Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Букет для Таццяны Каленчыц

11.03.2013
Па вуліцы Лугавой у Капылі знаходзіцца дом сямейнага тыпу, дзе, абагрэтыя любоўю мамы Таццяны Каленчыц, у добразычлівай абстаноўцы жывуць двое сваіх і 11 прыёмных дзяцей. Калі ўзгадаць вядомы выраз: “Дзеці — кветкі жыцця”, тады атрымліваецца, што ў Таццяны Міхайлаўны іх цэлы букет — 6 дзяўчынак і 7 хлопчыкаў. Нягледзячы на тое, што дзеці маюць розны ўзрост (самай малодшай Аляксандры – адзін год і восем месяцаў, а самым старэйшым Хрысціне і Сяргею  па 15 гадоў), ва ўтульным двухпавярховым катэджы заўсёды пануюць сяброўства, дабрыня,  узаемавыручка  і ўзаемапавага. Усё гэта дзякуючы разуменню сваёй ролі кожным членам вялікай сям’і. Безумоўна, старэйшыя дзеці — першыя надзейныя памочнікі: і пагуляць, і ўрокі вывучыць з малодшымі, дапамагчы матулі навесці парадак  у доме ці прыгатаваць вячэру, а пасля памыць посуд… Гледзячы на сваіх больш дарослых брацікаў і сястрычак, спасцігаюць гэтыя “хітрыя навукі” і самыя маленькія. Неацэнную дапамогу Таццяне Міхайлаўне аказваюць дзеці і ў вясновы час: на прысядзібным участку трэба агародніну пасадзіць і, што немалаважна, пасля прапалоць. Разам заўсёды любая работа  ідзе  спорна.  Аднак сям’я не толькі добра працуе, але  і  выдатна   адпачывае. Узімку ўсе разам любяць паездзіць на лыжах у зоне адпачынку ці наведаць гарадскі каток, каб пакатацца на каньках. Цёплымі вясновымі і летнімі днямі часта выходзяць у лес на пікнік. А нядаўна ў сям’і Таццяны Каленчыц з’явілася і вельмі “смачнае” хобі: на злёце перадавікоў ад сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю “БетонБокс” гаспадыня атрымала падарунак — хлебапечку. Цяпер сваіх дзяцей матуля заўсёды балуе свежай і духмянай выпечкай. Не памылюся, калі скажу, што светлым вясновым днём — 8 сакавіка, Таццяна Міхайлаўна пачуе шмат цёплых віншаванняў са святам, а галоўным падарункам для яе стане букет шчаслівых усмешак дзяцей. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей