Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Нараджэнне тканiны

31.03.2013
Ткацтва – адна з самых яскравых з’яў у традыцыйнай культуры беларускага народа. Яно цесна звязана з задавальненнем штодзённых патрэб сялянства, вырабам адзення, упрыгожваннем жылля і, разам з тым, яно ўзнялося да ўзроўню мастацкай з’явы. Мы бачым гатовы выраб, а як ён ствараецца – гэта загадка, тайна для неда-сведчаных. Традыцыйнай сыравінай для ткацтва былі лён і воўна жывёлы. Усё апрацоўвалася ўручную, і гэтым займаліся звычайна жанчыны. Мужчыны  мелі дачыненне толькі да вырабу і наладкі станка. Хаця гэтак было не заўсёды. Быў час, калі ткацтва лічылася мужчынскай справай, і яны вельмі выдатна спраўляліся. Але з цягам часу сітуацыя змянілася. Ткацкія навыкі, такія як снаванне, запраўка ткацкага станка, укідванне ўзора і г. д., перадаваліся выключна ад матулі дачцэ, ад бабулі – унучцы. Авалодваць рамяством пачыналі з 6–7 гадоў, а ў 14–15 гадоў дзяўчаты звычайна валодалі асноўнымі навыкамі і прыёмамі вырабу тканіны. Уменне ткаць лічылася адной з галоўных якасцей будучай нявесты, ды і пасаг кожная дзяўчына павінна  была прыгатаваць сабе сама. Працэс нараджэння тканіны быў вельмі доўгім і працаёмкім. Спачатку лён сеялі, выпраўляючыся ў поле, семя неслі завернутае ў белы абрус, каб у далейшым атрымаць чыстае, без пустазелля, поле, а ў канчатковым выніку – новае белае палатно. Напрыканцы лета–пачатку восені лён рвалі, абмалочвалі каробачкі з насеннем. Потым лён рассцілалі на лузе, і ён гэтак вылежваў прыблізна 3–4 тыдні. Потым яго сушылі, церлі, трапалі, часалі. Напрыканцы восені пачыналі прасці з дапамогай верацяна ці калаўрота. Ад працы не адрываліся тыднямі. Толькі па святах і ў нядзелю дазваляўся перарыў. Калі кудзеля была спрадзена, то атрыманыя з яе ніткі рыхтавалі да ткацтва: выбельвалі, фарбавалі. У Вялікі пост, калі дзень становіцца большым і святлейшым, пачыналі ткаць. Ткацтва – працэс у сваім родзе завяршальны. З гэтай адказнай справай неабходна было ўправіцца да Вялікадня. Палатно палучалі рознае. Самае тонкае, вытанчанае – кутэльнае, потым па якасці было нечаснае, пярэдзіркавае, а самае грубае – зрэбнае палатно. Асобна вылучаліся тканыя вырабы дэкаратыўнага прызначэння, вырабы для інтэр’ера – рушнікі, посцілкі, дываны, настольнікі і інш. Вытанчанае і даматканае, з раслінным і зааморфным арнаментам, аздобленае строгімі геаметрычнымі формамі – такое ткацтва захапляе і ўражвае. Ручное ткацтва шырока панавала яшчэ да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Потым на змену прыйшла фабрычная вытворчасць, а да гэтага часу патрэбу большай часткі насельніцтва задавольвалі тканіны ручного вырабу. Шматлікасць тэхнічных прыёмаў – бранае, выбарнае, рэмізнае, закладное, ажурнае – давала магчымасць вырабляць не толькі тканіны ўтылітарнага прызначэння, але і выдатныя творы мастацтва. Самае галоўнае, што кожны твор ткацтва глубока адлюстроўвае мірапогляд, філасофію, эстэтычны густ народа і з’яўляецца часцінкай душы таго майстра, які яго выткаў, увабраўшы ў сябе сонечнае цяпло, вільгаць зямлі, подых ветрыку, любоў працавітых рук. Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар раённага цэнтра ткацтва  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей