Па ўсім відаць, што ў спрадвечным спаборніцтве паміж вясной і зімой, апошняя пакуль не збіраецца здаваць пазіцыі. Акрамя таго, што гэта адмоўна ўплывае на настрой людзей, пэўна, пакутуюць ад недахопу цяпла і расліны. Як і кожны жывы арганізм, яны таксама маюць свой біялагічны гадзіннік, згодна з якім ужо павінны прачнуцца ад зімовай спячкі і пайсці ў рост.
Ва ўсякім разе, такую карціну ў пачатку красавіка мы ўжо прывыклі назіраць апошнім часам. Як канстатуюць вучоныя, у 2012 годзе на 1 красавіка ў паўднёвых раёнах Беларусі ўжо былі пасеяны збожжавыя на 80,5% плошчаў. Сёння ж на палях ад 20 да 50 сантыметраў снежнага покрыва, а ўначы — замаразкі. Аграрнай вясной, як кажуць, і не пахне.
Сельгасвытворцаў, а ў першую чаргу — аграномаў, вядома ж, вельмі хвалюе, у якім стане знаходзяцца азімыя культуры. Адпаведныя даследаванні спрабуюць правесці і спецыялісты нашага раёна. Як паведаміла начальнік аддзела вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Філіновіч, днямі група, у склад якой увайшлі і прадстаўнікі раённай інспекцыі па насенняводстве і ахове раслін, вывучала стан пасеваў у ААТ “Скабін”. “Тут на палетках (на дзень праверкі) было яшчэ шмат снегу, — расказала Наталля Васільеўна, — таму ўдалося “дакапацца” толькі да азімай пшаніцы. Па ўсім відаць, што перазімавала яна нядрэнна. Што тычыцца рапсу і трыцікале — то яны “хаваюцца” пад тоўстай ледзяной скарынкай. Канчатковую ацэнку стану азімых культур можна будзе даць толькі пры тэмпературы больш за +5 градусаў”. Паведаміла спецыяліст і аб тым, што згодна з інфармацыяй намесніка дырэктара ААТ “Семежава” па раслінаводстве Юрыя Зяньковіча, азімыя ў гэтай гаспадарцы перазімавалі добра.
Часта расліны з зімоўкі выходзяць аслабленымі, таму могуць цярпець ад паражэнняў хваробамі, у прыватнасці, снежнай цвіллю. Развіццё хваробы спыняецца пры хуткім і дружным раставанні снегу ва ўмовах сонечнага і ветранага надвор’я. Пры гэтым аслабленыя расліны патрабуюць тэрміновага баранавання і падкормкі азотам.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии