Пачаць свой аповед пра лёс дзвюх жанчын, якія трапілі на Капыльшчыну не па сваёй волі, хацелася б вось з чаго. Пасля Чарнобыльскай аварыі, перад самым рассяленнем у іншыя раёны Беларусі, якія не пацярпелі ад тэхнагеннай катастрофы, некалькі жанчын з адной вёскі Залессе, што на Брагіншчыне, яшчэ не ведаючы, што будзе прынята рашэнне аб адсяленні, убачылі адзін і той жа сон. Быццам статак чорных кароў выводзілі з вёскі. Самая старэйшая жыхарка, Марыя Іванаўна Макойла, у размове з Вольгай Купрыенка растлумачыла: “Гэта нядобра”. Так і выйшла…
[caption id="attachment_26513" align="aligncenter" width="448" caption="В. М. Купрыенка"][/caption]
Вольга Мікалаеўна Купрыенка жыве разам з сям’ёй на Капыльшчыне з 1987 года. Да гэтага часу яе, расіянку, амаль з-пад самай Масквы віхурам жыццёвых падзей занесла спачатку на Гомельшчыну, а пазней і на Капыльшчыну. У 1986 г. яна жыла ў Брагінскім раёне, саўгас “Пасудава”, в. Залессе. Усяго 12 кіламетраў ад Чарнобыля. Таму і змагла ўбачыць жанчына “паўночнае ззянне”, якое “ўпрыгожвала” неба ў тыя красавіцкія дні.
Муж працаваў у гэтым жа саўгасе галоўным эканамістам. Эвакуіраваць гаспадарку пачалі напярэдадні 9 мая. Жонку з дзецьмі ён адправіў у Гомель, а сам застаўся дапамагаць у саўгасе. З Гомеля Вольга Мікалаеўна адна, з двума дзецьмі на руках, паехала ў Маскву. Яна і сёння памятае, як на вакзале гучна кашляла двухгадовая дачка Святланка: захварэла на коклюш. А да роднага Ліпецка яшчэ сем гадзін ехаць! Але неяк жа дабраліся.
“Прыехала, прыходжу дамоў, як сапраўдная бежанка: усё неабходнае змясцілася ў дзвюх сумках, - успамінае Вольга Мікалаеўна. - Мама знайшла карту, расклала на падлозе і з лінейкай вымярала адлегласць ад Чарнобыля да нашай вёскі: вы- лічвала дакладную колькасць кіламетраў. Праз некаторы час да нас прыехаў і муж. На працягу некалькіх месяцаў мы жылі ў добраўпарадкаванай кватэры ў Суздалі – дапамагла сяброўка. Але мужу не хапала Беларусі”.
Потым Купрыенкам прапанавалі вярнуцца ў Акцябрскі раён той жа Гомельскай вобласці. Але сябар Сяргей Каваленя, які жыў у Дусаеўшчыне, пераманіў на Капыльшчыну. А другі добры знаёмы, Яўген Ляшчына, дапамог Купрыенкам пераехаць у Цімкавічы.
“Мы па натуры не вандроўнікі. Гэта аварыя нас прымусіла пераязджаць з месца на месца, - кажа Вольга Мікалаеўна. – Ведаеце, на Гомельшчыне жывуць вельмі шчырыя людзі. Мы ж яшчэ маладыя былі, толькі жыццё стала наладжвацца, карову завялі. А тут з усім трэба развітацца: і са знаёмымі, і з гаспадаркай”.
[caption id="attachment_26514" align="aligncenter" width="308" caption="М. А. Шалкоўская"][/caption]
ГІСТОРЫЯ Марыі Аляксандраўны Шалкоўскай, бухгалтара аддзела архітэктуры і будаўнітва райвыканкама, адрозніваецца толькі абставінамі перасялення. Сэнс і боль – усё тыя ж.
У канцы 80-х гадоў Марыя Аляксандраўна жыла і працавала ў Хойніцкім раёне ў калгасе “Рассвет”. Пасля жудаснай аварыі паўднёвая частка раёна трапіла ў спісы абавязковага адсялення. Жыхарам вёскі ў сельсавеце прапанавалі розныя населеныя пункты з улікам іх пажаданняў, куды можна ад’язджаць. У 1991 годзе менавіта для гэтага сельсавета пабудавалі дамы кватэрнага тыпу ў в. Мажа Капыльскага раёна, а ў лютым-сакавіку пачалі пераезд.
Першы час вельмі сумавалі па родных мясцінах, успаміналі, як адбылася аварыя. У канцы красавіка 1986 года пасадзілі бульбу. Пра здарэнне на атамнай электрастанцыі ніхто нічога не ведаў. І толькі 30 красавіка надвячоркам пачалі разносіць таблеткі ёду. Сказалі, быццам на станцыі нешта здарылася. А таму ў хаце трэба часта рабіць вільготную ўборку, не выходзіць на вуліцу без галаўнога ўбору, часта мыць рукі, а таксама накрыць чым-небудзь калодзеж, аддаць скаціну, нічога не есці са свайго агарода ці лесу, не лавіць рыбу. Аднак ці выратуе гэта ад радыяцыі?
Масавая эвакуацыя тых, хто жыў у трыццацікіламетровай зоне, пачалася 3 мая. Людзям сказалі браць толькі самае неабходнае і ежу дні на тры. Абяцалі, што яны хутка вернуцца. Тыя, хто жыў на 20 км далей (у тым ліку Шалкоўскія), заставаліся на забруджанай тэрыторыі яшчэ на пяць гадоў…
Пасля таго, як, нарэшце, у 1991 годзе прыехалі ў в. Мажа, усіх выклікалі ў праўленне калгаса “Ленінец”, прапаноўвалі работу. Многія засталіся і працуюць зараз. Але прыжываліся цяжка і нават балюча. Палова з прыехаўшых не вытрымала - вярнуліся на радзіму амаль праз месяц.
[caption id="attachment_26516" align="aligncenter" width="443" caption="Землякі звычайна сустракаюцца на Радаўніцу"]
[/caption]
Але Марыі Аляксандраўне пашанцавала сустрэцца з добрымі людзьмі. Яна, бухгалтар па адукацыі, звярнулася, як тады казалі, “на біржу”. Тагачасны кіраўнік Кацярына Абрамовіч прыветліва сустрэла жанчыну. А Уладзімір Чарняўскі, які ў той час працаваў галоўным архітэктарам, шукаў бухгалтара. Чамусьці ён і звярнуў увагу менавіта на прозвішча Шалкоўская. Ужо больш за 20 гадоў яна і працуе ў гэтым маленькім, але такім дружным і шчырым калектыве. Муж - у Капыльскім цэху прыроднага і звадкаванага газу слесарам.
Марыя Аляксандраўна і зараз са слязьмі на вачах успамінае прыгажосць родных мясцін: сасновы бор, вельмі ўрадлівую зямлю, прыгожыя сады і людзей найдабрэйшай душы. Там і жыццё было цікавае: хлопцы жаніліся на суседскіх дзяўчатах, хадзілі адзін да аднаго ў госці ды проста радаваліся. А пасля аварыі пачалася зусім іншая, сумная гісторыя. Зараз усе тыя, хто жыў у адной вёсцы, сустракаюцца на сваёй маленькай радзіме толькі на Радаўніцу. Гэты дзень аб’ядноўвае.
...На Пасведчанні пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый у радку “Пасведчанне сапраўдна да…” адно толькі слова – “Бестэрмінова”. Але ў ім – і боль успамінаў, і надзеі на будучае.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара, Паўла ШЭІНА і з сямейнага архіва Шалкоўскіх
Комментарии