На 28-й сесіі Капыльскага раённага Савета дэпутатаў у ліку асноўных пытанняў парадку дня быў разгледжаны ход выканання Дзяржаўнай праграмы ”Культура Беларусі” на 2011-2015 гады ў Капыльскім раёне. У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаравец, старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў культуры і адукацыі раёна.
[caption id="attachment_25746" align="aligncenter" width="443" caption="У раённым краязнаўчым музеі"]
[/caption]
Напачатку дэпутаты раённага Савета дэпутатаў наведалі ўстановы культуры г. Капыля. У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі з работай сістэмы пазнаёміла дырэктар
Таццяна Серая. У прыватнасці, летась, у Год кнігі, дзейнасць бібліятэк была скіравана на прыцягненне ўвагі да кнігі і чытання, што дазволіла павялічыць колькасць наведвальнікаў на 1,6%. За мінулы год адзіны фонд публічных бібліятэк раёна попоўніўся на 21 тыс. экзэмпляраў, паказчык абнаўлення бібліятэчных фондаў – 5,9%. Нарматыў па камплектаванні фондаў склаў 16,6% ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання. Камп’ютарызавана 18 бібліятэк, у тым ліку 16 на вёсцы з выхадам у Інтэрнэт. У сярэднім адна сельская бібліятэка аказвае 8 відаў платных паслуг, бібліятэка аграгарадка – ад 15 да 20. Каб задаволіць патрэбы сельскіх жыхароў, дзе няма стацыянарнай бібліятэкі, прымяняюцца разнастайныя формы абслугоўвання: пункты выдачы, кніганошства, перасоўныя бібліятэкі.
З дзейнасцю Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў пазнаёміў яе дырэктар
Уладзімір Чаркас. Так, у раёне працуюць дзве дзіцячыя школы мастацтваў з пяццю філіяламі ў сельскай мясцовасці: у аграгарадках Старыца, Быстрыца, Семежава, вёсках Слабада-Кучынка, Канюхі з агульнай колькасцю 429 навучэнцаў. У мінулым годзе імі заваяваны Гран-пры і пяць дыпломаў лаўрэатаў розных ступеняў на абласных і рэгіянальных конкурсах.
Як адзначыла дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея
Валянціна Шуракова, асноўны фонд музея папоўніўся на 609 музейных прадметаў, арганізавана 17 выстаў, праведзена 315 экскурсій, 112 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” і ў Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, рэалізоўваецца праект “Апекуны шчасця”.
У раённым Цэнтры культуры да ўвагі ўдзельнікаў сесіі былі прапанаваны выставы ўстаноў культуры раёна, прадстаўнікі якіх знаёмілі з метадычнымі напрацоўкамі, давалі каментарыі, адказвалі на пытанні.
З дакладам аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады ў Капыльскім раёне выступіла начальнік аддзела культуры райвыканкама
Наталля Царкова. Як адзначыла Наталля Іванаўна, сетка ўстаноў культуры Капыльскага раёна на 1 студзеня 2013 года налічвае 67 адзінак: 28 устаноў клубнага тыпу, 36 публічных бібліятэк, 2 установы пазашкольнага выхавання і навучання, 1 музей з філіяламі ў аг. Семежава і в. Вялешына. Пры ўстановах культуры працуюць восем народных самадзейных калектываў і адзін узорны.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады ва ўстановы культуры паступіла камп’ютарная тэхніка і праграмнае забеспячэнне, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы, гукаўзмацняльная апаратура, абсталяванне і мэбля. Праведзены рамонт даху Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, заменены вокны і дзверы ў РЦК. У наступным годзе завершыцца ўстаноўка энерга-зберагальных вокнаў у Капыльскай ДШМ. Адрамантаваны сістэмы ацяплення ў Лясноўскім СДК, установе культуры аг. Пясочнае, Быстрыцкай сельскай бібліятэцы. Усяго на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы накіравана 83,6 млн рублёў.
У 2012 годзе калектывы мастацкай самадзейнасці актыўна ўдзельнічалі ў абласных святах і конкурсах. Узорны эстрадны дзіцячы аркестр Капыльскай ДШМ стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу-фестывалю “JAZZ-TIME” у Салігорску. Народны ансамбль народнай песні “Спадчына” атрымаў дыплом III ступені на абласным фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. За межамі раёна добра вядомы Калядны абрад “Цары”, які штогод збірае шмат гасцей у аг. Семежава. Таксама візітоўкай раёна з’яўляюцца абласны фестываль гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, абласное свята-конкурс па ткацтве ручніка “Млечны шлях ад рук бабулі” і інш.
На ажыццяўленне дзейнасці ўстаноў культуры і мастацтва з мясцовага бюджэту было выдаткавана 10,7 млрд рублёў. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 384 млн рублёў, што на 27,7% больш, чым у 2011 годзе. Спонсарская дапамога – 40,7 млн рублёў.
Як падкрэсліла выступоўца, разам з тым установамі культуры Капыльшчыны вядзецца недастатковая работа па культурным абслугоўванні сельскага насельніцтва, не заўсёды арганізавана і творча працуюць клубы па інтарэсах. На недастатковым узроўні наладжана работа па падборы і расстаноўцы кадраў у сельскіх установах культуры. З-за адсутнасці фінансавых сродкаў не ўсе аб’екты прыведзены ў адпаведнасць з нормамі пажарнай бяспекі.
Пра сумесную работу мясцовай улады і ўстаноў культуры гаварылі ў сваіх выступленнях дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Цімкавіцкай Маладзёжнай выбарчай акрузе №33, старшыня пастаяннай камісіі па развіцці сацыяльнай сферы райсавета дэпутатаў, старшыня Цімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў
Алена Острыкава, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па выбарчай акрузе імя 50 гадоў БССР №20, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама
Наталля Гарбацэвіч, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Слабада-Кучынскай выбарчай акрузе №4, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Слабадакучынскай СШ
Барыс Дзенісюк, дырэктар Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу
Любоў Карповіч. Станоўчую ацэнку галіне культуры Капыльшчыны далі намеснік старшыні райвыканкама
Ала Раеўская і сенатар
Мікалай Казаравец.
Згодна з рашэннем раённага Савета дэпутатаў выкананне Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады прадоўжыцца. Работа будзе весціся ў адпаведнасці з раённым планам мерапрыемстваў да Года беражлівасці, па выкананні задання па павелічэнні пазабюджэтных даходаў, рацыянальным выкарыстанні сродкаў, па рэарганізацыі, аптымізацыі і стварэнні ўстаноў культуры комплекснага характару, рамонце памяшканняў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванні тэрыторый, забеспячэнні высокай якасці правядзення абласных і раённых культурных мерапрыемстваў, заняткаў клубных фарміраванняў і г. д.
Акрамя таго, на пасяджэнні сесіі быў разгледжаны ход выканання раённай праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у 2011-2015 гадах, зацверджаны Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Капыльскага раёна на 2013-2015 гады, Інструкцыя аб парадку фарміравання і зацвярджэння планаў пераўтварэння камунальных унітарных прадпрыемстваў, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці Капыльскага раёна, у адкрытыя акцыянерныя таварыствы і справаздача аб выкананні раённага бюджэту за 2012 год.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии