У нядзелю, 19 мая, на фізкультурна-аздараўленчым комплексе адбылося спартыўнае свята — лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кальцо” памяці Віктара Новіка. З’яўляючыся адным са старэйшых прабегаў у Беларусі (сёлета стартаваў у 25 раз), ён і сёння застаецца папулярным сярод аматараў бегу.
[caption id="attachment_27047" align="aligncenter" width="443" caption="На п’едэстале гонару — Н. Маліноўская, Н. Падлозная, І. Бандаровіч"]

[/caption]
Як і раней, прабег, які па традыцыі прысвечаны Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, сабраў пад свае сцягі аматараў бегу з розных куткоў краіны. На дыстанцыі 1, 3, 11, і 21 кіламетр (паўмарафон) выйшлі 227 спартсменаў з Капыля, Жодзіна, Салігорска, Жлобіна, Мінска, Ліды, Маладзечна і іншых гарадоў рэспублікі.
[caption id="attachment_27037" align="aligncenter" width="271" caption="Дзяржаўны флаг узнімаюць А. Караленка і Л. Калодка"]

[/caption]
Гісторыя спартыўнага свята пачалася з 1989 года. Тады на дыстанцыю 20 кіламетраў выйшлі 108 спартсменаў. З цягам часу прабег набіраў папулярнасць. У нас, на капыльскіх пагорках, за першынство змагаліся спартсмены з Украіны, Расіі, Літвы і нават Польшчы. Пастаяннымі ўдзельнікамі штогод былі беларускія клубы аматараў бегу “Калабок” (г. Салігорск), “Аматар”, “Няміга”, “Атлант”, “Вікторыя”, ”Мэта-42” (г. Мінск), “Бадзёрасць” (г. Жодзіна), “Рэгіён” (г. Маладзечна), “Алімп” (г. Барысаў) і іншыя. Тут побач з аматарамі стартавалі і спартсмены, імёны якіх былі вядомыя нават за межамі Беларусі. Прыемна, што не толькі ў мінулым, але і цяпер сярод пераможцаў прабегу гучаць імёны нашых землякоў.
[caption id="attachment_27039" align="aligncenter" width="226" caption="На дыстанцыі А. Клюйка"]

[/caption]
Удзельнікаў спартыўнага свята вітала выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы Ларыса Юха, а галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Жук азнаёміў аматараў бегу з праграмай мерапрыемства.
На першую дыстанцыю працягласцю 1 км выйшлі юныя спартсмены, дзе стартавалі і перамагалі не толькі капыльскія аматары бегу… Так, у дзяўчынак ва ўзросце да 10 гадоў перамагла мінчанка Марыя Гнедчык. Але п’едэстал гонару не застаўся без прадстаўніцтва капыльскіх аматараў бегу. Наша зямлячка Мілана Драніч стала “бронзавым” прызёрам. У хлопчыкаў лідарам тут стаў капылянін Кірыл Зяньковіч. У групе 10-11-гадовых зноў у пераможцах была госця — прадстаўніца г. Жодзіна Ангеліна Хісамудзінава, а вось другое і трэцяе месцы засталіся за капылянкамі Палінай Шакун і Веранікай Нераненяй. П’едэстал гонару ў хлопчыкаў поўнасцю застаўся за гаспадарамі — Ягор Мароз, Арцём Холад і Ілля Матусевіч занялі, адпаведна, першае, другое і трэцяе месцы.
[caption id="attachment_27040" align="aligncenter" width="443" caption="Старт на дыстанцыі 11 і 21 км"]

[/caption]
На трохкіламетровай трасе ў большасці груп таксама перамагалі капыляне. Сярод іх — Марына Нікалаеня, Руслан Гарнастай, Карына Кісель, Уладзімір Раеўскі і Дзяніс Дубіна. Былі пераможцы і сярод гасцей. Так, Аляксандра Ляўчук з Мінска стала пераможцай ва ўзроставай групе 1998-1999 г. н. На гэтай жа дыстанцыі былі і прадстаўнікі груп паважанага ўзросту, якія дастойна пераадолелі складаную трасу. Гэта пастаянны ўдзельнік свята жодзінец Леанід Калодка (75 гадоў і старэй) і мінчанка Вольга Зазулінская (65 гадоў і старэй).
[caption id="attachment_27042" align="aligncenter" width="443" caption="Ідзе ўзнагароджанне"]

[/caption]
Яшчэ не паспелі прыйсці на фініш першыя спартсмены 3-кіламетровай дыстанцыі, як старт ужо прынялі бегуны на 11 і 21 км. Дарэчы, сёлета гэта быў самы масавы забег, дзе ўдзельнічала больш за сотню спартсменаў. На дыстанцыі 11 км сярод пераможцаў адзначаны капыляне Дзмітрый Трыгубовіч, Ганна Бохан, госці — Віктар Бурак, Валянціна Пяхота (г. Мінск), Валерый Чэўс (г. Крупкі). Пераможцамі ў розных узроставых групах на паўмарафоне сталі прадстаўнікі мінскіх клубаў аматараў бегу Аляксандр Клюйка, Тадэвуш Жалток, Мікалай Валодчанка, Анатолій Бунас, Наталля Данільчанка, Галіна Нічай, салігорскіх — Вольга Більдзюкевіч, Ніна Падлозная, жлобін-скага — Барыс Матцем’янаў, крупскага — Пётр Чырыкаў. На вышыні зноў былі нашы спартсмены Дзмітрый Була і Сяргей Місючэнка. Першы стаў пераможцам ва ўзроставай групе 40-44 гады, а другі стаў бронзавым прызёрам сярод аматараў бегу 30-39 гадоў. У абсалютным заліку на асноўнай дыстанцыі сталі мінчане Аляксандра Перасава (1:29.55) і Аляксандр Клюйка (1:13.10), які запісаў у свой актыў трэцюю перамогу запар.

Пад бурныя апладысменты праходзіла ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў. На памяць аб юбілейным прабегу яны атрымалі граматы, медалі і памятныя сувеніры ад арганізатараў мерапрыемства, якімі сталі Капыльскі райвыканкам, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии