Спадзяёмся, кожны капылянін ведае, што на тэрыторыі аг. Мажа знаходзіцца раённы цэнтр традыцыйнай культуры, дзейнасць якога накіравана на захаваннеі развіццё традыцыйнага мастацтва па асноўных відах і жанрах, арганізацыю і правядзенне традыцыйных святаў і абрадаў, заняткі рамёствамі.
Асноўнай формай работы ўстановы з’яўляецца выставачная дзейнасць узораў народнай творчасці. Самі майстры становяцца актыўнымі ўдзельнікамі правядзення мерапрыемстваў і з задавальненнем прымаюць прапановы прадэманстраваць свае вырабы на майстар-класах. Акрамя таго, умельцы Капыльшчыны прымаюць удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх святах. Дзверы РЦТК заўсёды адчынены для наведвальнікаў, якімі з’яўляюцца жыхары аграгарадка Мажа, навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і пачатковай школы.
У дэманстрацыйнай зале на працягу кожнага месяца змяняюцца выставы ўзораў розных відаў народнага мастацтва. Вельмі прыемна, што любоў да народных традыцый, культуры жыве ў сэрцах маладога пакалення. Такім чынам, цэнтр традыцыйнай культуры садзейнічае падтрымцы творчых талентаў і прапагандзе іх творчай дзейнасці.
З поспехам прайшла выстава твораў выяўленчага мастацтва навучэнцаў ДШМ г. Капыля і аграгарадка Цімкавічы. Хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагалі настаўнікі Алена Ігнатчык, Алена Бельская, Святлана Швайбовіч, Святлана Сямашка, Мілана Мароз, якія і самі з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага клуба майстроў “Скарбонка”.
На працягу года штодзённа ўсе жадаючыя маюць магчымасць наведаць выставы народнай творчасці майстроў раёна. Зараз свае творы прадстаўляюць умельцы Бучацінскага сельсавета па такіх традыцыйных відах мастацтва, як ткацтва, вышыўка гладдзю, разьба па дрэве і бісерапляценне.
Запрашаем усіх прыхільнікаў мастацтва наведаць цэнтр традыцыйнай культуры. Там вы зможаце ўбачыць фантазію пачуццяў, дакрануцца да таго вечнага, што складае каларыт мясцовай культуры, стаць сведкамі невычарпальнага народнага таленту.
Вольга Даманская,
супрацоўніца РЦТК.
На здымку: вырабы з прыродных матэрыялаў.
Фота аўтара
Комментарии