні
Кожная пара года дыктавала свае правілы. Так, летам гатавалі герас (халаднік). Аднак склад гэтай стравы нават у адной вёсцы быў розным. Адзін з рэцэптаў прапаноўвае ўзяць смятану, дабавіць часнок, агурок і… бярозавы сок. А вось і іншы: таксама смятана, але разбаўленая вадой, туды пакласці цыбулю, кроп, агурок, цукар і соль.
Да зімы “запускалі” кароў, таму ў летні час ператоплівалі масла, варылі сыры, якія потым сушылі. Атрымоўваліся невялічкія кавалачкі духмянага сыру.
Восенню капалі бульбу, таму і большасць страў была прыгатавана з яе. Да гэтага часу ў лесе збіралі грыбы, ягады, квасілі капусту. Вельмі смачны быў узвар з сухафруктаў, прыгатаваны ў печы.
“Я і зараз так раблю, – кажа Валянціна Шыманская. – Пастаўлю раніцай у печ у чыгунку – да абеду ўжо і прыгатаваны. Нават цукру амаль не дабаўляю, бо фрукты і так салодкія”.
Вясной таксама выратоўвала ўсё тая ж бульба. Калі паяўлялася першая зеляніна, рабілі халаднік ужо з яе. Вельмі смачны атрымоўваецца ён са шчаўя, чырвоных буракоў. У гэтую страву часта дабаўлялі бярозавы сок. Абавязкова прытрымліваліся Велікоднага Посту. А калі наступаў Вялікдзень, рыхтавалі святочныя стравы: адварвалі мяса з салам, каўбасы ў чыгуне. Абавязкова выкопвалі хрэн і гатавалі з яго сапраўдную беларускую прыправу: церлі на тарцы, а затым дабаўлялі крыху соку з чырвоных буракоў.
Ну а ўзімку калолі свіней, і тады пачынаўся сапраўдны пір. Амаль у кожнага гаспадара была свая вяндлярня, дзе і дадавалі каўбасам або салу непаўторны водар вэнджання. Самая папулярная страва ў вёсцы – мачанка. Да яе пяклі бліны і аладкі. Усё было прыгатавана ў печы.
Прыгатуйце і вы сваё, беларускае, не пашкадуеце. А калі ведаеце іншыя цікавыя рэцэпты страў, дасылайце да нас у рэдакцыю або званіце – і мы абавязкова прыедзем да вас!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии