Аднымі з першых на Капыльшчыне адзначаць Масленіцу пачалі жыхары аграгарадка Лясное
Да іх увагі работнікамі мясцовых і навакольных устаноў культуры была прапанавана святочная праграма “Масленічныя забавы”. Самыя актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Лясноўскага, Лоцвінскага сельскіх Дамоў культуры і дырэктар Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, якое, вядома ж, было прысвечана развітанню з Зімой і сустрэчы з Вясной. Менавіта гэтыя персанажы былі аднымі з галоўных. А яшчэ ім дапамагалі Скамарохі, Вяснянкі, Памочнікі Зімы, Суседкі, Гаспадыня і Зяць. Тут можна было даведацца і пра гісторыю свята, прыняць удзел у разнастайных віктарынах, конкурсах, а лоцвінскія артысты па-заліхвацку спявалі і запрашалі танцаваць. Безумоўна, не абышлося без сустрэчы пудзіла Саламянай Масленіцы і без частавання блінамі.
На пляцоўцы каля Дома культуры таксама былі накрыты сталы са шматлікімі прысмакамі. А своеасаблівай грашовай адзінкай на свяце было выкананне песні, танца, вершыка. Адна з гаспадынек так званай палявой кухні, бібліятэкар Лясноўскай сельскай бібліятэкі Святлана Лазарава, запрашае да сябе і расказвае: “Мы непасрэдныя ўдзельнікі святочнага дзейства. Ля нашых сталоў можна пачаставацца гарачым чаем з лекавых траў, які ратуе ад золкага надвор’я. Таксама прапануем шмат бліноў з рознай начынкай, дамашнюю выпечку. Як і ўсе, стараемся ствараць вясёлы, святочны настрой”.
А якія ж Масленічныя забавы без атракцыёнаў і гульнёвых пляцовак?! Шчасліўчыкі змаглі ўзабрацца на “Ледзяны слуп” і дастаць адтуль прыз. Удача ўсміхалася і тым, хто лавіў імправізаваную “рыбку” ў так званым вадаёме, паказваў сваю трапнасць у даставанні чыгунчыка з “печкі” і ў кіданні кольцаў, выйграваў прызы ў бяспройгрышнай латарэі. Мінчанка Наталля Алішэвіч не магла ўтрымацца, каб не адзначыць: “Я нарадзілася ў Лясным, тут закончыла школу. А на выхадныя прыехала да сваіх бацькоў. Свята вельмі спадабалася. Разам з дзіцем прымала ўдзел у забавах, танцавала, частавалася гарачым чаем з блінамі. Сустрэлася з многімі землякамі, сябрамі. Атмасфера – цудоўная, нічым не горш, чым у горадзе”.
“Вялікую падтрымку ў правя-дзенні мерапрыемства аказалі адміністрацыя і прафсаюзны камітэт КСУП “С “Лясное”, — падкрэсліла дырэктар Лясноўскага СДК Людміла Піліпчык. — За іх спонсарскія сродкі былі набыты прызы для правядзення конкурсаў. А яшчэ хацелася б па-дзякаваць сваім калегам з Пясочнага і асабліва ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці Лоцвінскага СДК за непасрэдны ўдзел у нашым свяце і іх цудоўны настрой”.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Падчас свята
Комментарии