6 жніўня дэпутаты раённага Савета дэпутатаў разгледзелі як рэалізоўваўся План мерапрыемстваў па выкананні дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз” на 2006-2009 гады ў раёне. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч, начальнік упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Іван Ліпніцкі, члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі аддзелаў і служб райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.Адкрываючы сесію, старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд звярнула ўвагу дэпутатаў на важнасць гэтай праблемы: у раёне на працягу шэрагу гадоў адзначаецца высокі ўзровень захворвання на туберкулёз. Праведзены РайЦГЭ рэтраспектыўны аналіз захворвання насельніцтва за 11 гадоў (1999-2009) (падрабязна расказвала “СП” за 15.04.2010 г. “Болезнь, которая не выбирает” -
Т. Р.) паказаў, што мае месца выражаная тэндэнцыя да росту захворвання. І сесія ставіць сваёй мэтай выпрацаваць мерапрыемствы па захаванні здароўя людзей, адзначыла М. Сандрозд.
Галоўны ўрач УАЗ “Капыльская ЦРБ”, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Ірына Гулевіч расказала пра супрацьтуберкулёзную работу, якая праводзіцца ў раёне. Стан гэтай работы знаходзіцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме. Акрамя гэтага, у мінулым годзе арганізацыя супрацьтуберкулёзнай дапамогі насельніцтву раёна разглядалася на лячэбна-кантрольным савеце ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама і правяралася Міністэрствам аховы здароўя рэспублікі. Распрацаваны планы мерапрыемстваў па паляпшэнні гэтай работы.
Згодна з планам мерапрыемстваў па выкананні дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз” у асноўным усе пункты праграмы выкананы, адзначыла дакладчык. Аднак у раёне няма ўрача-фтызіятра (урач-рэнтгенолаг сумяшчае). Набыта абсталяванне на суму 597,9 млн рублёў, у тым ліку перасоўная флюараграфічная ўстаноўка “Пульмаэкспрэс”, праведзены бягучы рамонт тубкабінета. У раёне працуе 3 стацыянарныя флюарографы (Капыльская ЦРБ, Старыцкая і Семежаўская ўчастковыя бальніцы –
Т. Р.), што забяспечыла максімальны ахоп насельніцтва флюараграфічным абследаваннем. Калі ў 2006 годзе было абследавана 79,1% насельніцтва, то ў 2009 – 98,2%. Абавязковыя кантынгенты абследаваны на 99,9% (абл. 99,8%), пагражальныя – на 96,3% (абл. 96,4%). Ахоп туберкуліна-дыягностыкі дзяцей склаў 100% (абл. 99,8%).
У сувязі з павелічэннем працэнта ахопу абследавання насельніцтва павялічылася колькасць выяўленых хворых на туберкулёз. У мінулым годзе на ўлік узята 30 новых туберкулёзных хворых, з іх 28 – з лёгачнай формай, зарэгістраваны 4 выпадкі смерці ад інфекцыі. За 6 месяцаў 2010 года ўжо выяўлена 10 хворых, з іх 1 выпадак нялёгачнага туберкулёзу. Але, як адзначыла выступоўца, не ўсе кіраўнікі сур’ёзна адносяцца да абследавання сваіх работнікаў, многія прымаюць на працу жыхароў іншых абласцей і нават краін без праходжання медыцынскай камісіі, а затым узнікаюць пытанні па абследаванні, ізаляцыі і лячэнні замежных грамадзян.
“На сёння ва ўсім свеце самым эфектыўным метадам выяўлення туберкулёзу з’яўляецца флюараграфічнае абследаванне, — адзначыла Ірына Гулевіч. – Таму толькі сумесная работа медыкаў, кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый, а таксама сельвыканкамаў можа забяспечыць своечасовае выяўленне туберкулёзу”. Лічыцца, што адзін хворы на туберкулёз з бацылавыдзяленнем можа заразіць 50 чалавек. Дакладчык адзначыла станоўчую работу кіраўнікоў Семежаўскага, Цімкавіцкага, Капыльскага сельсаветаў, якія дапамагаюць у падвозе насельніцтва для абследавання, падрабязна спынілася на аналізе захворвання ў 2009 г. сельскіх жыхароў і горада, адпаведна, 27 і 3 выпадкі з 30, мужчын і жанчын (20 мужчын, 10 жанчын). Пры праходжанні прафаглядаў было выяўлена 19 хворых. Ірына Гулевіч дадала, што сярод хворых на туберкулёз шмат асацыяльных асоб, таму часта востра паўстаюць пытанні абследавання і лячэння. Даводзіцца звяртацца па дапамогу да ўчастковых міліцыі і нават у суд. Дакладчык адзначыла актыўную работу міжведамаснага савета па барацьбе з туберкулёзам, з дапамогай якога ўдавалася аператыўна вырашаць пытанні. За 2009 год прымусоваму лячэнню падлягалі 5 хворых, былі шпіталізаваны 4, адзін выбыў з раёна. За 6 месяцаў бягучага аформлены на прымусовае лячэнне 2 чалавекі, абодва злоўжываюць спіртным, не працуюць.
На дыспансерным уліку ў фтызіятра сёння знаходзіцца 342 хворыя. Кантынгенты хворых на актыўны туберкулёз склалі ў 2009 годзе 148,5 на 100 тысяч насельніцтва (абл. 139, у 2008 г. – 134,8), туберкулёз органаў дыхання – 140 на 100 тысяч насельніцтва.
Вострай застаецца праблема распаўсюджанасці туберкулёзу са шматлікай лекавай устойлівасцю. У раёне 3 такія. Эфектыўнасць лячэння гэтай катэгорыі хворых значна ніжэй. Такія пацыенты лечацца не менш за 2 гады, прэпараты атрымліваюць дарагія. Напрыклад, адзін дзень знаходжання хворага ў рэанімацыі пасля аперацыі абыхо-дзіцца ў 200-400 тыс. рублёў. А хворы на туберкулёз лечыцца ад 8 да 14 месяцаў.
Аб рабоце па прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, прафілактыцы туберкулёзу далажыў галоўны ўрач ДУ “Капыльскі РайЦГЭ” Аляксей Кароль, пра работу аб папярэджанні туберкулёзу ў жывёлагадоўчай галіне АПК – галоўны ветурач раёна Леанід Паляшчук. Дапоўнілі дакладчыкаў у сваіх выступленнях галоўны ўрач Бабаўнянскай амбулаторыі Сцяпан Ёрш, дырэктар Ванелевіцкай СШ Наталля Пішчэўская, начальнік упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Іван Ліпніцкі.
Заслухаўшы інфармацыю, дэпутаты прынялі адпаведнае рашэнне, у якім, у прыватнасці, абавязалі супрацьтуберкулёзную службу, актыў раёна забяспечыць флюараграфічнае абследаванне ўсяго насельніцтва, звярнуўшы асаблівую ўвагу на найбольш праблемныя групы: беспрацоўных, адзінокіх, бяздомных, якія не праходзілі флюараграфічнае абследаванне больш за 2 гады. Неабходна праводзіць растлумачальную работу з людзьмі ў кожным населеным пункце, на тэрыторыі кожнага сельсавета. Здаровы лад жыцця павінен стаць галоўным фактарам у барацьбе з гэтай страшнай інфекцыяй, якая дае самую вялікую смяротнасць.
Таццяна РАІЦКАЯ
Комментарии