У гутарковай мове могуць выкарыстоўвацца сінонімы да слова «бабуля» – «ба», «бабця» і іншыя.
Адразу заўважу, што вельмі многае на зямлі Бацькаўшчыны пачынаецца з прыказкі: хто бабе не ўнук? І вельмі дрэнна, што ёсць такія хлопчыкі, якія яшчэ з маленства пачынаюць не шанаваць сваіх бабуль. У старажытнасці нават каменных баб выраблялі – статуі з каменю. Такімі ж халоднымі былі, мусіць, і сэрцы гэтых майстроў… Сёння, у ХХІ стагоддзі, многія з нас усё яшчэ лепяць снегавых баб, якія адразу растаюць ад шчодрага сонейка. Але так не хочацца, каб унукі абыякава ставіліся да сваіх бабуль, каб раставала любоў і павага нашчадкаў да старэйшых прадстаўніц свайго роду!..
Праз стагоддзі да нас дайшлі розныя бабы. Маленства падаравала нам Бабу-Ягу з казак – злую вядзьмарку. Затым сустракаліся ўжо ў жыцці агонь-бабы, бой-бабы, хват-бабы – ну надта энергічныя жанчыны, мажныя, з задзірыстым характарам, заўзятыя ў працы. Шмат і базарных баб, нават сярод мужыкоў – сварлівых, грубых. Адным словам, бабка надвае варажыла… Зямляне вынайшлі нават бабіна лета.
Бясспрэчна, што для многіх з нас найлепшай бабай жыцця стала родная бабуля. Бабулька. Дзякуй вам, бабулькі-сонейкі зямлі роднай!
Менавіта бабулі, як, дарэчы, і дзядулі, з’яўляюцца важным духоўным складнікам пашыранай сям’і. У традыцыйнай культуры бабулі маюць выразную ролю, якая выяўляецца ў іх доглядзе за малодшымі дзецьмі ў сям’і. У тых выпадках, калі бацькі не могуць забяспечыць належны догляд за сваімі дзецьмі, бабулі і дзядулі могуць узяць на сябе ролю апекуноў або суправаджальнікаў. Так, у Іспаніі, штогод, пачынаючы з 1998 года, 26 ліпеня адзначаецца Дзень бабулі і дзядулі. Чаму б гэтае свята не пераняць нам, беларусам?
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
краязнаўца г. Віцебск
Комментарии