Напрыканцы сакавіка адбыліся матчы па міні-футболе, якія паставілі кропку ў трохмесячным марафоне, дзе галоўным трафеем быў Кубак чэмпіёна раёна.
[caption id="attachment_26144" align="aligncenter" width="443" caption="Пераможцы Кубка раёна па міні-футболе"]
[/caption]
Пятнічным вечарам гледачы, якіх сабралася нямала ў спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу, сталі сведкамі адразу двух відовішчных і цікавых паядынкаў. У першай сустрэчы павінен быў выявіцца “бронзавы” прызёр турніру. Вопытнаму “Газавіку” (у яго склад уваходзілі супрацоўнікі газавай службы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях) супрацьстаяла маладая каманда аддзялення футбола Капыльскай СДЮШАР на чале з трэнерам Сяргеем Камяком, якая ў актыве мела чатыры перамогі над “дарослымі” аматарамі футбола. Матч атрымаўся даволі выніковым — 8:3 на карысць “Газавіка”.
Захапляючай стала і гульня за першае месца, дзе сустракаліся “Юнацтва” (моладзь раёна) і аматары футбола Капыльскага прадпрыемства будаўнічых сістэм. Першая каманда — яўны фаварыт турніру (усе матчы выйграла з буйным лікам), якой дастаткова было скончыць матч унічыю, каб атрымаць галоўны прыз. А вось іх сапернікам неабходна была толькі перамога. За першую палову сустрэчы каманда “Юнацтва” двойчы прымушала галкіпера саперніка даставаць мяч з сеткі варот, а іх сапернікі — тройчы. Ужо пасля перапынку два хуткія галы маладзёжнай дружыны прымусілі паверыць, што фартуна і сёння на іх баку. Між іншым, аматары спорту прадпрыемства будаўнічых сістэм дзякуючы хуткім контратакам і майстэрству нападаючых забілі два мячы ў адказ. Вынік сустрэчы — 5:4 на карысць КПБС.
Пераможцам акрамя Кубка і грамат дасталіся абанементы на наведванне басейна. Узнагароды пераможцам і прызёрам уручыў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии