У вучэбным цэнтры Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у г. Заслаўлі прайшоў сумесны семінар-практыкум выратавальнікаў і журналістаў сталічнай вобласці.
Прадухіленне надзвычайных сітуацый, аператыўнае і аб’ектыўнае інфармаванне жыхароў пра падзеі, фарміраванне культуры бяспекі магчымы пры цеснай падтрымцы з боку сродкаў масавай інфармацыі. Таму спосабы, формы і метады сумеснай работы былі абмеркаваны падчас семінара прадстаўнікамі раённых і абласной газет, мясцовага радыё, радыёстанцыі “Мінская хваля” і супрацоўнікамі абласнога ўпраўлення МНС.
Увогуле падзяліцца было чым. Вядома, што органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях сталічнай вобласці, акрамя баявых выездаў, выконваюць шэраг іншых актуальных задач. І гэта не толькі работа з насельніцтвам у жыллёвым сектары, выхаваўчая работа з падрастаючым пакаленнем. Таксама яны выступаюць у ролі органа паўсядзённага кіравання абласной падсістэмай дзяржаўнай сістэмы прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, актыўна займаюцца спортам. У гэтым прадстаўнікі творчай прафесіі змаглі пераканацца самі падчас паказальных выступленняў выратавальнікаў па ліквідацыі некаторых НС. А яшчэ журналісты на пэўны час змаглі змяніць прафесію: пераапрануцца ў спецыяльную пажарную форму і з дапамогай вогнетушыцеля ўхіліць узгаранне.
Памочнік начальніка, прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Настасся Клебан звярнула ўвагу прысутных на праблематыку артыкулаў па нагляднай дзейнасці, іх выніковасць, форму падачы, а таксама на стварэнне сумесных рубрык і старонак.
Па меркаванні старшыні Мінскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў”, галоўнага рэдактара абласной газеты “Мінская праўда” Мікалая Літвінава адной з асноўных мэт семінара стала паляпшэнне сумеснай работы, павышэнне яе эфектыўнасці, а таксама фарміраванне бяспечнага ладу жыцця.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии