41
Работы не павiнны спыняцца нi на дзень
12.03.2013
На нарадзе з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый Капыльшчыны, якая адбылася ў пачатку гэтага тыдня, старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня строга запатрабаваў прыкласці ўсе намаганні, каб работы па мадэрнізацыі малочнатаварных фермаў у раёне не спыняліся ні на дзень. Толькі так можна выканаць даручэнне Прэзідэнта аб уводзе ў дзеянне ўсіх такіх аб’ектаў да 1 кастрычніка бягучага года. І менавіта кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў разам са старшынёй райвыканкама нясуць персанальную адказнасць за рэалізацыю пастаўленай задачы.
Анатоль Іосіфавіч адзначыў, што сёння ў раёне ідуць работы па будаўніцтве 14 сучасных даільна-малочных блокаў. “І калі задуманае здзейсніцца, гэта будзе своеасаблівы прарыў у малочнай жывёлагадоўлі Капыльшчыны”, — адзначыў кіраўнік раёна. Тым не менш, не ўсюды справы ідуць так, як гэта патрабуецца. У якасці прыкладу добрай арганізацыі працэсу Анатоль Іосіфавіч прывёў ЗАТ “Жыліхава”: “Тут і кіраўнік на сваім месцы і работай займаецца”.
Не менш важным застаецца яшчэ адно пытанне — вытворчасць малака. Пакуль жывёлаводам раёна ніяк не ўдаецца справіцца з пастаўленай задачай: па выніках першых двух месяцаў года ўдалося дасягнуць толькі 98,5% да плана. Каб ліквідаваць адставанне, неабходна ў сакавіку мець паказчык не менш за 103—104%. Для гэтага ўпраўленнем райсельгасхарчу для кожнай гаспадаркі было распрацавана заданне па штодзённым прыросце прадукцыі да ўзроўню мінулага года. За яго выкананне ў адказе не толькі кіраўнік і зоаветслужба, але і астатнія спецыялісты гаспадарак, якія павінны быць замацаваны за ўсімі фермамі. “Я патрабую, каб на кожнай ферме ўсе 24 гадзіны ў суткі быў парадак, — звярнуўся да прысутных Анатоль Жданеня. — Вы павінны завезці неабходныя дабаўкі — камбікорм, патаку, шрот, раскісляльнікі — і строга сачыць за ўвядзеннем іх у рацыён жывёлы”.
Гаварылася падчас нарады і пра ўзнаўленне статкаў, якое мае вялікае значэнне для павелічэння вытворчасці малака, а таксама рэалізацыю атрыманай прадукцыі. “Трэба ўмець ставіць перад сабою задачы і дакладна іх выконваць”, — падвёў рысу пад вышэйсказаным кіраўнік раёна, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
Маргарыта САКОВІЧ
Поделиться
Комментарии