
Нягледзячы на капрызы надвор’я, спадзяёмся, што вясна ўступіць у свае правы. А з яе прыходам па традыцыі прадоўжацца работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
З мэтай выпрацоўкі неабходных мерапрыемстваў, сістэматызацыі дзейнасці днямі была праведзена нарада са старшынямі сельвыканкамаў і зацікаўленымі структурамі.
Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, па яе выніках складзены пратакол даручэнняў. Згодна з ім старшыням сельвыканкамаў сумесна з кіраўнікамі, аграномамі сельгасарганізацый неабходна на працягу красавіка правесці абследаванне пустуючых зямельных участкаў і ўключыць іх у палі севазвароту ці ў межы населеных пунктаў.
Напрыканцы месяца будзе праверана ўхіленне заўваг прадпісанняў, выдадзеных грамадзянам па навядзенні парадку на сваіх сядзібах, за невыкананне якіх яны будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама неабходна размеркаваць (і замацаваць рашэннем сельвыканкама) усю тэрыторыю сельсавета паміж размешчанымі на ёй арганізацыямі і ўстановамі для навядзення і падтрымання парадку на зямлі.
Сёлета будуць прадоўжаны работы па цэнтралізаваным зборы смецця. Для гэтага КУП “Капыльская ЖКГ” сумесна з сельвыканкамамі будуць заключаны дагаворы з кожным домаўладальнікам на аказанне паслуг па вывазе цвёрдых бытавых адходаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии