Сем выхаванцаў дзяржаўнай установы адукацыі “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў” напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь атрымалі галоўны дакумент — пашпарт.

Цырымонія ўручэння адбылася ў актавай зале, дзе сабраліся выхаванцы і педагогі гэтай установы адукацыі. На ўрачыстае мерапрыемства да іх прыбылі ганаровыя госці — начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінаблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Багрыцэвіч, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Капыльскага РАУС маёр міліцыі Алег Осіпаў і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў.
Што такое Канстытуцыя, якія асноўныя атрыбуты дзяржавы існуюць у нас, правы і абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — на гэтыя важныя пытанні вядучых мерапрыемства з лёгкасцю адказалі Дзмітрый Дудко, Арцём Арцёменка, Дар’я Ціценянкова, Ілля Пашкоўскі, Святлана Казырыцкая, Яўген Філіпаў і Дзмітрый Кожыч. Ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі свой галоўны дакумент з рук Аляксандра Багрыцэвіча і Алега Осіпава, а Аляксей Загорцаў уручыў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, памятныя сувеніры з сімволікай маладзёжнага саюза.
Пуцёўка ў далейшае жыццё зараз у руках юнакоў і дзяўчат. З гэтага дня школьнікі афіцыйна лічацца грамадзянамі Беларусі. А значыць, і ступень адказнасці для іх стала большай.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии