Наколькі сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі пад яравую сяўбу 2013 года? Адказ на гэта пытанне нашага карэспандэнта Маргарыты САКОВІЧ даў Аляксандр КАЛЯДА, начальнік Капыльскага філіяла ААТ “Аграхімпраект”:
— Гаспадаркі раёна забяспечылі сябе мінеральнымі ўгнаеннямі пакуль толькі на 76%: азотам — на 51%, фосфарам — на 57%, каліем — на 117%. Калій у дастатковай колькасці маюць практычна ўсе сельгаспрад- прыемствы, ёсць пытанні па фосфару ў ААТ “Мажа-Агра” (толькі 7%), а ў ААТ “Праснакі” іх завезена каля 1%. Яўны недахоп азотных угнаенняў адчуваецца ў ААТ “Капыльскае” — 21%, КСУП “С “Лясное” — 23%, РСУП “Бабоўня” — 24%. Увогуле, ААТ “Капыльскае” мае толькі 43% неабходных тукаў, ААТ “Мажа-Агра” — 50%. Астатнія гаспадаркі назапасілі ўгнаенняў больш, чым палову ад неабходнага.
Днямі на “Гродна-Азот” будзе накіравана каля 7 млрд рублёў бюджэтных сродкаў (часткова ўжо пералічаны). Ідзе адгрузка з Гомельскага хімічнага завода азотна-фосфарных комплексных угнаенняў (АФК) пад цукровыя буракі. Акрамя таго, часткова гаспадаркі забіраюць суперфасфат аманізаваны (замест АФК). Мы ўжо асвоілі 1,5 млрд руб. льготнага крэдыту, што нам быў выдзелены на азотныя ўгнаенні. Цяпер кладзём плацёжкі ў Белаграпрамбанк (таксама 1,5 млрд руб.) на набыццё фосфарных тукаў. Яны захоўваюцца на базе мінеральных угнаенняў ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”, таму і забіраць іх будзе значна прасцей. Спадзяюся, што сітуацыя праз некалькі дзён зменіцца ў лепшы бок. Некаторую колькасць мінеральных угнаенняў гаспадаркі набывалі і за ўласныя сродкі.
У гэтым годзе дагаворы на набыццё мінеральных угнаенняў заключаюцца непасрэдна паміж прадпрыемствам-вытворцам і гаспадаркай. І вагоны на чыгуначную станцыю паступаюць для кожнага сельгаспрадпрыемства мэтанакіравана. У сувязі з гэтым павялічылася і адказнасць кожнай гаспадаркі за дакладнасць выканання распрацаванага графіка разгрузкі вагонаў. І калі ты не хочаш падвесці сваіх калег-аграрыяў, трэба паклапаціцца пра арганізацыю адвозкі тукаў. Пра гэта трэба заўсёды памятаць, каб не паўтаралася сітуацыя, што была, напрыклад, з разгрузкай вагонаў для ААТ “Праснакі”, якія змаглі накіраваць на станцыю толькі два аўтамабілі. А трэба, як мінімум, чатыры.
Яшчэ немалаважная акалічнасць, пра якую трэба заўсёды памятаць як аграномам, якія накіроўваюць машыны на чыгунку, так і самім вадзіцелям. Я маю на ўвазе ўшчыльненне кузаваў. У якасці адмоўнага прыкладу можна назваць ААТ “Душава”, адкуль на загрузку мінеральных угнаенняў быў накіраваны …трактар з прычэпам, у якім, хутчэй за ўсё, нядаўна вывозілі арганіку. Мала таго, прычэп не закрываўся тэнтам, быў няшчыльны, і такія “дарагія” ва ўсіх адносінах тукі проста сыпаліся на дарогу.
Комментарии