Арганізацыя адпачынку працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў хвалюе і кіраўнікоў гаспадарак, і работнікаў культуры.
Такая задача вырашалася на раённым выязным семінары клубных работнікаў, які адбыўся на базе Грозаўскага СДК і Праснакоўскага СК. Заўважу, што калі кіраўнік гаспадаркі працягвае руку падтрымкі клубнаму работніку – вынік заўсёды станоўчы. Так адбылося і на гэтым семінары. Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі дырэктарам КСУП “Грозава-агра” Аляксандру Валянцінавічу Рыбаку і ААТ “Праснакі” Руслану Анатольевічу Сухаверху за дапамогу і каштоўныя падарункі для сваіх працаўнікоў.
Сапраўды, клубы супрацоўнічаюць з гаспадаркамі. На ўсіх мерапрыемствах прысутнічалі ідэалагічныя работнікі, і кожнаму з іх было што сказаць пра аднавяскоўцаў, якія ўмеюць не толькі добра працаваць, але і адпачываць.
У Грозаўскім СДК клубныя работнікі прапанавалі да ўвагі калег вечар–партрэт “Не ўсё былое аджыло” з удзелам Валянціны Цвірко, Тамары Гаргун, Галіны Машэй, якія працавалі і прадаўжаюць працаваць у гаспадарцы, нягледзячы на пенсіённы ўзрост. Мікалай Корбут і Яўгенія Леус знайшлі цікавую форму правядзення традыцыйнага вечара-партрэта. А напрыканцы сустрэчы ўсім было вельмі прыемна пачуць словы падзякі ад віноўнікаў урачыстасці.
Тры прыгожыя і таленавітыя мужчыны: аграном Сяргей Столяр, загадчык майстэрні Аляксей Адруханян, механізатар ААТ “Праснакі” Сяргей Ганчарык прынялі ўдзел у конкурснай праграме “Эх, ты, удаль молодецкая!”. Гледачы ад душы апладзіравалі кожнаму ўдзельніку, падтрымлівалі іх у конкурсах па тэме пасяўной кампаніі і іншых сельгасработ. Сапраўдным упрыгажэннем праграмы сталі вершы пра кожнага ўдзельніка конкурсу, напісаныя мясцовай паэткай Аксанай Ганчарык.
Пасля прагляду мерапрыемстваў адбылося іх абмеркаванне, былі дадзены слушныя метадычныя парады па падрыхтоўцы і арганізацыі адпачынку работнікаў сельгаспрадпрыемстваў.
Любоў ГАЛУБОВІЧ,
загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы РЦК
Комментарии