Пытанне навядзення парадку на зямлі з’яўляецца актуальным для ўсіх слаёў насельніцтва. Не застаюцца ўбаку ад яго вырашэння і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Днямі ў райвыканкаме адбылася нарада з прадстаўнікамі малога бізнесу раёна, прысвечаная выкананню Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1087 ад 28 лістапада 2012 года.
Намеснікі старшыні райвыканкама Ала Раманоўская і Леанід Бурак яшчэ раз звярнулі ўвагу ўдзельнікаў нарады на парадак утрымання гандлёвых кропак (у прыватнасці, на абавязковае добраўпарадкаванне ў радыусе 5 метраў вакол іх), на заключэнне дагавораў з КУП “Капыльская ЖКГ” ці прыватнымі асобамі на вываз смецця.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Чаркас выказаў шэраг прэтэнзій па зборы другасных адходаў. У абавязковым парадку ён павінен праводзіцца раздзельна. Напрыклад, макулатуру неабходна здаваць у нарыхтоўчыя арганізацыі, а не вывозіць яе неарганізавана на палігон ЦКА. Дарэчы, прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці ў Капылі на базе ЖКГ двух пунктаў прыёму другасных адходаў (паперы, поліэтылену).
Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксей Кароль нагадаў, што гандлёвыя павільёны – гэта твар іх уладальнікаў, таму іх трэба трымаць у належным выглядзе, а таксама засяродзіў увагу на адказнасці за невыкананне санітарных нормаў і правілаў.
Галоўны архітэктар раёна Уладзімір Копаць заклікаў прыдаць будынкам эстэтычны выгляд, прыбраць тэрыторыю, адрамантаваць фасады.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии