Выбар прафесіі – гэта даволі сур’ёзнае пытанне, да якога неабходна падыходзіць абдумана.
І ўсё ж такі, гэта выпадковасць ці заканамернасць? Бясспрэчна адно: падзеі ў жыцці чалавека адбываюцца невыпадкова, кожная з іх нясе ў сабе сэнс, вызначаючы ў многім далейшы шлях. Менавіта так, крок за крокам, да справы свайго жыцця ішла дырэктар Капыльскага раённага края-знаўчага музея Валянціна Шуракова.
[caption id="attachment_25817" align="aligncenter" width="443" caption="В. Шуракова"]
[/caption]
Вельмі важна, калі на жыццёвай сцяжынцы сустракаюцца выдатныя людзі, якія ўласным прыкладам, абаяльнасцю, прафесіяналізмам робяць незабыўнае ўражанне, прымушаюць быць падобнымі на іх. Такіх асоб у жыцці Валянціны Леанідаўны было некалькі. Асновы працавітасці, імкнення да ведаў прывіла першая настаўніца Яўгенія Фадзееўна Далецкая. У дзённіках маленькай Валі (у дзявоцтве — Валчкевіч), якія захаваліся і сёння, усе старонкі ўпрыгожвалі толькі выдатныя адзнакі. “Выхаванне ў нас было зусім іншае, заснаванае на патрыятызме. Шмат мерапрыемстваў, цікавых спраў. У мяне да гэтай пары захавалася шмат фотаздымкаў, якія распавядаюць, як мы збіралі макулатуру, металалом”, — узгадала Вялянціна Шуракова. Нягледзячы на тое, што яе цяперашняя прафесія звязана з гісторыяй, у школе ёй усё ж такі больш падабалася матэматыка, асабліва яе раздзел — геаметрыя. Астатнія прадметы прыцягвалі не так моцна. Яна іх проста ведала. Гады для выдатніцы вучобы ў сярэдняй школе №2 г. Капыля не абыходзіліся без актыўнай грамадскай дзейнасці. Старшыня піянерскага атрада, камсорг класа — такія пасады абавязвалі да многага.
[caption id="attachment_25818" align="aligncenter" width="336" caption="Фота на памяць з Героем Беларусі М. Высоцкім"]
[/caption]
Скончыўшы школу з залатым медалём, Валянціна паступае ў Мінскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт. Пасля першага курса нябачнай нітачкай, якая пакрысе стала прыцягваць тады маладую студэнтку да будучай справы яе жыцця, стала музейная практыка. Два тыдні, праведзеныя ў знакамітых музеях Масквы і Ленінграда, зрабілі незабыўныя ўражанні на дзяўчыну. Яшчэ адзін немалаважны момант, які таксама паўздзейнічаў на будучы выбар, адбыўся падчас вывучэння курса краязнаўства. Выкладчык прадмета, вывучыўшы фонды разнастайных музеяў рэспублікі, вельмі станоўча адгукнуўся пра насычанасць і каларыт экспанатаў менавіта капыльскай установы культуры. Але студэнтка педінстытута нават і не здагадвалася, што гэтыя дзве акалічнасці падзейнічаюць на яе значна пазней…
Працаваць малады педагог Валянціна Валчкевіч пачала ў Камсамольскай сярэдняй школе, дзе да дэкрэтнага водпуску выкладала гісторыю і замежную мову. Ужо пасля амаль паўтара года настаўнічала ў Капыльскім ПТВ-211. Аднойчы тадышні намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Мельянец прапанаваў педагогу перайсці працаваць у музей (на той час калектыў быў поўнасцю расфарміраваны —
С. Л.). З таго часу, а дакладней — з 6 жніўня 1985 года, Валянціна Леанідаўна ўзначаліла культурную ўстанову. Невялікаму штату на невялікай плошчы, якая складала палову цяперашняй, спачатку прыйшлося сістэматызаваць фонды, прыводзіць у парадак дакументацыю, удасканальваць экспазіцыю. І, бясспрэчна, хацелася папаўняць музей новымі экспанатамі (на той час збор экспанатаў за год складаў усяго 13 адзінак!). Асноўныя прынцыпы ў рабоце, яшчэ будучы маладым кіраўніком, Валянціна Шуракова ўзяла ад цудоўных настаўнікаў, з якімі працаваць было вельмі цікава, проста і зручна. Прыкладам вядзення справы для яе сталі выдатны краязнаўца, навуковы супрацоўнік музея Фёдар Канстанцінавіч Абрамчык, загадчыкі аддзела культуры Ядвіга Васільеўна Пацэйка, Ала Марксаўна Раеўская...
[caption id="attachment_25819" align="aligncenter" width="443" caption="В. Шуракова (злева) з калектывам музея на мерапрыемстве “Ноч музеяў”"]
[/caption]
Сапраўдным падарункам для краязнаўцаў стала адкрыццё 18 красавіка 2000 года адрамантаванага будынка. Падзея была даволі сімвалічнай, паколькі менавіта ў гэты дзень святкаваўся Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў (як вядома, будынак музея — помнік гісторыі канца XIX стагоддзя). З гэтага часу пачаўся новы віток у жыцці калектыву, у музейнай справе. Пры падтрымцы раённай улады ў 2003 годзе ў вёсцы Вялешына Слабада-Кучынскага сельсавета з’явіўся музей этнаграфіі і побыту канца ХІХ–пачатку ХХ стст. Выдатным дасягненнем краязнаўцаў стала атрыманне Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на стварэнне экспазіцыі. Дзякуючы гэтым грашовым сродкам з дапамогай калектыву, самабытных мастакоў і дызайнераў пакрысе вымалёўваўся сучасны інтэр’ер залы археалогіі. Ужо пасля з’явілася экспазіцыя “Мястэчка”, зробленая практычна без матэрыяльных затрат, дзякуючы чаму ў 2004 годзе музею была прысуджана прэмія года аблвыканкама ў намінацыі “Музейная справа”. Пасля на Капыльшчыне з’явіўся яшчэ адзін культурны аб’ект — дом-музей Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага ў аг. Семежава. За праводзімую работу ў 2011 годзе дырэктару музея Валянціне Шураковай быў уручаны нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
[caption id="attachment_25820" align="aligncenter" width="443" caption="Падчас прэс-тура “Па сядзібах Эдварда Вайніловіча”"]
[/caption]
Здавалася б, ужо зроблена нямала, але няўрымслівая, самадастатковая, энергічная Валянціна Шуракова не спынілася на дасягнутым. Сёння вялікую ўвагу калектыў надае праектнай дзейнасці. Пры падтрымцы і непасрэдным удзеле раённага выканаўчага камітэта ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” раённы музей рэалізуе праекты зялёнага маршруту “Міжрэчча Мажы і Морачы” на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета, “Апекуны шчасця” ў рамках праекта “TOLLAS – да актыўнага грамадства ў любым узросце”, “Нашы землякі-эмігранты, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё сусветнай культуры”. Нядаўна стартаваў новы – “Выставы з прыватных калекцый”.
Распавядаючы пра дзейнасць музея, Вялянціна Шуракова неаднаразова падкрэслівала, што гэтыя дасягненні — работа ўсяго калектыву. Прэміі, гранты, Ганаровыя граматы немагчыма было б атрымаць без асабістага ўкладу кожнага з супрацоўнікаў. Але, зразумела, і без умелага кіраўніка, які дакладна вызначае задачы і шляхі іх рэалізацыі, калектыў таксама існаваць не можа. Невыпадкова, што ў лютым бягучага года за шматгадовую плённую працу ў галіне культуры, значны асабісты ўклад у развіццё музейнай справы, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Капыльскага раёна Валянціна Леанідаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.
Працаваць з душой і самааддачай — жыццёвае крэда майстра музейнай справы. Валянціна Шуракова ўпэўнена, што прафесію выбрала правільна.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара і Марыі ШЭІНАЙ
Комментарии